Расiйскi АДЭ для беларусаў — не абавязковы

Источник материала:  

У наступным годзе ў грамадзян Беларусi, якiя плануюць паступаць у расiйскiя ВНУ, будзе магчымасць выбару формы ўступных iспытаў. Аб гэтым беларускiм журналiстам паведамiў на прэс-канферэнцыi ў Нацыянальным прэс-цэнтры намеснiк мiнiстра адукацыi i навукi Расiйскай Федэрацыi Уладзiмiр Фрыдлянаў, якi прымае ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыi "Стан i праблемы развiцця вышэйшай адукацыi ў рамках Саюзнай дзяржавы".

Варта нагадаць, што з 2009 года адзiны дзяржаўны экзамен стаў у Расii абавязковай формай вынiковай атэстацыi за курс сярэдняй школы i прыёму ў ВНУ. Аднак абiтурыентам з Беларусi была дадзена магчымасць здаваць у гэтым годзе ўступныя iспыты непасрэдна ў расiйскiх ВНУ або, калi яны пажадаюць, здаваць адзiны дзяржаўны экзамен разам з расiянамi. Паколькi тэрмiны правядзення АДЭ ў Расii супадаюць з выпускнымi экзаменамi ў беларускiх школах, гэта магчымасць выбару мела для беларусаў важнае значэнне. "Такая ж магчымасць будзе ў беларускiх юнакоў i дзяўчат, якiя адважацца штурмаваць расiйскiя ВНУ, i ў будучым годзе", — запэўнiў Уладзiмiр Фрыдлянаў.

Аднак з беларускага боку такога "рэверансу" ў бок расiянаў не чакаецца. Тэрмiны правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання ў Беларусi таксама вельмi нязручныя для выпускнiкоў расiйскiх школ, якiя ў гэты час заклапочаныя сваiмi выпускнымi iспытамi.

— I для беларусаў, i для расiян у нас дзейнiчаюць агульныя правiлы гульнi: конкурсны адбор ажыццяўляецца на падставе вынiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання. I расiйскiя грамадзяне, якiя праходзяць па конкурсе, карыстаюцца тымi ж правамi, што i беларусы: яны залiчваюцца на бюджэтную форму навучання i могуць прэтэндаваць на месца ў iнтэрнаце i стыпендыяльнае забеспячэнне, — падкрэслiў у сваiм выступленнi мiнiстр адукацыi Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Радзькоў. — Па нашых назiраннях, тэрмiны правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання не зменшылi колькасць расiйскiх грамадзян, якiя паступаюць у беларускiя ВНУ. Так, калi ў 2008/2009 навучальным годзе ў беларускiх ВНУ навучалiся 1846 грамадзян Расiйскай Федэрацыi, то ў гэтым годзе iх колькасць перавысiла 2 тысячы чалавек. Толькi ў ВНУ Мiнiстэрства адукацыi ў 2009 годзе на першы курс паступiлi 310 чалавек, з iх на бюджэтныя месцы на дзённую форму навучання паступiлi 94 чалавекi (у 2008 годзе — 57), на ўмовах аплаты паступiлi 146 грамадзян Расii (у 2008 годзе — 153 чалавекi) i 70 расiйскiх грамадзян паступiлi ў ВНУ Мiнiстэрства адукацыi на завочнае навучанне.

У перспектыве, калi будзе добра адпрацаваная працэдура правядзення адзiнага дзяржаўнага экзамену, кiраўнiкi расiйскага i беларускага адукацыйных ведамстваў не выключаюць магчымасць арганiзацыi для беларускiх грамадзян АДЭ, а для расiян — цэнтралiзаванага тэсцiравання ў памежных раёнах дзвюх нашых краiн. А вось прызнанне ў Расii вынiкаў беларускага ЦТ, як i прызнанне ў Беларусi вынiкаў адзiнага дзяржаўнага экзамену — даволi малаверагодная перспектыва, хоць бы таму, што кантрольна-вымяральныя матэрыялы АДЭ i ЦТ адрознiваюцца не толькi па сваiм прызначэннi, але i па змесце, структуры i складанасцi. Гэтыя адрозненнi ўскладняюцца яшчэ i рознiцай у адукацыйных стандартах i змесце вучэбных праграм па прадметах. Вынiкi выканання адзiнага дзяржаўнага экзамену i ЦТ ацэньваюцца па 100-бальнай шкале, але пры гэтым яны не раўназначныя, паколькi атрыманыя на прынцыпова розных метадах падлiку. Таму ўзровень абiтурыента, якi атрымаў, скажам, 70 балаў па вынiках АДЭ, не роўны ўзроўню падрыхтоўкi ўдзельнiка ЦТ, якi набраў такую ж колькасць балаў.

Аляксандр Радзькоў таксама паведамiў, што ў гэтым годзе ў рамках праграмы супрацоўнiцтва мiнiстэрстваў адукацыi Беларусi i Расii расiяне далi магчымасць адабраць 50 беларускiх абiтурыентаў, якiя не прайшлi ў нас па конкурсе, для iх далейшага навучання ў расiйскiх ВНУ на бюджэтнай аснове з выдзяленнем жылля ў студэнцкiх iнтэрнатах i выплатай стыпендыi. Прычым размова iшла не толькi пра рэгiянальныя ВНУ, але i пра прэстыжныя спецыяльнасцi ў ВНУ расiйскай сталiцы i Санкт-Пецярбурга. Аднак дастатковай колькасцi ахвотных не набралася. Абiтурыенты i iх сем'i зрабiлi выбар на карысць платнага навучання ў беларускiх ВНУ, палiчыўшы, што гэта ўсё адно будзе больш танна, чым пражыванне ў Маскве цi ў паўночнай расiйскай сталiцы.

Надзея НIКАЛАЕВА.

←Завотделом института информатики НАН Беларуси подозревается в получении крупной взятки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика