Дзень хрышчэння

Источник материала:  
17.10.2009

Дзень хрышчэння дзіцяці для сям’і і сваякоў быў асаблівым. Думка аб тым, што немаўлятка ўпершыню з’явіцца ў храме і прадстане перад Богам, быццам бы акрыляла і настройвала ўсіх прысутных на ўзнёслы лад і настрой. У беларускай народнай традыцыі існаваў шэраг правіл, забаронаў і рэгламентацый, якія тычыліся гэтай сямейнай урачыстасці.

У дзень хрышчэння дзіцяці нельга займацца бруднай і цяжкай працай у агародзе або ў садзе,  забіваць хатнюю птушку або жывёлу, секчы дровы, мыць бялізну, шыць, вязаць, прасці і г.д. Усякую хатнюю працу варта зрабіць загадзя або па магчымасці адкласці на іншы дзень. Каб дзіця было шчаслівым, удачлівым, багатым, каб у яго было шмат сяброў, у гэты дзень добра лічыць грошы, якія ёсць у хаце,  частаваць людзей пірагамі, падаваць міласціну, зрабіць ахвяраванне храму (грошы або прадукты для выпечкі прасвірак) і іншыя добрыя справы. У дзень хрэсьбін не дапускаліся ніякія сваркі паміж сваякамі.Паралельна з хрышчэннем як царкоўным  абрадам пасвячэння нованароджанага ў хрысціянскую веру, у гэты ж дзень у хаце праводзілі народны рытуал пасвячэння дзіцяці ў склад сваёй сям’і — хрэсьбіны, або радзіны. Перад тым як ехаць у царкву, дзіця купалі, апраналі яго ва ўсё белае, перавязвалі чырвоным поясам-абярэгам і тройчы па сонцы абносілі вакол стала, каб яно любіла бацькоў і родную хату. На стале ляжалі хлеб-соль. Затым дзіця перадавалі хросным бацькам са словамі: “Бярыце нехрышчонае, а прывязіце пасвячонае” або “Даем вам народжанае, а нам прынясіце хрышчонае”. Бацькі благаслаўлялі дзіця хлебам-соллю. Кум і кума цалавалі хлеб і тройчы кланяліся бацькам.

У дарогу кумы бралі хлеб, соль, іншыя прадукты, каб іх хроснік заўсёды быў, як гаворыцца, і з хлебам, і з соллю.Калі ў дзень хрышчэння ішоў дождж або снег, гэта лічылася добрым знакам.Падчас хрышчэння дзіцяці родныя бацькі ў храме не прысутнічаюць. Хрышчэнне — гэта духоўнае нараджэнне, таму яны саступаюць сваё  месца духоўным бацькам — кумам. Пакуль у царкве здзяйснялася таінства хрышчэння, у хаце рыхтаваўся святочны стол, які заўсёды завяршаўся “бабінай кашай”. Кашу варыла бабка-павітуха (сёння яе ролю можа выконваць бабуля немаўляці). Перш чым паставіць яе на стол, яна прасіла за яе выкуп. Госці пачыналі актыўна гандляваць, але верх заўсёды быў за хроснымі бацькамі. Хросны бацька павінен быў так паставіць гліняны гаршчок на стол, каб той раскалоўся на некалькі частак. Пасля гэтага кожны з прысутных за сталом браў па лыжцы  смачнай і салодкай кашы.Заканчваўся абед абменам падарункамі паміж кумамі і бацькамі хрэсніка. А затым да ўсеагульнай радасці гасцей кумы павінны былі тройчы пацалавацца.

←Кругом серость и скука

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика