З беларускай мовай па жыццi
Свядомае жыццё чалавека, напэўна, пачынаецца з першых словаў. Свядомае iснаванне нацыi — з першых кнiжак, якiя з'явiлiся на яе мове. Свядомы зварот да кнiжак, якiя напiсаны на мове твайго народа, можа доўжыцца ўсё жыццё, але галоўнае, каб ён быў, каб за чытаннем прыйшло разуменне таго, што хочацца сказаць самому за сябе — на роднай мове. Дзеля гэтага амаль год таму "Звязда" звярнулася да сваiх чытачоў з прапановай: у новым годзе пачаць размаўляць па-беларуску. Аднак нiхто не кажа, што калi пачаў, то прыйдзецца скончыць. Наадварот. Добраахвотная грамадская арганiзацыя "Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны" лiчыць, што трэба працягваць, толькi на iншым узроўнi — дзеля таго, каб чалавек, аднойчы звярнуўшыся да сваiх каранёў, стаў сапраўдным патрыётам радзiмы.
— Мы накiравалi да Прэзiдэнта краiны зварот, каб 2010 год у Беларусi абвясцiць годам роднай мовы, — кажа старшыня ТБМ Алег Трусаў. — На днях атрымалi адказ з Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, што пытанне разглядаецца i, магчыма, пры гэтым разглядзе будуць улiчаны i нашы прапановы. Цяпер якраз думаюць пра тое, якi будзе ў нас наступны год. Гэта значыць, што трэба працягваць актыўную працу па прапагандзе беларускай мовы — мы ж не атрымалi адмовы. Значыць, трэба збiраць подпiсы грамадзян у падтрымку гэтай iнiцыятывы. Што мы i пачнём рабiць у найблiжэйшы час, зробiм спецыяльныя бланкi i возьмемся за працу, тым больш, што зараз перапiс насельнiцтва. А калi збяром пэўную колькасць подпiсаў, то можа i атрымаем рэальны вынiк.
— Наконт перапiсу якiя чаканнi ў "моўным пытаннi"?
— Тут могуць быць розныя варыянты. Я спадзяюся, што будзе не горш, чым 10 гадоў таму. А можа i крышачку лепш. Тым больш, што ў грамадстве за 10 гадоў павага да мовы павялiчылася. Гэта назiраецца на ўсiх узроўнях. Вось i мiнiстр культуры з'явiўся беларускамоўны — патрыёт. А ён, дарэчы, таксама быў сябрам ТБМ у маладосцi. Я яго памятаю яшчэ студэнтам. Вось канкрэтны вынiк нашай працы.
— Сёлета ў ТБМ юбiлейная дата — 20 гадоў iснавання. Цi папоўнiлiся вашы шэрагi i цi адчуваеце вы, што ў людзей вырасла павага да беларускай мовы?
— Бясспрэчна. На днях рабiлi прэзентацыю вынiкаў апытання сацыёлагаў, дык палова жыхароў Беларусi называе патрыётамi тых, хто гаворыць штодня па-беларуску, i ганарыцца iмi, хоць самi i не гавораць. Вось i самы найлепшы адказ: зараз як мiнiмум палова нашых грамадзян ставiцца вельмi станоўча да беларускай мовы. I наогул лiчбы аказалiся вельмi цiкавыя. Напрыклад, на першае месца па павазе да беларускай мовы выйшла Магiлёўская вобласць, самая ўсходняя. Аднак самае важнае вось у чым: нашы думкi i спадзяваннi пацвердзiлi i сацыёлагi.
Чамусьцi не дзiўна — за 20 гадоў усё-такi людзi змянiлiся. Калiсьцi iнiцыятыва стварэння ТБМ у 1989 годзе зыходзiла ад вельмi ўплывовых арганiзацый i структур — Саюза беларускiх пiсьменнiкаў, Мiнiстэрства адукацыi, некаторых iнстытутаў Акадэмii навук, Нацыянальнай тэлерадыёкампанii ды iншых. Людзi, якiя маглi глядзець на свет з шырока адкрытымi вачыма, разумелi, што "моўнае пытанне" не можа быць "вузкiм" для грамадства.
Ларыса ЦIМОШЫК.