Пад аховай Царыцы Нябеснай. Сёння праваслаўныя адзначаюць вялікае свята — Пакроў Прасвятой Багародзіцы
Царкоўнае паданне гаворыць, што гэта свята ўстаноўлена ў гонар дзівоснай падзеі, якая адбылася ў 911 годзе ў Влахернскім храме Канстанцінопаля. Візантыйская імперыя, якой у той час кіраваў імператар Леў, вяла вайну з сарацынамі. Горад трапіў у аблогу. Яго жыхары на чале з імператарам сабраліся ў храме і шчыра маліліся аб пазбаўленні ад ворага. Раптам юродзівы Андрэй, якога Бог надзяліў дарам празарліўца, убачыў Прасвятую Дзеву, якая, укленчыўшы, у акружэнні сонму анёлаў і святых, доўга малілася. А потым, падышоўшы да прастола храма, зняла са сваёй галавы пакрывала (пакроў) і распасцерла яго над людзьмі, знамянуючы тым самым хрысціянскаму свету сваю абарону ад бачных і нябачных ворагаў. У паданні сцвярджаецца, што пакроў у яе руках ззяў “паче лучей солнечных”. Гараджане здолелі прагнаць ворага ад сцен сталіцы, а памяць аб цудоўным з’яўленні Багародзіцы жыве да сённяшняга часу. У гэты дзень моляцца Маці Божай аб заступніцтве, верачы, што яна заўсёды заслоніць і падтрымае.