Іграць мы п'есу былi рады...
Наша кiно
Любiмая некалькiмi пакаленнямi гледачоў "беларусьфiльмаўская" казка "Не пакiдай!.." адзначыла 20-гадовы юбiлей. На жаль, без галоўнага героя
Ззнакамiтага кiнаказачнiка "Беларусьфiльма", рэжысёра Леанiда Нячаева, што нi кiнастужка — то асобная гiсторыя i нагода для артыкула. Але з усiх работ сам рэжысёр вылучае менавiта гэту, двухсерыйны фiльм-казку "Не пакiдай!.." паводле п'есы Уiльяма Тэкерэя "Кольца i ружа, або гiсторыя прынца Абалду i прынца Перэкарыля". Цудоўна пераказаная гiсторыя, адначасова рамантычная, iранiчная i павучальная, зорны акцёрскi састаў — Лiдзiя Федасеева-Шукшына, Вячаслаў Нявiнны, Альберт Фiлозаў, запамiнальныя песнi з "дысiдэнцкiм" падтэкстам — вось не поўны пералiк прычын, чаму гэты фiльм любяць i гледачы. Самыя адданыя прыхiльнiкi ведаюць: сёлета ў "Не пакiдай!.." круглая дата. ...Але мала хто ведае, што гэтай карцiны магло ўвогуле не быць. "Сцэнарый праходзiў складана — былi сумневы ў тым, што карцiна знойдзе сваю аўдыторыю: для маленькiх дзяцей яна занадта дарослая, а для дарослых — занадта "дзiцячая", — узгадвае загадчык кафедры кiнатэлеаператарства Акадэміі мастацтваў Анастасiя Суханава, якая была аператарам-пастаноўшчыкам фiльма. — Тым не менш, аўтар сцэнарыя Георгiй Палонскi патрапiў у драматургiю такiм чынам, што атрымалася кiно для ўсiх".Месца для казкi— Каштарыс фiльма быў вельмi невялiкi, на тэлевiзiйныя карцiны адпускалi мала грошай. На 2 серыi "Не пакiдай!.." выдзелiлi 300 тысяч рублёў, i нi капейкi не павiнна было прапасцi дарэмна. Пры тым выпрацоўку на "Тэлефiльме" патрабавалi вялiкую — у дзень трэба было выдаваць 3 хвiлiны экраннага часу, у той час як гульнявое кiно выдавала ўсяго 1 хвiлiну. Таму мы з Леанiдам Аляксеевiчам пачалi з таго, што вельмi старанна адбiралi натуру — фактычна аб'ехалi Эстонiю, Латвiю, Лiтву, Беларусь, Украiну, Малдавiю... Шукалi сапраўдны казачны палац, перагледзелi ўсе палацы, дзе ўжо здымалася кiно — але не хацелася рабiць там, дзе ўжо штосьцi было. Нарэшце, у Мукачава (Заходняя Украiна, пад Львовам) знайшлi санаторый, якi падыходзiў i вонкава, i па паркавай архiтэктуры. Натуральна, вялiкае значэнне мелi дэкарацыi, паколькi ў нас было мала сродкаў. Вырашылi пабудаваць унiверсальную дэкарацыю на кiнастудыi "Беларусьфiльм", яна была двухпавярховая. З яе дапамогай сталоўку мiнiмальнымi сродкамi мы трансфармавалi ў пакоi караля, вонкавую сцяну выкарыстоўвалi ў якасцi калiдора.
— Пры зададзеным тэмпе, напэўна, даводзiлася эканомiць i на плёнцы? Або здаралася ўсё ж, што адну сцэну пераздымалi дзесяць дубляў?
— Не, у нас i акцёры ведалi, што рабiць, i рэжысёр ведаў, што рабiць, атрымлiваўся зладжаны ансамбль. Я не помню, каб мы здымалi больш за два дублi. Калi Нячаеў знайшоў Iгарка (Iгар Красавiн — прынц Патрык) у мiнскiм метро, той спачатку нiчога не ўмеў рабiць, але паступова з кожным кадрам мы стварылi з яго нямога прынца Патрыка. Безумоўна, з непрафесiйным акцёрам было даволi складана працаваць, i яму самому вiдавочна не хапала майстэрства, але ён стараўся — браў урокi фехтавання, а каб стварыць патрэбны градус хвалявання, часам бегаў вакол дэкарацый, пакуль не задыхаецца. I тым не менш, ён упiсаўся ў акцёрскi ансамбль, нiхто не ставiўся да яго паблажлiва. А вобраз прынца атрымаўся — нечаканы, вельмi светлы i, мне здаецца, па-сапраўднаму казачны.
Яшчэ адным адкрыццём фiльма стаў замежны прынц Пенап'ю — абаяльнага Арцёма Тынкасава, якi тады працаваў у разанскiм тэатры, рэжысёр сустрэў выпадкова на iншых здымках i зацвердзiў без пробаў.
Таксама паўнапраўнымi ўдзельнiкамi карцiны былi лялькi, якiх адмыслова зрабiлi на заказ, "спiсаўшы" вобразы з занятых у фiльме акцёраў. Праўда, цяпер за даўнасцю гадоў нiхто не ведае далейшага лёсу тых лялек, як i касцюмаў, i элементаў дэкарацый. У 90-я гады кiнастудыя "Беларусьфiльм" увогуле знаходзiлася ў жаласным стане, вытворчасць скарацiлася з 34 фiльмаў да 2 у год, многiя творцы не вытрымалi i сышлi з кiно — каму ж была справа да нейкiх лялек?
Знакамiтая фiнальная сцэна ў "Не пакiдай!.." — блакiтная ружа, якая на вачах ва ўсiх паступова ператвараецца ў чырвоную, — знятая "жыўцом" цягам 4 гадзiн. Актрыса, дакладней, дублёрка, увесь гэты час цярплiва ляжала на лесвiцы. Гэта цяпер для ўсiх звычныя камп'ютарныя спецэфекты, а тады быў сапраўдны цуд. I каб захаваць яго настрой, фiнал у казцы памянялi, зрабiлi адкрытым. Першапачаткова ўсё завяршалася сумна, гераiня памiрала; у канчатковай версii фiльма кожны бачыць сваё.
Усё па-сапраўднаму
За поспех або правал фiльма гледачы i крытыкi перш за ўсё даюць прыкурыць рэжысёру — хоць бачым мы кiнакарцiнку перш за ўсё вачыма аператара. Анастасiя Суханава i цяпер, праз 20 гадоў, без запiнкi можа пералiчыць любiмыя сцэны — i тыя, дзе можна было б зрабiць лепш:
— Мне падабаецца сцэна ў бiблiятэцы на пачатку фiльма. Там быў вельмi складаны аб'ект — хацелася, каб было рамантычна, усё свяцiлася, каб паветра пранiзвалi промнi святла... Але, на жаль, плёнка была малаадчувальная (здымалi мы, зразумела, на савецкай Шосткiнскай плёнцы), i хоць у мяне за гэтым маленькiм акном стаялi шэсць ДIГаў (дугавыя лямпы — Аўт.), але ўсё адно не хапiла. Надзвычай падабаецца мне сцэна дуэлi, знятая ў парку Мукачаўскага санаторыя. Сцэнай абрабавання я таксама задаволеная — у нас былi выдатныя каскадзёры, i Аляксандр Дзянiсаў (атаман разбойнiкаў — Аўт.) таксама да месца дзякуючы падабраным танцавальным кампазiцыям. I яшчэ таму, што там усё сапраўднае. У нас гэты жарабец Мiлорд, якога ўласна i скралi — чыстапародны, вельмi дарагi конь з Мукачава, каб з iм нешта здарылася, напэўна, мы ўсё жыццё не расплацiлiся б... Нячаеў увогуле любiць, каб было ўсё сапраўднае: калi парча — то парча, калi шоўк — то шоўк. У палацы мы тройчы перакрывалi лакам паркет дзеля аднаго кадра — каб карона ўпала на падлогу, як было задумана. Мы стаялi i чакалi, пакуль лак зацвярдзее да патрэбнай кандыцыi i можна будзе здымаць. Многае давялося здымаць з пляча, з рук. У турэмным падвале спуск з лесвiцы здымалi ў Талiне, а ў Львове, у манастыры кармелiтак, — самi падвальныя хады, нанюхалiся пылу i куродыму паходняў — а адзiнай крынiцай святла былi паходнi, разетак жа ў саборы няма.
Здымкi iшлi восенню, а ў кадры — лета, дзякуючы асвятленню i ўдала падабранай натуры. "Вельмi холадна было на здымках успамiнаў Патрыка пра востраў Галёначнай косткi, з чаго пачынаецца фiльм, — узгадвае Анастасiя Суханава. — Я здымала шматразовую экспазiцыю, хапала чыста тэхнiчных цяжкасцяў, а тут яшчэ гэты холад. I на другой экспазiцыi сам рэжысёр катаў мяне на саначках, каб зрабiць "вяртушку", якая ў вынiку атрымалася вельмi нават няблага. Потым у гарах мы здымалi вялiкую панараму, i вось там было надзвычай холадна, выпаў снег — на шчасце, яго не вiдаць у кадры, i акцёры ў карунках мужна рабiлi выгляд, што на вулiцы лета".
I ўсё-такi яго любяць
— Вельмi шкада, што ён дагэтуль не пераведзены ў лiчбавы фармат — магчыма, у Маскве i ёсць лiчбавая копiя, але тое, што я паказваю студэнтам, на жаль, перапiсана з тэлеэфiру, i якасць вымушае жадаць лепшага. Але студэнтам фiльм усё адно падабаецца. 17 гадоў я выкладаю, i кожны раз, калi паказваю гэту карцiну, яе вельмi цёпла прымаюць. Ад студэнтаў я i даведалася, што ў iнтэрнэце ёсць суполкi, фан-сайты, прысвечаныя фiльму "Не пакiдай!...".
Мне як гледачу вельмi не хапае цяпер такiх фiльмаў — тонкiх, пранiзлiвых, пяшчотных, якiя прымушаюць смяяцца i плакаць, а галоўнае, думаць. "I мне сёння нестае такiх казак, — пагаджаецца Анастасiя Суханава, — быць можа, казачнiкi прапалi? Iх жа не знойдзеш так проста, з гэтым трэба нарадзiцца".
Далёка не кожную карцiну памятаюць i любяць 20 гадоў, не кожная спрацоўвае як лакмусавая паперка для выяўлення "сваiх". У чым феномен фiльма? Аператар-пастаноўшчык адказвае проста: "Мы працавалi, не шкадуючы нi часу, нi сiл, каб зрабiць сапраўдную казку. Гэта атрымалася — напэўна, таму карцiна i засталася ў памяцi ў многiх. Магчыма, яе сiла — у яе прастаце, яснасцi i лагiчным аповедзе? Бо там усё дарэчы — прыгажосць фактуры i прыгажосць слова, музыка i танец...". Нячаева крытыкi неаднаразова ўпiкалi, маўляў, ён выкарыстоўвае песенна-танцавальныя схемы iндыйскага кiно — але насамрэч ён рабiў якасныя мюзiклы, прычым задоўга да таго, як у нас гэта стала называцца мюзiкламi.
Герой без рамана
У 1989-м, паводле афiцыйнага рэйтынгу папулярнасцi часопiса "Савецкi экран", мiнскi юнак Iгар Красавiн займаў 2-е месца, саступаючы толькi Дзмiтрыю Харацьяну. Па ўсенароднай любовi непрафесiйны акцёр-дэбютант абышоў тады шмат знакамiтасцяў, у тым лiку Уладзiмiра Праснякова-малодшага, Леанiда Ярмольнiка i Аляксандра Збруева.
З гэтага магла пачацца класiчная "зорная хвароба" або ашаламляльная кар'ера ў кiно цi на тэлебачаннi, куды ўчарашняга школьнiка наперабой зазывалi. Не здарылася нi таго, нi другога. Першая роля так i засталася ў Iгара Красавiна адзiнай у жыццi — па адной версii, забаранiлi бацькi, па другой — не дазволiла здароўе... Насамрэч супраць выступала толькi мама, i канчатковае рашэнне наконт таго, кiм быць, Iгар прымаў самастойна. Так i застаўся ў Мiнску, скончыў полiтэхнiчную акадэмiю, працаваў машынiстам буравой устаноўкi ў будаўнiчай арганiзацыi. Актыўна займаўся плаваннем, выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту, але далей са спортам "не зраслося" з-за хваробы. Красавiн не заводзiў сяброўства з прыхiльнiкамi, нiколi не даваў iнтэрв'ю i саромеўся, калi яго пазнавалi на вулiцах. Лiчыў, што каханая жонка, любiмая дачка, добрыя сябры — гэта робiць чалавека шчаслiвым, а нiяк не мiфiчная слава.
Зрэшты, цяпер пра тыя медныя трубы спытаць няма ў каго — у жнiўнi гэтага года пасля кровазлiцця ў мозг Iгара Красавiна не стала. А 6-й ранiцы, 7 жнiўня 2009 года. Многiя ўбачылi ў гэтым амаль што мiстычнае наканаванне. А мы — нагоду яшчэ раз пагаварыць пра тую адзiную ролю, пра казку i рэальнасць...
Вольга Красавiна (гэту моцную i прыгожую жанчыну язык не паварочваецца назваць удавой), у якой практычна ўсе сваякi былi занятыя на вытворчасцi карцiны "Не пакiдай!..", пазнаёмiлася з мужам яшчэ да прэм'еры фiльма. I сцвярджае, што хваля славы нiяк не паўплывала на яго характар:
— На папулярнасцi Iгар нiколi не зацыклiваўся, яго гэта ўвогуле не турбавала. Я згодная з рэжысёрам Леанiдам Нячаевым — Iгар змог своечасова спынiцца, зразумець, што акцёрства — гэта не ягонае. Яму больш даспадобы быў спакойны лад жыцця. Мяне ўся гэта шумiха таксама не раздражняла, бо мы пажанiлiся праз 3,5 года пасля знаёмства, i ўсе тыя лiсты i званкi ад прыхiльнiц iшлi на ранейшы хатнi адрас — да бацькоў Iгара, а тыя перадавалi нам. Атрымлiваючы чарговы лiст, муж даваў мне яго чытаць. Некаторыя былi з пагрозамi скончыць жыццё самагубствам, калi не будзе адказу — але сустракалiся i вершы, i паэмы, прычым вельмi нават цiкавыя. Большасць прыхiльнiц усё ж такi былi адэкватнымi людзьмi.
У агульнай сяброўскай кампанii, дарэчы, Iгара Красавiна з любоўю называлi Прынцам. "Але зноў жа, не з-за фiльма, а з лёгкай рукi мужа маёй сяброўкi, — тлумачыць Вольга. — Iгар абсалютна не крыўдаваў. З цягам часу яго "павысiлi" да Цара". Дзецi ж успрымалi Красавiна без жартоўнага пiетэту, а як лепшага сябра — абляплялi яго з усiх бакоў i дзялiлiся сакрэтамi.
Пра здымкi Iгар узгадваў рэдка, ды i фiльм, калi яго паказвалi па ТБ, не глядзеў. Акрамя рэжысёра Леанiда Нячаева, стасункаў з кiношнiкамi таксама не падтрымлiваў — толькi ў 2004 годзе, падчас кiнафестывалю "Лiстапад", выпадкова сустрэўся на вулiцы з "прынцэсай Альбiнай" — Варварай Уладзiмiравай.
А вось жонка з дачкой Дашай, наадварот, заўжды з задавальненнем уключалi тэлевiзар; хоць у дзяцiнстве Даша доўга не магла паверыць, што гэта тата здымаўся ў казцы, — лiчыла, што яе разыгрываюць. Толькi потым прыйшло ўсведамленне — i нават жаданне самой далучыцца да свету кiно.
— Пасля таго, як Iгара не стала, мы з роднымi часта пераглядаем фiльм, i любiмы момант у iм цяпер — апошняя песня, "Не пакiдай". Бо калi Iгар трапiў у бальнiцу, ён пастаянна клiкаў мяне: "Оля, ты дзе? Не сыходзь, пабудзь побач са мной...". Увесь час нармальна ўспрымалася тое, што ў кiно Iгар гаворыць не сваiм голасам (з-за моцнага беларускага акцэнту агучваў ролю iншы чалавек — Аўт.), а цяпер гэтага не хапае.
— Як бы вы паставiлiся да таго, што Даша, закончыўшы школу, усё ж вырашыла б стаць актрысай?
— Адгаворваць не буду, гэта яе выбар. Мы ўжо цяпер пачынаем задумвацца — застаўся год вучобы, — якую прафесiю абраць, на якiя падрыхтоўчыя курсы пайсцi. Праскоквала i такое — можа, пайсцi ў тэатральнае? Але, мне здаецца, Даша больш схiльная да "зямной" спецыяльнасцi, магчыма, эканамiчнай.
У адным з жоўтых выданняў напiсалi: "Ён пайшоў ад нас, забыты ўсiмi, у 38 гадоў...".
— Гэта няпраўда! — Вольга не можа стрымаць абурэння. — Што значыць — забыты ўсiмi? Ва ўсякiм выпадку, намi ён не забыты. А што датычыцца прыхiльнiц, я лiчу, што iх вельмi многа, я раней нават не ўяўляла, колькi чалавек памятаюць фiльм i ролю Iгара. У iнтэрнэце бачыла каментарый: "Як вы можаце судзiць аб Iгары Красавiне як аб акцёры, ён жа так бяздарна сыграў", — i тут жа адказ iншых людзей: "А вы паспрабуйце так бяздарна сыграць, каб вас помнiлi 20 гадоў". Цяпер у мяне працоўны дзень пачынаецца з таго, што заходжу на фан-сайт фiльма "Не пакiдай!..", у суполку прыхiльнiкаў "УКантакце", чытаю каментарыi — i гэта падтрымка, хачу сказаць, дарагога вартая. Вельмi прыемна адчуваць, што Iгар жыве ў сэрцах.
На Маскоўскiя могiлкi, дзе пахаваны Iгар Красавiн, прыйшоў увесь яго клас...
Ад аўтара
Я вельмi даўно хацела напiсаць i пра гэты фiльм, i пра гэтага чалавека. Гэта, калi хочаце, своеасаблiвы доўг гонару. Перад тымi, хто захоўвае ў сабе дзяцiнства i здольны гаварыць праўду без блакiтнай ружы. Перад тымi, хто ўмее расказваць казкi, у якiя верыш i ведаеш, што дабро пераможа. Перад тымi, у чыёй памяцi жывуць прынцы i катрыншчыкi, любiмыя акцёры i крылатыя фразы. I перад тымi, хто застаецца ў нашых сэрцах — нават калi сыходзiць назаўжды. Светлая памяць драматургу Георгiю Палонскаму, паэту Леанiду Дзербянёву, акцёру Вячаславу Нявiннаму i цудоўнаму прынцу Iгару Красавiну.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.