У Ярмошынай родная мова расійская, у Кебіча – “і тая, і другая”

Источник материала:  
21.10.2009 12:18 — Новости Общества
Мы запыталіся вядомых у Беларусі асобаў, як яны адказалі на пытаньні перапісу пра мову.

Акторка Купалаўскага тэатру Сьвятлана Зелянкоўская не была дома, калі прыходзілі перапісчыкі, за яе адказвала дачка. Як апавяла “Свабодзе” Сьвятлана, дачка сказала, што маці валодае трыма мовамі – ангельскай, беларускай і расейскай. А яе роднай мовай, Сьвятлана перакананая, дачка назвала беларускай. Нагадаем, што Сьвятлана Зелянкоўская напярэдадні перапісу насельніцтва падпісалася пад зваротам да беларусаў групы культурных і грамадзкіх дзеячоў з заклікам назваць роднай мовай беларускую.

Да ксяндза-магістра і пробашча касьцёлу сьвятых Сымона і Алены Ўладыслава Завальнюка перапісчыкі яшчэ не прыходзілі, але ён запэўніў Радыё Свабода, што назаве роднай мовай толькі беларускую.

Вячаслаў Кебіч на пытаньне “Свабоды”, якую мову падчас перапісу вы назвалі роднай, адказаў – “і тут, і другую”. І ўдакладніў, першай назваў беларускую.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін: “Назваў роднымі абедзьве мовы – і беларускую, і расейскую”.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына падчас перапісу назвала роднай мовай расейскую, На пытаньне "На якой мове звычайна размаўляеце дома?” адказала: “Гэтаксама на расейскай. Гэта цалкам лягічна, я на расейскай мове і думаю”.

Першы сакратар Цэнтральнага камітэту кампартыі Беларусі (1987-1990) Яфрэм Сакалоў назваў роднай мовай беларускую. “А якую яшчэ? Я ў роднай Беларусі нарадзіўся, вырас пад чырвоным сьцягам, толькі беларуская мова – родная”.

←Ксяндзу-кардыналу Казіміру Свёнтку – 95 год

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика