Чакайце – і да вас прыйдуць
14 кастрычніка ў Беларусі стартаваў перапіс насельніцтва.
Паводле звестак Белстата, у краіне створана 648 перапісных, 6.326 інструктарскіх і 31.846 падліковых участкаў. Задзейнічана каля 48 тыс. перапісчыкаў.
Перапісу падлягаюць
беларускія і замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у краіне, асобы без грамадзянства, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама грамадзяне, якія пастаянна пражываюць, але часова адсутнічаюць у сувязі з выездам за мяжу ў камандзіроўку, на працу, на вучобу тэрмінам да аднаго года, замежныя грамадзяне, якія прыбылі ў Беларусь на працу і вучобу тэрмінам на адзін год і больш.
Не падлягаюць перапісу
іншаземцы і члены іх сем’яў, якія маюць статус дыпламатычных работнікаў, а таксама асобы, якія выехалі за мяжу ў камандзіроўку, на вучобу, на працу тэрмінам на адзін год і больш.
У перапісныя лісты ўключаны
блокі пытанняў, якія тычацца асноўных дэмаграфічных характарыстык (прозвішча, імя, імя па бацьку, пол, месца нараджэння і інш.), міграцыйнай актыўнасці (бесперапыннасць пражывання, даты прыбыцця і адбыцця з краіны і інш.), грамадзянства (нацыянальнасць, валоданне мовамі), адукацыі, крыніц сродкаў існавання, занятасці, колькасці народжаных дзяцей (для асоб старэйшых за 15 гадоў), жыллёвых умоў (месца жыхарства, тып жылога памяшкання, наяўнасць ва ўласнасці іншага жылля, камп’ютэра, інтэрнета і інш.).
Перапіс прадоўжыцца па 24 кастрычніка.
Першыя вынікі — звесткі аб колькасці насельніцтва — плануецца апублікаваць ў лютым 2010 года, а ўся выніковая інфармацыя павінна быць гатова да 1 чэрвеня. Белстат абяцае апублікаваць яе на сваім сайце.
На правядзенне перапісу накіравана каля 21 млрд. рублёў, з іх 7 млрд. пойдзе на аплату працы перапісчыкаў. Кожны з іх атрымае ў якасці ўзнагароджання суму ў памеры чатырох базавых велічынь (140 тыс. рублёў).
Урадам распрацавана палажэнне аб парадку аховы персанальных даных, якое гарантуе канфідэнцыйнасць інфармацыі на ўсіх этапах перапісу. Персанальныя звесткі падлягаюць ахове на працягу 75 гадоў.
Напярэдадні пачатку перапісу МУС заклікала грамадзян да пільнасці. У прыватнасці, належыць ведаць, што ўсе перапісчыкі абавязаныя мець адпаведнае пасведчанне, зялёны партфель з сімволікай і значок. Знаходзячыся ў жылым памяшканні, перапісчыкі не маюць права патрабаваць дакументы і каштоўныя паперы, абыходзіць і аглядаць пакоі.
МУС таксама заклікае грамадзян аператыўна інфармаваць міліцыю пра спробы падазроных асоб патрапіць у жыллё пад выглядам перапісчыкаў.