Чарнобыльцы: “Дайце нам тут спакойна памерці!”

Источник материала:  
08.10.2009 21:30 — Новости Общества
Калісьці ў вёсцы Губарэвічы Хойніцкага раёна было 200 хат. Сёння засталося толькі шэсць. Пасля чарнобыльскай катастрофы большасць людзей адсялілі, выдалі кампенсацыі і кватэры. Адзінкі, што засталіся, — амаль адны старажылы. Цяпер яны змагаюцца за права дажыць свой век тут, пад роднымі стрэхамі.

Пасля Чарнобылю квадратны кіламетр губарэвічскіх глебаў утрымлівае ад 15 да 40 кюры цэзія-137 і 2-3 кюры — стронцыю-90. Сярэднегадавая эфектыўная доза апрамянення ў вёсцы, што ўваходзіць у зону наступнага адсялення, перавышае норму да пяці разоў.

Паводле пастановы Стралічанскага сельсавету, забруджаная радыяцыяй вёска мусіць быць канчаткова адселеная і ліквідаваная ўжо сёлета. Цяпер тут працуе дарожная тэхніка спецпрадпрыемства “Палессе”: змярцвелыя хаты вывозяць на магільнік, тэрыторыю зараўновываюць бульдозеры.

Чарнобыльцы: “Дайце нам тут спакойна памерці!”

Самае дзіўнае, што зусім побач з вёскай, якая мае быць зруйнавана, дзейнічае жывёлагадоўчая ферма на 300 гадоў (адпраўляе малако на перапрацоўку ў Хойнікі), збожжавы комплекс, абрабляецца зямля...
 

"Гэта зона - чыстая" 

Рыма прыехала ў Губарэвічы 11 год назад, ратуючыся ад вайны ў Таджыкістане. Працавала даяркай. Цяпер жыве з ўласнай гаспадаркі разам з дарослай дачкой. Напэўна, няблага, бо ў дварэ стаіць сімпатычная іншамарка-малалітражка.

— Один сын — в армии, второй в Гомеле работает на станкостроительном. Тут у нас все налажено, огороды под рукой. Переезжать никуда не хотим ни в коем случае! — гаворыць Рыма.

— А як жа ж з радыяцыяй?

— А, ничего. Не видно ее.

Завадатарка губарэвічскіх “магіканаў” — 75-гадовая пенсіянерка Надзея Зорына.

— Як здарылася аварыя, нашу дзярэўню аставілі пад вольнае адсяленне. Нам прадстаўлялі кварціры ў Мінску. Каторыя ўзялі ў Гомелі, Мазыры, Хойніках. Прыязджалі з Расіі, казахі, малдаване. А потым саўхоз запаў, стала хужэй, і людзі паехалі далей у лучшыя калхозы-саўхозы. Карацей, засталося сямей 5-6. І жылі тут спакойна, і дзеці да нас прыязджалі. Але начальства прыдумала, што нада лішнія дама захараніць, а тых, хто астаўся, — высяліць. Прасілі мы, заяўленія пісалі ў Мінск, Гомель. Кажуць: раз палучылі кварціры і не прыпісаны тут, значыць трэба высяляцца. А мы не хочам! Тут у 100 метрах саўхоз работае, кароўнік. У кілометры - вёска Высокае. І іх не чапаюць.

Чарнобыльцы: “Дайце нам тут спакойна памерці!”
 
— А Лукашэнку пісалі?

— Я тры разы пісала! Хрэн дайдзёт! Нас ужо ў райспалком вызывалі. А цяпер сельсавет збіраецца ў суд падаваць.
 
Надзея Зорына 45 год сумленна адпрацавала пры калгасе на розных гаспадарчых работах, за што атрымала кватэру ў Хойніках і пенсію ў 600 тысяч. “Але што я буду там сядзець на 3-4 этажы. А тут агарод, дом ахраняю...”.
 
Хата гэта належыць яе сыну, які працуе суддзём на Чукотцы. “Сын так любіць родзіну! Кажа мне: “Мама, не волнуйся. Дом — мая собсцвеннасць, я плачу за яго налогі. Прыеду, забор пастаўлю, хату адраманцірую”. Яшчэ двое сыноў жывуць ў Хойніках і Мінску.
 
— А ці баіцеся радыяцыі? — пытаюся ў баявітай жанчыны. 

— Мы ў самую радыяцыю работалі ў 5 кілометрах ад Чарнобылю на ўкладцы асфальту. Па дзве змены з лапатай, і нічога, — прыгадвае Надзея Канстанцінаўна.— Я знаю, што гэта зона - чыстая. Дзярэўню Краснае озера — там можна было сяліцца — разбамбілі, развярнулі, людзей высялілі. Дык хай бы і нас адразу, калі гора было, высялялі. А ўжо ж столькі прайшло. А радыяцыі дзе няма. У Мінску няма? Е! У Маскве няма? Е!

Трое з маіх аднакласнікаў, што ў Мінск уехалі, павесіліся ад аднае дасады. А я тут жыву, памагаю дзецям. Два-тры года пажывём і памром жа. Чаго нас гоняць?
 
