Еўропа і Беларусь маюць патрэбу адна ў адной

Источник материала:  
15.10.2009 09:46 — Новости Общества

Так называецца артыкул міністраў замежных спраў Літвы і Італіі.

Вігаўдас Ушацкас і Франка Фраціні апублікавалі яго 13 кастрычніка ў выданні European Voice. Яго пераклад размешчаны на партале delfi.lt.

Беларусь, як адзначаюць міністры, «мае патрэбу ў еўрапейскай інтэграцыі, каб забяспечыць развіццё эканомікі і гарантаваць сацыяльную стабільнасць. Еўропе патрэбна Беларусь з прычыны яе геапалітычнага становішча, якое робіць краіну важным энергетычным партнёрам — 20% паставак расійскага газу ў Еўропу праходзіць праз Беларусь — і важным партнёрам у барацьбе з нелегальным гандлем і міграцыяй». Пры гэтым еўрапейскія палітыкі звяртаюць увагу, што дзякуючы гэтаму больш цесныя сувязі паміж Еўропай і Беларуссю таксама адпавядаюць інтарэсам Расіі. «Незалежная і стабільная Беларусь не можа і не павінна ўспрымацца як настроеная супраць Расіі», — гаворыцца ў артыкуле.

Ушацкас і Фраціні адзначаюць, што апошнія 15 гадоў Беларусь выбірала шлях ізаляцыі ад еўрапейскага кантынента.

«Такая самаізаляцыя з’яўляецца анамаліяй: Італія і Літва перакананыя, што Беларусь — неаддзельная частка Еўропы, з прычыны геаграфіі, гісторыі і рэлігіі. Больш за тое, гэты падзел не прыносіць карысці ні Беларусі, ні Еўропе», — упэўненыя міністры.

Адзначыўшы некаторыя змены ў адносінах паміж бакамі, што адбыліся ў апошнія гады і былі абумоўлены пэўнымі захадамі насустрач, кіраўнікі МЗС Літвы і Італіі ў той жа час канстатуюць: «Для таго каб гэтая палітыка «паступовага ўцягвання» прынесла пазітыўныя вынікі, Беларусь павінна прадэманстраваць сваю гатоўнасць да прыняцця дэмакратычных каштоўнасцяў, правоў чалавека і свабод, якія служаць базісам развіцця сучаснай Еўропы і мірнага суіснавання».

«Італія і Літва заўсёды выступалі за палітыку паступовага развіцця адкрытых адносін з Беларуссю, — гаворыцца ў артыкуле еўрапейскіх палітыкаў. — У дадзены момант мы актыўна спрыяем гэтаму працэсу пры дапамозе інструментаў двухбаковага супрацоўніцтва». У якасці прыкладу згадваецца візіт прэзідэнта Беларусі 16 верасня ў Вільнюс для ўдзелу ў Міжнародным эканамічным форуме і сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ, а таксама наведванне Мінска 30 верасня Франка Фраціні.

«Італія і Літва таксама падтрымліваюць дапамогу, якую ЕС можа аказаць Беларусі для пераадолення драматычных сацыяльных праблем, выкліканых часткова сусветным эканамічным крызісам», — заяўляюць кіраўнікі МЗС гэтых краін.

«Мы чакаем, што Беларусь пачне адчуваць перавагі кантактаў з Еўропай. Але мы настойваем на тым, што пераслед людзей за іх грамадзянскія і палітычныя перакананні або публічную дзейнасць, абмежаванне свабоды СМІ і недзяржаўных арганізацый павінны застацца ў мінулым. Будучыя выбары павінны адпавядаць прызнаным міжнародным стандартам, устаноўленым АБСЕ. Беларусь павінна паважаць тэрытарыяльную цэласнасць кожнай з краін, уключаючы Грузію», — гаворыцца ў артыкуле Вігаўдаса Ушацкаса і Франка Фраціні.

←Запасы нефти в США за неделю неожиданно сократились - API

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика