У "iх" служба выратавання 911, а ў нас?

Источник материала:  

На карпункт "Звязды" патэлефанавала жыхарка Баранавiчаў Нiна Калеснiкава i расказала пра праблему, з якой ёй давялося сутыкнуцца.

 

У "iх" служба выратавання 911, а ў нас?Жанчына не здолела адчынiць дзверы сваёй кватэры i пачала шукаць дапамогi. Пазванiла ў ЖЭС, але там адмовiлi, бо яе кватэра знаходзiцца вышэй за трэцi паверх. Тады Нiна Рыгораўна звярнулася ў МНС горада, але безвынiкова. "Няўжо ў нас няма нiякай экстраннай службы, якая прыйшла б чалавеку на дапамогу ў любы час сутак? — пытаецца Н. Калеснiкава.

Наглядзеўшыся па тэлебачаннi на амерыканскую службу выратавання "911" i на аналагiчную структуру ў Расii, якiя спрытна дастаюць пальцы цi галовы дзяцей з розных прадметаў, катоў з вентыляцыйных шахтаў i г.д., захацелася даведацца: цi ёсць у нас падобная служба?

Пачаў з ЖЭСа, але там выслухаўшы мяне, папрасiлi пазванiць пазней. Маўляў, няма начальнiка, а без яго нiчога гаварыць не будзем. На гэтым размова i закончылася, бо тэлефон жыллёва-эксплуатацыйнай службы цэлы дзень ужо быў заняты.

I тады я падаўся ў мясцовую часць МНС, дзе сустрэўся з намеснiкам начальнiка аддзела Уладзiмiрам Лопухам, якi растлумачыў сiтуацыю са скаргай нашай чытачкi.

— Вiдавочна, жанчына нешта не так зразумела, бо мы робiм i платныя паслугi. Трапiць у кватэру для нас не такая ўжо i праблема — трэба толькi аплацiць работу.

— Можна больш падрабязна даведацца пра платныя паслугi, каб людзi ведалi, што i да чаго.

— Калi нешта пагражае жыццю цi здароўю чалавека, мы тут жа выязджаем на месца, паведамляем пра здарэнне ў Брэст i дапамагаем. У гэтым выпадку — нiякай платы. Напрыклад, дзверы чалавек не можа адчынiць, а ў кватэры засталося дзiця, то нiякай размовы пра грошы не будзе — нашы супрацоўнiкi выручаць, — патлумачыў У. Лопух. — А вось калi дзверы зачынiлiся па вiне гаспадара, а ў кватэры нiкога, то тут неабходна плацiць.

— Многа?

— Давайце абыграем сiтуацыю з дзвярыма, якiя трэба адчынiць. Мы адмычкамi не карыстаемся, а дзверы стальныя ды i дарагiя. Гаспадары просяць, каб замок не выразалi, а залезлi ў кватэру праз акно. Калi кватэра на трэцiм паверсе, то туды можна трапiць па звычайнай лесвiцы, якая знаходзiцца на пажарнай машыне. У такiм выпадку давядзецца заплацiць 43 тысячы рублёў за гадзiну працы. А цяпер уявiм, што кватэра вышэй за трэцi паверх, напрыклад, на восьмым. Каб трапiць у яе праз акно, патрэбна спецыяльная аўталесвiца, а яе выкарыстанне абыдзецца ў 91 тыс. рублёў у гадзiну. Калi ж праца зойме менш часу, то i плата меншая.

— Уладзiмiр Уладзiмiравiч, вось у вас у баявой гатоўнасцi стаяць машыны, дзяжураць супрацоўнiкi i што, вы iх па любым сiгнале пасылаеце выпраўляць нечыя агрэхi?

— Баявыя машыны i разлiкi знаходзяцца на пасту, а ў нас ёсць рэзервовая машына i чалавек, якога мы можам у любы момант выклiкаць.

— Напэўна, складанасцi ў працы ёсць. Людзi са сваiмi характарамi, надзвычайныя сiтуацыi...

— Вось чалавек тэлефануе, што яго кватэру залiвае сусед. Прыязджаем, а ў кватэры паверхам вышэй нiкога няма. Мы, як i мiлiцыя, без гаспадара ў кватэру не маем права зайсцi, вось i даводзiцца падключаць камунальнiкаў, якiя перакрываюць ваду ў доме цi пад'ездзе. Нашы правы таксама абмежаваныя. Нават каб дрэва спiлаваць у горадзе, неабходна адпаведнае рашэнне мясцовай улады.

— У часы, калi не было МНС, мне патэлефанавала жанчына i паведамiла, што на сасне каля стадыёна трэцiя суткi сядзiць кот i енчыць на ўсю вулiцу. Я пазванiў у пажарную часць, i таго ката з дрэва знялi. А цi ўваходзiць у функцыi сучаснага падраздзялення МНС выратаванне жывёлы?

— I жывёлу ратуем. Вось у каналiзацыйны калодзеж трапiлi два сабакi, то мы iх даставалi. А нядаўна байцоўскi сабака ўскочыў у краму i зрабiў перапалох. Давялося нашым супрацоўнiкам адтуль яго выводзiць. Ды мала што бывае. Лiса на курэй напала, то нам звоняць, — кажа мой суразмоўца. — Па любой нагодзе звяртаюцца да нас. Чалавек знайшоў на сметнiку трубкi i пачаў у гаражы iх распiлоўваць, а адтуль пацякла ртуць — супрацоўнiкi МНС выехалi.

— Пажары сёння не рэдкасць. Гараць дамы на раёне, ды i ў горадзе, здараецца. Праблема?

— Яшчэ якая праблема, бо 80 % пажараў узнiкае ад палення ў ложку. Класiчны варыянт: выпiў, прылёг, запалiў цыгарэту i... задыхнуўся. З усiх, хто загiнуў у агнi, — 90 % курылi ў ложку. Але ж чалавек на чужой бядзе не вучыцца...

У Расii пажарная служба i МНС — дзве асобныя структуры, а ў Беларусi яны аб'яднаныя ў адну, якая падпарадкоўваецца Мiнiстэрству па надзвычайных сiтуацыях. Але гэта прынцыпова нiчога не мяняе. Калi здарылася бяда, узнiкла праблема, то набiрайце нумар "101", i вам дапамогуць.

Сымон Свiстуновiч. Фота аўтара.

←Главврача уволили с работы за падение на ребенка книжного шкафа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика