Беларусь будзе здабываць Еўропу змяінай атрутай

Источник материала:  
20.10.2009 07:52 — Новости Общества
Нашая краіна прадставіць на еўрапейскім рынку і іншыя незвычайныя тавары — слімакоў, жабіны кумпячкі, салому і камяні.

Беларускія слімакі карыстаюцца папулярнасцю за мяжой ужо больш за 5 гадоў. Паводле дадзеных “Інтэрфакса”, толькі ўва Францыю штогод мы пастаўляем каля 100 тон гэтых малюскаў па цане прыкладна 7 долараў за кілаграм.

Зарабіць на слімаках можа кожны ахвотны, паведаміла нам кіраўніца Спецінспекцыі дзяржкантролю па выкарыстанні і ахове жывёльнага свету Наталля Мінчанка:

“Кожны жадаючы можа ў суткі сабраць да 100 кг без усялякіх дазволаў, без нічога. То бок калі вы хочаце, ведаеце месцы, дзе гэта, то можаце пайсці і сабраць”.

А вось фірмам ды прадпрыемствам, каб збіраць слімакоў, патрэбны спецыяльны дазвол. Таму звычайна яны проста купляюць бруханогіх у насельніцтва.

У Мінпрыроды ўпэўненыя, што Беларусь можа добра зарабіць і на іншых прадстаўніках жывёльнага свету. Магчыма, што неўзабаве мы будзем гандляваць з Еўропай змяінай атрутай ды жабінымі кумпячкамі.

Наталля Мінчанка: “Зараз абмяркоўваецца пытанне наконт змяінай атруты і жабіных кумпячкоў. Але пакуль толькі на пачатковай стадыі”.

Ёсць у нашым запасе і іншыя вынаходніцтвы. Рэгіёны, напрыклад, прапануюць замежным партнёрам новае экалагічнае паліва — салому. Першую яго тону ўжо набыў у Свіслацкім раёне інвестар з Мінскай вобласці, пахваліўся нам старшыня райвыканкама Алег Таргонскі:

“Першую партыю мы ўжо прадалі па цане 90 долараў 90 цэнтаў за тону, але такая цана мяне пакуль не задавальняе. Мы ставім пытанне не менш за 90 еўра”.

Сам Таргонскі зараз шукае еўрапейскіх пакупнікоў для іншага мясцовага тавару — камянёў. Праўда, навошта Еўропе беларускія камяні, мы так і не даведаліся. Сваю ідэю старшыня райвыканкама пакуль трымае ў таямніцы, каб іншыя не ўкралі.

Бачыць у камянях перспектыву і дырэктар гродзенскага прадпрыемства “Белкард”, на якім сканструявалі першую айчынную машыну для іх збору. На думку Віктара Краўчанкі, для некаторых еўрапейскіх краін прывезці камяні з Беларусі танней, чым здабываць у сябе. А раздробленыя камяні можна выкарыстоўваць як будаўнічыя матэрыялы — шчэбень ці жвір.

Віктар Краўчанка: “Дзесьці ёсць каменедрабільны завод, у якога няма сыравіны. Ёсць недзе скалы, горныя пароды. Там трэба прыкладаць дадатковыя намаганні, каб спачатку адарваць кавалак каменю ад маналіту, а потым яго драбіць”.

Можна было б перапрацоўваць камяні і ў Беларусі, аднак пакуль у нас няма такіх прадпрыемстваў. Затое айчынная каменезбіральная машына карыстаецца вельмі вялікім попытам. Пакуль адзіны яе асобнік праходзіць выпрабаванні ў полі, набыць машыну хоча ўсё больш прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці.

←КГБ И МВД взяли в оборот немецкого бизнесмена

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика