Беларусь наведае міністр замежных спраў Украіны
Міністр замежных спраў Украіны Пётр Парашэнка 19 кастрычніка наведае Беларусь з рабочым візітам.
Як паведамляе прэс‑служба МЗС Беларусі, запланавана сустрэча Парашэнкі з кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства Сяргеем Мартынавым.
«Бакі абмяркуюць шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносінаў, а таксама ўзаемадзеянне дзвюх краін у рамках міжнародных і рэгіянальных арганізацый», — адзначае прэс‑служба.
Як паведамляў БелаПАН, да канца 2009 года плануецца сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі. На саміце СНД у Кішынёве 9 кастрычніка кіраўнікі дзяржаў планавалі дамовіцца аб правядзенні ў найбліжэйшы час сустрэчы ў двухбаковым фармаце.
У двухбаковым фармаце Лукашэнка і Юшчанка сёлета ўжо сустракаліся два разы: 20 студзеня ў Чарнігаве і 6 мая ў Гомелі. 21 жніўня пасол Украіны ў Мінску Ігар Ліхавы заявіў, што да канца гэтага года плануецца афіцыйны візіт Лукашэнка ва Украіну. Не выключаны візіт Юшчанкі ў Беларусь.