«Збяднеў бы свет без вашае пяшчоты…»
У гэтую залатую восеньскую пару, калi мы адзначаем Дзень мацi, хачу i я праз паважаную газету «Рэспублiка» сказаць некалькi слоў з такой нагоды. Мацi. Самы вялiкi, дарагi, усемагутны, самы святы чалавек на зямлi. Мацi дае жыццё, значыць, мы павiнны заўсёды быць шчыра i аддана ўдзячны ёй. Нездарма ж сказана, што будучыня любой нацыi ў руках мацi. Ёй падуладна ўсё, так наканавана лёсам, такая воля Бога.
Мы любiм, цэнiм, шануем мацi за тое, што ў iх хапае мудрасцi, мужнасцi, фiзiчных i душэўных сiл быць не толькi добрасумленнымi працаўнiцамi, але i цудоўнымi, добрымi жанчынамi, вернымi i надзейнымi спадарожнiцамi i памочнiцамi мужчын. Калi жанчына ўмее ствараць i падтрымлiваць у сям’i добразычлiвую, цёплую атмасферу, калi дорыць сваiм родным любоў i пяшчоту, клопаты, дык i мужчына прыходзiць на работу з добрым настроем, плённа працуе.
У нашым СВК «Азярыцкi-Агра» 690 працоўных. Больш палавiны з iх жанчыны. Яны занятыя ўсюды: у жывёлаводстве, у паляводстве, у цяплiцах, у настаўнiцтве, у сацыяльнай сферы. Бездакорныя адносiны да сваiх абавязкаў, высокая адказнасць, добрасумленнасць, шчырасць i дабрыня – вось што самае адметнае i прыгожае ў iх характарах. Сардэчнае дзякуй вам, мае любыя, за такую працу. Сардэчнае дзякуй усiм жанчынам Беларусi за iх шчодры ўнёсак у агульныя набыткi нашага народа, нашай роднай Бацькаўшчыны.
Шчыра зычу вам добрага здароўя, поспехаў, любовi, шчасця i радасцi ад вашых дзяцей, унукаў, праўнукаў.
Самыя ўзвышаныя, хвалюючыя, трапяткiя радкi паэтаў – пра жанчын. Што зусiм заканамерна. I ў маiм сэрцы i памяцi даўно жывуць вось такiя:
Дзе ўзяць хвалы,
з якiх глыбiнь бяздонных,
З якiх вытокаў чэрпаць i крынiц,
Каб вас уславiць, мiлыя мадоны
З умелымi рукамi працаўнiц.
Збяднеў бы свет без вашае пяшчоты,
Без вашай мацярынскай дабрынi…
I растаюць зiмовыя сумёты
Ад той, што ў вашым сэрцы, дабрынi.
Нашы мацi вечныя. Бо яны заўсёды з намi. I ў самыя цяжкiя хвiлiны свайго жыцця мы вымаўляем гэта святое слова – мацi.