Незямное прыцягненне

Источник материала:  

Незямное прыцягненнеБыў снежань. Звычайны снежань, халодны i маўклiвы... Працоўны дзень заканчваўся, але думка аб гэтым не грэла. Я падышла да люстэрка, якое вiсела ў кутку за дзвярыма, i ўважлiва агледзела сябе з ног да галавы. Трэба прызнацца, апошнiм часам гэты працэс не прыносiў мне задавальнення. Нiякiя цудадзейныя крэмы, заняткi на трэнажорах i модная галiвудская дыета не давалi прыкметных вынiкаў. Скура на твары заставалася бледнай, цёмныя "кругi" пад вачыма не знiкалi, а колькасць маршчынак толькi павялiчвалася... Але галоўнае было не ў гэтым. Галоўнае заключалася ў тым, што сам твар перастаў выпраменьваць святло, а вочы нiбыта патухлi...

— Ну што, сяброўка, — звярнулася я да свайго адлюстравання, — дзе талiю рабiць будзем?

"Адлюстраванне" крывавата ўсмiхнулася... Усё правiльна. На яго месцы я таксама не ведала б, што адказаць.

У гэты момант цiшыню кабiнета прарэзаў званок. Менавiта прарэзаў, таму што гэта быў не проста званок, а званок па ўнутранай сувязi.

— Тэрмiнова зайдзiце да дырэктара! — ледзяным тонам паведамiла Агнэса Казiмiраўна, сакратарка нашага шэфа.

Цiкава, што магло здарыцца ў другой палове дня, тым больш у пятнiцу, каб ён затрымаўся на працы? Я адарвалася ад люстэрка, паправiла прычоску, змахнула са спаднiцы нябачныя пылiнкi i, прыхапiўшы на ўсякi выпадак папку з паперамi, рушыла ў бок кабiнета нумар 1.

— У вас пашпарт у парадку? — агарошыў шэф пытаннем, як толькi я пераступiла цераз парог.

— А што? — усхвалявалася я.

— Мне патэлефанавалi з... самi здагадваецеся, адкуль, — ён красамоўна матнуў галавой у бок столi. — Ад нас патрэбен чалавек для паездкi ў Берлiн. Немцы праводзяць семiнар па тэме... па тэме... Карацей, гэта мае непасрэднае дачыненне да спецыфiкi вашага аддзела... Вось, можаце азнаёмiцца з праграмай. Вылет праз два тыднi.

У той момант я паверыла, што цуды здараюцца. І паглядзела на яго з замiлаваннем. Але шэф гэтага не заўважыў. Набраўшы нумар тэлефона, ён паведамляў "каму трэба" маё прозвiшча, iмя i год нараджэння...

— Вам 38? — крыху здзiўлена ўдакладнiў ён, паклаўшы трубку. Я заскрыгатала зубамi: мог бы хоць з ветлiвасцi не перапытваць.

— У канцы снежня будзе 39...

— Ну вось i цудоўненька, — усмiхнуўся ён, каб знiвелiраваць напружаны момант. — Сустрэнеце дзень нараджэння ў новых абставiнах.

працы я пайшла пешшу. I не па тратуары, на якiм прытаптаны за дзень снег ператварыўся ў суцэльную лядовую дарожку, а дварамi i малазнаёмымi вулачкамi. Хацелася заняцца самаедствам, хацелася адшукаць адказы на шматлiкiя "чаму?". Чаму ўсё заўсёды пачынаецца так прыгожа i заканчваецца так банальна? Хто вiнаваты i, галоўнае, што рабiць? Пытаннi не мелi нiякага дачынення да будучай паездкi, затое напрамую датычылiся майго асабiстага жыцця, якое, як мне падавалася, зайшло ў тупiк...

З мужам мы жылi разам так даўно, што часам нават не заўважалi адно аднаго, не кажучы ўжо пра тое, каб чуць. Ён займаўся рэжысурай — дакладней, думаў, што займаецца. Насамрэч, зняўшы яшчэ ў ранняй маладосцi парачку дакументальных фiльмаў пра "герояў пяцiгодкi", ён вырашыў канчаткова здрадзiць мастацтву i пераквалiфiкаваўся ў дырэктара фiрмы па вытворчасцi рэкламных ролiкаў. Тады гэта было модна i вельмi запатрабавана. I пакуль муж "каваў" свае ролiкi, наш шлюб пакрысе разыходзiўся па швах. Я не сказала "трашчаў па швах". Ён тануў павольна, як "Тытанiк". Па вечарах мы прыходзiлi дадому, моўчкi вячэралi i разыходзiлiся па сваiх пакоях. Яго абсалютна не цiкавiла, што адбывалася са мной на працягу дня, тыдня, месяца, года... А мяне цягнула на ванiты ад яго самаўлюбёных маналогаў у стасунках з падначаленымi. У рэшце рэшт яго фiрма лопнула, пакiнуўшы на памяць аб сабе пару-тройку дастаткова бляклых рэкламных праектаў... Цяпер, працуючы ў прыватнай тэлекампанii звычайным "хлопчыкам на пабягушках", ён ператварыўся ў "пакрыўджанага лёсам" i стаў абсалютна невыносным. Сiтуацыя ўскладнялася яшчэ i тым, што мая кар'ера, наадварот, складвалася дастаткова ўдала. Але кожны мой пераход на наступную прыступку суправаджаўся градам насмешак i зневажанняў — так мая каштоўная "палова" помсцiла за свае нерэалiзаваныя амбiцыi...

Потым у маiм жыццi з'явiўся Ён. Не тое каб ён меў шэраг бясспрэчных вартасцяў... Хутчэй, проста апынуўся ў патрэбным месцы (на аўтобусным прыпынку) у патрэбны час — шэф папрасiў мяне хуценька адвезцi справаздачу ў галоўнае ўпраўленне. Прыйшлося тармазнуць цёмна-сiнюю "Аўдзi". Вадзiцель быў ненавязлiвым, па дарозе дасцiпна жартаваў, як бы мiж iншым рабiў камплiменты... А калi развiтвалiся, усунуў у руку вiзiтку з лагатыпам медыцынскага цэнтра, дзе, аказваецца, працаваў.

Яго звалi Iгар Уладзiмiравiч, i, напэўна, я магла б у яго закахацца. Напэўна... Ва ўсякiм разе, мне вельмi хацелася гэтага. Я была звычайным зямным чалавекам, жанчынай. А жанчына, калi доўга жыве ў стане адсутнасцi кахання, ператвараецца ў выпаленую пустэчу, дзе ўжо нiчога не можа ўзысцi... Мне не хацелася станавiцца пустэчай.

У першую нашу сустрэчу ён павёў мяне ў рэстаран. Спатканне адбывалася днём — нам абаiм так было больш зручна... Мне iмпанавалi яго ўраўнаважанасць i стрыманасць i тое, што ён не прыспешваў "развязку", якая падавалася непазбежнай... Мы пiлi шампанскае i вялi нязмушаную гутарку, цудоўна разумеючы, што кожны выпiты глыток i кожнае сказанае слова наблiжаюць нас да кульмiнацыйнага моманту... Недзе перад падачай дэсерту ў яго зазванiў тэлефон. Размова па мабiльным заняла секундаў дзесяць i закончылася яго цвёрдым абяцаннем "быць дома праз паўгадзiны".

Я зусiм не драпежнiца i паважаю законы чужой сям'i. Пра што i сказала Iгару Уладзiмiравiчу, зноў перайшоўшы на "вы". I яшчэ дадала, што сапраўдны мужчына вылучаецца ў першую чаргу тым, што iмкнецца не дапускаць памылак у адносiнах з жанчынай. У той час як "несапраўднаму" пастаянна даводзiцца iх выпраўляць... Ён паабяцаў больш не дапускаць памылак у адносiнах са мной. Аднак з зайздроснай рэгулярнасцю наступаў на адны i тыя ж граблi. Варта толькi было нам куды-небудзь выбрацца ўдваiх, як адразу ж пачыналiся тэлефонныя атакi яго жонкi з допытамi накшталт "дзе ты?" i "калi будзеш?". Я падумвала ўжо: а цi не паставiць кропку ў гэтым "непачатым рамане", у гэтых цнатлiва-пiянерскiх адносiнах?.. I ставiла. Але праходзiў нейкi час, i Iгар знаходзiў мяне зноў. I ўсё пачыналася спачатку. А аднойчы я нават злавiла сябе на думцы, што... баюся яго страцiць. Баюся развiтацца з апошнiм мужчынам, якому я па-сапраўднаму (як мне здавалася) патрэбная...

Словам, усё так заблыталася i так пераплялося, што паездка, у якую я павiнна была адправiцца з лёгкай рукi нашага шэфа, аказалася вельмi да месца.

аэрапорт ад'язджалi рана — у пяць гадзiн. Заснежаны горад яшчэ спаў. Адзiнокiя лiхтары, залепленыя снегам, з апошнiх сiлаў змагалiся з цемрай. Тысячы сняжынак хаатычна рухалiся ў паветры, выконваючы нейкi вар'яцкi танец... Ад прадчування змены абставiнаў на душы было лёгка i радасна. У аўтобусе, якi вёз нас да аэрапорта, напаўголасу перагаворвалiся людзi, i ад гэтага таксама рабiлася па-хатняму ўтульна...

Наша група (чалавек дзесяць) дастаткова хутка прайшла "фэйс-кантроль". Мне нават не прыйшлося перацягваць з месца на месца велiзарную багажную сумку, набiтую пад завязку "самымі неабходнымi" рэчамi. Мужчына, якi стаяў за мной у чарзе на рэгiстрацыю, прапанаваў свае паслугi. Ён быў не з нашай групы, i я наўрад цi рызыкнула б даверыць свае рэчы "чужынцу". Але пярэчыць не стала, бо падумала: калi раптам яму стрэлiць у галаву збегчы з маёй валiзкай, яго яркую куртку можна будзе лёгка вылiчыць у натоўпе.

У самалёце мне дасталася месца побач з Алiнай, спецыялiстам па сувязях з грамадскасцю адной значнай "канторы". Напэўна, яна была незадаволена гэтым фактам, бо, не паспеўшы яшчэ ўладкавацца як след, пачала круцiць галавой, адшукваючы свабоднае крэсла паблiзу ад "нашых" мужчын.

— Вы хочаце перасесцi? Давайце мяняцца, — пачула я знаёмы голас. З крэсла ў пярэдняй частцы салона падняўся мужчына i пайшоў па праходзе насустрач Алiне. Яна зашчабятала словы ўдзячнасцi, як бы мiж iншым пацiкавiўшыся, да каго ён ляцiць у Берлiн.

— Да сям'i. У мяне там жонка i сын, — адказаў ён проста, уладкоўваючыся ў крэсле побач са мной i складваючы ў пакет знаёмую куртку з яркiмi ўстаўкамi. — Вы не супраць?

Апошняе пытанне вiдавочна датычылася мяне.

— Ды ляцiце вы да каго хочаце — ваша справа!

Я не збiралася адказваць раздражнёна, але атрымалася менавiта так. I ён не мог не адчуць гэта.

— Вы не супраць таго, што я буду сядзець побач з вамi? — удакладнiў ён.

Супраць? Вось яшчэ... Што ён сабе напрыдумваў? Ды мне абсалютна ўсё роўна, хто i дзе будзе сядзець. Мне абсалютна...

I тут я зазiрнула ў яго вочы, у самае iх дно... Дарэчы, гэта даўно правераны i дзейсны спосаб. Калi хочаш атрымаць аб мужчыне максiмальна праўдзiвую iнфармацыю, паглядзi не на яго — паглядзi ўнутр яго. I прачытаеш шмат карыснага.

Я зазiрнула дастаткова глыбока, i тое, што ўбачыла, мне спадабалася. На самым дне сур'ёзных, нават крыху сумных яго вачэй... скакалi чарцяняты. Адно — у правым воку, другое — у левым... "Чаму б i не?" — падумала я.

Сцюардэса разносiла па салоне сок i шампанскае. Ужо не вагаючыся, ён папрасiў для мяне i першае, i другое. I ўвогуле ўзяў на сябе кiраванне ходам падзей. Памiж сабою мы па-ранейшаму заставалiся на "вы". Але яго рука — незнарок — усё часцей дакраналася да маёй, i я адчувала яе цеплыню... Мы гаварылi пра ўсё, не баючыся пры гэтым падацца смешнымi цi застацца незразумелымi. У нас наперадзе было цэлых дзве гадзiны часу — i нiякiх абавязацельстваў. I нiякiх бар'ераў, i нiякiх умоўнасцяў. I нiякай будучынi... Толькi непазбежнасць рэальнасцi. Мы не маглi сысцi на наступным прыпынку, каб сустрэцца зноў, — таму што на наступным прыпынку нашы дарогi павiнны былi разысцiся назаўсёды... Усё гэта палохала i адначасова неверагодна заводзiла... Я адчувала сябе дзяўчынкай, здольнай несцi ўсялякую лухту i расказваць пра сябе ўсё-ўсё-ўсё. Ён слухаў гэту лухту так уважлiва i з такой непрыхаванай зацiкаўленасцю, быццам перад iм у гэты момант раскрывалася Кнiга Сусвету...

Нарэшце, стомленыя калейдаскопам падзей, адчуванняў i ўражанняў, мы заплюшчылi вочы. Гэта атрымалася сiнхронна — у адзiн момант i ён, i я быццам усвядомiлi крохкасць таго, што адбываецца, i захацелi захаваць у памяцi гэта iмгненне... На некалькi секундаў я адкiнула назад галаву, каб удыхнуць паветра глыбей, i наткнулася на яго плячо. "Усё ў парадку?" — спытаў ён шэптам, нахiлiўшыся вельмi блiзка. А далей адбылося нешта неверагоднае. Быццам незнарок ён дакрануўся вуснамi да маiх валасоў, потым яшчэ раз i яшчэ. Вельмi асцярожна i вельмi пяшчотна... Я баялася паварухнуцца i перарваць гэты сон... Я чула, як б'ецца яго сэрца, i мне хацелася толькi аднаго — каб палёт нiколi не заканчваўся...

"Наш самалёт здзейснiў пасадку..." — данеслася з дынамiка.

— Мяне будуць сустракаць у аэрапорце, — сказаў ён стрымана. — Але я не хачу, каб усё закончылася так хутка. Пакiнь мне, калi ласка, свае каардынаты — нумар тэлефона i адрас.

Я палезла ў сумачку, дастала з нататнiка аркуш паперы i напiсала на iм усяго адно слова: "Удачы!". Склала i засунула ў кiшэню яго курткi.

— Дзякуй, — сказаў ён, правёўшы рукой па маiх валасах. — Я абавязкова патэлефаную табе.

адому наша група вярталася праз тыдзень — на цягнiку. Я паспела ўжо атрымаць некалькi эсэмэс-паведамленняў: адно ад мужа ("Вячэру разаграваць?") i тры ад Iгара Уладзiмiравiча ("Давай дзе-небудзь павячэраем!"). Зразумела, што з вакзала я паехала дадому — адсыпацца.

На наступны дзень мяне чакалi на працы. У сваiм кабiнеце я па звычцы паглядзела ў люстэрка, i тое, што ўбачыла там, мне спадабалася. Ад былога бледнага прывiду не засталося i следу. А вочы...

Вочы i цяпер выпраменьваюць святло, толькi... Кожны раз з надыходам зiмы мяне ахоплiваюць незразумелае хваляванне i туга. Я саджуся ў аўтобус i еду ў аэрапорт. I блукаю там, назiраючы за пасажырамi i праводзячы поглядам самалёты. Што я iмкнуся знайсцi? Душэўную раўнавагу? Чалавека, якi перавярнуў усё маё жыццё? I што скажу яму, калi знайду? I цi змагу пасля гэтага вярнуцца дадому?

Спытайце што-небудзь больш простае, спадары...

Наталля УЛАДЗIМIРАВА.

←Главврача уволили с работы за падение на ребенка книжного шкафа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика