У новым сезоне Зорных танцаў усе танцы — белыя

Источник материала:  

18 кастрычнiка 10 новых пар пачнуць барацьбу на паркеце

Танцавальнае шоу "Зорныя танцы-2" яго арганiзатар, Першы канал, ужо ахрысцiў "самым амбiцыйным праектам новага сезона". Вiдовiшча абяцаецца яркае, барацьба жорсткая, жарсцi нежартоўныя, танцы — прыгожыя i ўсе як на падбор белыя, бо ўдзельнiцамi гэтага праекта сталi 10 чароўных паненак, абраных сярод больш як 400 кандыдатак.

З мноства вядомых спявачак, актрыс, мадэляў i спартсменак пашчасцiла ўсяго некалькiм — спявачкам Алене Грышанавай, Уладзе, Прымаверы, Наталлi Тамела, Веранiцы Гардзiеўскай, Юлii Манькоўскай, Нiне Багданавай, гiмнасткам Наталлi Пальчэўскай i Злацiславе Нерсесьян, актрысе Яўгенii Буевай. Некалькi тыдняў таму дзяўчаты ў пары з прафесiйнымi танцорамi, адабранымi па кастынгу ў Беларускай федэрацыi танцавальнага спорту, прыступiлi да трэнiровак. Напярэдаднi першага тэлеэфiру "Звязда" зазiрнула за кулiсы праекта, каб даведацца, што яшчэ зменiцца ў "жаночым сезоне".

У новым сезоне Зорных танцаў усе танцы — белыяПа-першае, вядучыя — ацанiць жаночае хараство як след могуць толькi мужчыны, таму да стрыманага i "акадэмiчнага" Вiталя Макарэвiча ў пару прыйшоў разняволены i дасцiпны Павел Шастакоў. Хлопцы ўжо прыстралялiся адзiн да аднаго ў гастрольных канцэртах, якiя ўдзельнiкi першых "Зорных танцаў" сумесна з артыстамi Белдзяржцырка i зоркамi сусветных цыркаў далi па гарадах Беларусi.

Па-другое, сiстэма адзнак — калi раней суддзi выстаўлялi максiмум 6 балаў, то цяпер будзе 10-бальная сiстэма.

— А не здарыцца зноў так, што адразу, з першых шоу журы пачне выстаўляць максiмальныя балы, i ўсе пары акажуцца ў лiдарах?

— Такога не можа быць, — тлумачыць выканаўчы прадзюсар праекта Антон Пiменаў, — бо цяпер судзейства сумеснае — журы i гледачы. Раней на выбыванне намiнавалiся 2 пары, i гледачы выратоўвалi адну, а цяпер у намiнантах — абсалютна ўсе, i за ўсiх гледачы галасуюць. Хто набярэ больш за ўсiх галасоў, тым да балаў журы дабаўляецца 10 балаў, хто на другiм месцы — 9, i г.д. Хто набярэ менш за ўсiх, тая пара i выбывае.

Каб нiхто з удзельнiкаў не мог уздзейнiчаць на суддзяў i вымольваць адзнакi, вердыкт журы канкурсанты будуць выслухоўваць не ў студыi, а назiраць на экране ў асобным "зялёным пакойчыку".

Крыху зменiцца, дарэчы, i склад журы — акрамя старшынi Беларускай федэрацыi танцавальнага спорту Таццяны Бандарчук, у яго ўвойдзе загадчык кафедры харэаграфii Унiверсiтэта культуры Святлана Гуткоўская, намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Мартыненка, удзельнiкi першага сезона "Зорных танцаў". Яшчэ адно месца пакiдаецца вакантным для розных спецыяльна запрошаных "зорак".

Па-трэцяе — на радасць i зручнасць танцорам, у праекце будзе выкарыстоўвацца не пакрыццё з аргшкла, а сапраўдны паркет. Прычым, падкрэслiваюць арганiзатары, з-за гэтых выдаткаў "Зорныя танцы" не падаражэлi, i на касцюмах для ўдзельнiкаў эканомiць не давялося.

Да ўпаду. І яшчэ крыху

— На прамую, на сагнутую, на прамую, на сагнутую, i раз, i два, — яшчэ здалёк ад рэпетыцыйнай залы чуем распараджэннi харэографаў. Хоць сапраўдная барацьба яшчэ наперадзе, але ўдзельнiкi ўжо прадчуваюць адрэналiн, i да трэнiровак ставяцца выключна адказна. Тым больш, што выпадковых людзей на праекце няма — хто спрабаваў прабiцца яшчэ на першыя "Зорныя танцы", у каго добрая спартыўная загартоўка, у каго папярэднi танцавальны вопыт ёсць.

— Я 10 гадоў займалася народнымi танцамi, а бальныя заўжды былi маёй марай — цяпер, можна сказаць, здзейсненай. Калi б гэта быў iншы праект, звязаны са спевамi, цi там з жывёламi, цi з агародам — напэўна, я не пайшла б, але танцы — гэта настолькi цiкава i захапляльна! — прызнаецца спявачка Прымавера. — Тым больш, што ў мяне такi цудоўны партнёр, Раман Лобараў. Праўда, пакуль што мы не вельмi разумеем, на якiм мы свеце, i стараемся вызначыць свой узровень на шкале майстэрства, каб не ўдарыць тварам у гразь.

Для ўдзелу ў праекце Прымаверы, дарэчы, давялося ахвяраваць асабiстым часам — цяпер сын Макар амаль не бачыць яе, а мама спявачкi адклала ўсе справы i сядзiць з унукам.

Увогуле, адзначаюць прадзюсары праекта, нiхто з удзельнiкаў не "ўключае зорку", атмасфера на пляцоўцы пануе сяброўская, i кожная пара працуе да сёмага поту — некаторыя нават скардзяцца, маўляў, мала заняткаў, давайце больш. "Але ў педагогаў не хапае сiлаў працаваць з канкурсантамi яшчэ i ўначы, — смяецца Антон Пiменаў, — таму самыя настойлiвыя займаюцца самастойна". Напрыклад, Наталля Тамела, якой не хапае часу ў зале, адпрацоўвае элементы самба са сваiм партнёрам — удзельнiкам першага сезона "Зорных танцаў" Паўлам Грабёнкiным iндывiдуальна. I ўсё адно застаецца сабой незадаволеная: "Яшчэ ёсць куды iмкнуцца, працаваць над сабой. У мяне не атрымлiваецца раз, другi, дзясяты — пачынаю сябе лаяць: "Якая я крывая!". Потым супакойваюся, i мы рэпецiруем далей. Гэтаксама ў свой час я лупiла па раялi, калi нешта не атрымлiвалася, але потым мама прыгразiлася — яшчэ раз бразнеш, за iнструмент не сядзеш. Вось такая я эмацыйная, — смяецца Наталля. — Затое пасля танцаў так худзець добра! I есцi зусiм не хочацца — толькi пiць".

А далей...

Фiнал праекта "Зорныя танцы. Жаночы сезон" адбудзецца ў выглядзе навагодняга шоу, дзе выступяць усе, але пераможа толькi адна пара. А лiтаральна праз месяц стартуюць "Зорныя танцы-3" — на гэты раз мужчынскiя. У маi ж запланаваны суперкубак — пераможцы ўсiх трох сезонаў будуць аспрэчваць званне лепшай пары.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

←Главврача уволили с работы за падение на ребенка книжного шкафа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика