Невыязных за мяжу будуць папярэджваць
Грамадзян, якім часова будзе абмежавана права выезду за мяжу, папярэдзяць аб гэтым.
«Не пазней за адзін дзень з даты прыняцця рашэння аб уключэнні грамадзяніна ў спіс невыязных адпаведны орган абавязаны пра гэта папярэдзіць яго. Тое самае датычыцца і пытання з выключэннем з такога спіса»,
— паведаміла намесніца дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследванняў Людміла Панфёрава на прэс-канферэнцыі з нагоды прыняцця Закону «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь».
Па новым закону права на выезд з краіны можа быць абмежавана ў дачыненні да грамадзян, якія валодаюць звесткамі, што ўяўляюць дзяржаўную таямніцу. Калі чалавек падазраецца ці абвінавачваецца ў крымінальнай справе, калі ён асусджаны за здзейсненае злачынства ці за ім усталяваны прэвентыўны нагляд. А таксама ў выпадку невыканання накладзеных на яго судом маёмасных, падатковых і іншых абавязкаў.
«Усе падставы з’яўляюцца факультатыўнымі, — зазначыла Людміла Панфёрава. — Гэта не азначае, што чалавек, калі ён валодае дзяржаўнай таямніцай, становіцца невыязным. Гэта няправільнае разуменне нормаў закону. У адносінах да кожнага грамадзяніна асобна ў кожным канкрэтным выпадку адпаведны орган павінен разглядаць рашэнне аб забароне выезду за мяжу».
Начальнік Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун паведаміў, што на працягу года колькасць беларусаў, якім часова абмежаваны выезд за мяжу, складае 100 тысяч чалавек. Але ён выказаў упэўненасць, што пасля ўступлення новага закону ў сілу гэта колькасць скараціцца.
Па новым закону для выезду за мяжу непаўналетняга ў суправаджэнні аднаго з бацькоў згода другога не патрабуецца. Калі дзіцёнак выязджае з кімсьці іншым, то дазвол патрэбен ад абодвух бацькоў.
Закон уступае ў сілу 26 сакавіка 2010 года.