«2010 год павінен быць Годам роднай беларускай мовы»

Источник материала:  
14.10.2009 12:46 — Новости Общества

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распачынаюць 14 кастрычніка кампанію па зборы подпісаў за абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы.

Гэтая ініцыятыва была агучана на V З’ездзе беларусаў свету, што прайшоў 18—19 ліпеня ў Мінску, і падтрымана Радай Таварыства беларускай мовы. І «Бацькаўшчына», і ТБМ ужо накіравалі звароты да кіраўніка дзяржавы з тым, каб быў выдадзены адпаведны ўказ. Цяпер «Бацькаўшчына» і ТБМ заклікаюць грамадзян Беларусі падтрымаць гэтую ініцыятыву.

«Як вынік, абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы мусіць пацягнуць за сабой распрацоўку і рэалізацыю на дзяржаўным узроўні канкрэтных захадаў па папулярызацыі беларускай мовы і беларускамоўнай культуры ў грамадстве, пашырэнне сферы яе ўжытку», ‑‑ гаворыцца ў звароце.

«Родная мова ёсць найвялікшым багаццем, дадзеным кожнай нацыі, са знікненнем якога само існаванне пэўнага народа і створанай ім дзяржавы, яго ўнікальны характар, тое, што робіць яго адрозным ад іншых народаў свету, ставіцца пад пагрозу. Сённяшні стан беларускай мовы выклікае вялікую занепакоенасць. Дастаткова толькі ўзгадаць, што на пачатку года ЮНЕСКА аднесла беларускую мову да моваў, якім пагражае знікненне».

Улічваючы, што 2009 год быў абвешчаны годам Роднай зямлі, цалкам лагічным і паслядоўным падаецца абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы. Тым больш, што менавіта з 2010 года ўводзіцца ў дзеянне новая рэдакцыя правіл беларускага правапісу, што не рабілася ад 1959 года.

Усіх, каму неабыякавы лёс роднай мовы, запрашаем далучыцца да кампаніі па зборы подпісаў. Спампуйце падпісныя лісты на сайце zbsb.org, budzma.org, tbm.org.by і распаўсюдзьце сярод Вашых знаёмых. Падпісаныя лісты просім дасылаць самім па ўказаным у лісце адрасе.

Спампаваць падпісны ліст

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»

←Бывший директор ТД "Ждановичи" Е.Шигалов полностью возместил ущерб государству в сумме Br85 млрд

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика