Фотагалерэя ксяндза-кардынала Казіміра Свёнтэка, які адзначыў 95-годдзе
21 кастрычніка адзначае 95-годдзе апостальскі адміністратар Пінскай епархіі, ксёндз-кардынал Казімір Свёнтэк — адзін з найстарэйшых і паважаных каталіцкіх іерархаў, першы ў Беларусі пасля 1798 года кардынал, піша БелаПАН.
У дзень свайго нараджэння ксёндз-кардынал узначаліць святую імшу ў пінскім кафедральным саборы Успення Найсвяцейшай Панны Марыі. Разам з ім літургію будуць служыць святары Пінскай епархіі.
Пасля Еўхарыстыі іерарх і ўсе прысутныя накіруюцца да труны блажэннага біскупа Зігмунда Лазінскага. Менавіта тут, каля труны біскупа, у 1933 годзе выпускнік гімназіі Казімір Свёнтэк зразумеў, што яго прызванне — стаць святаром.
Казімір Свёнтэк карыстаецца заслужанай павагай ва ўсім каталіцкім свеце. Дзяржсакратар папы рымскага Бенедыкта XVI кардынал Тарчызіо Бертоне паведаміў СМІ Ватыкана пасля завяршэння свайго візіту ў Беларусі ў чэрвені 2008 года, што гэтая паездка ў яго асацыіруецца з вобразам Казіміра Свёнтэка. "Над усімі дамінуе вобраз гэтага "вялікага старца", які зазнаў столькі пакут у сваім жыцці", — сказаў ён. Паводле слоў дзяржсакратара папы, кардынал Свёнтэк застаецца для яго "непахісным сведкам нязломнай веры і гісторыі веры, якая жыве".
"За ўсё ў жыцці я ўдзячны Богу, і ўсім жадаю шчасця ў Богу" — так закончыў прамову аб сваім жыцці Казімір Свёнтэк на святкаванні 70-годдзя яго свяшчэнства ў Пінскай кафедры ў красавіку 2009 года.