— А чаму ў вас мужчын няма?

— Адны бабы асталіся ў раёне, а мужыкі — слабае звяно!
 

“На вуліцы буду жыць”

Марыя Данілаўна Дашук толькі ў верасні адначыла 79-годдзе. У яе за спінай 65 год стажу (“кароў даіла, усякія работы рабіла, у паляводстве…”). Пасля адсялення жыла адна на ўскрайку вёскі, але як злодзеі сталі красці курэй, парсючкоў, пераехала бліжэй да іншых людзей.

Чарнобыльцы: “Дайце нам тут спакойна памерці!”
 
Бабуля распавядае, што за жыццё прыйшлося зазнаць багата гора. “Немцы нас угналі на балота і абставілі пулямётамі. У нас быў стараста харошы – беларускі чалавек. Дык пайшоў пазваў сівога дзеда, які яшчэ на першай вайне быў. Перагаварыў той з імі па-нямецку, сказаў, што партызан тут няма, і нас пусцілі, — успамінае Марыя Данілаўна. — Бацька ўсю вайну адваяваў. З Берліну пяшком прыйшоў. Потым забалеў і памёр. Пяць дзяцей у нас было, голад, холад...”
 
Што рабіць, калі яе высяляць, жанчына не ведае. “У мяне нічога няма. Дзяцей няма, няма да каго ісці. Адна сястра ў Славуцічы, але ж гэта Ўкраіна, што мне там рабіць? Другая ў Гомеле, але ёй 84 гады — ніякая ўжо. На вуліцы буду жыць. За хату кампенсацыі мне далі толькі 7 мільёнаў, а за гэтыя грошы я кварціру не куплю”, — жаліцца старая.
 
Жанчына атрымлівае пенсію ў 500 тысяч. Дровы і брыкет для печкі купляе. Агарод дапамагаюць абрабляць сваякі. Два разы на тыдзень з Хойнікаў прыязджае аўталаўка. Кажа, каб не адсяленне, дык “узяла б яшчэ парасятка”. “Два разы пісала ў Мінск, каб перадалі Лукашэнку нашу просьбу. Дык прыйшло назад у Хойнікі, а яны мне напісалі, што ніякай пашчады не будзе”, — дзеліцца жанчына.
 
Ці адчуваецца ў іх радыяцыя? “Не, — кажа, — пражыла, амаль не хварэла. Толькі цяпер во, гады тры спіна баліць. А тыя, хто з’ехаў, усе памёрлі рана. Хто - у 50, хто - у 60, 70...”.
 
— Хай бы ўжо і мы дажывалі смерці, — ледзь не моліць яна на развітанне.
 

“Лукашэнка сказаў прыпісаць”

Нікуды не хоча з’язджаць ад дзедавай хаты і 79-гадовы Міхаіл Рудзянок, які дагэтуль працуе кіроўцам у мясцовым калгасе. Распавядае, што і кватэру пад Гомелем атрымліваў, і грашовую кампенсацыю. “Дык унукі ўжо праўнукаў панараджалі, 100 разоў гэтую кварціру перавярнулі. Мы дабіваліся тут астацца. Нам Гомель разрашыў. Вясной раёнка “Ленінскі сцяг” напісала, што высяляць не будуць. Дык цяпер Райіспалком зноў застаўляет”.

Чарнобыльцы: “Дайце нам тут спакойна памерці!”
 
— А на прэзідэнцкіх выбарах за каго галасавалі? — пытаюся ў Міхаіла Нікіфаравіча.
 
— За Лукашэнку, канечне. 8 год назад прэзідэнт прыязджаў. Мы абраціліся к яму і сказалі: "Мы работаем і нам хацелася, каб нас тут прыпісалі". Тады Лукашэнка прадсядацелю сельсавета сказаў: немедленно прыпісаць, і хай людзі работаюць і абагашчаюцца тут.
 
Старажыл кажа, калі б адразу пасля аварыі вёску пахавалі, гэта адно. “Цяпер я нікуды не паеду. Ні кварціры не хачу, нічога!”
 

Райвыканкам: “Закон не на іх баку”


Карэспандэнт TUT.BY папрасіў пракаментаваць канфліктную сітуацыю галоўнага спецыяліста аддзела архітэктуры, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС Хойнікскага райвыканкама Наталлю Родзькіну.
 
— Наш раён — адзін з самых пацярпелых ад аварыі. Таму дадзены населены пункт пастановай Ураду быў аднесены да зоны абавязковага адсялення. Усе тыя, хто застаўся, атрымалі новае жыллё, якое дагэтуль зарэгістравана на іх. Але яны паадавалі яго сваім дзецям, а цяпер гавораць, што і месца ім там няма. Тым, хто не атрымаў кватэры, была выплачана грашовая кампенсацыя за домаўладанне, памер якой у адпаведнасці з законам вызначала Бюро тэхінвентарызацыі. Адбылося гэты яшчэ 3-4 гады назад. То бок, людзі атрымалі грошы, жыллё і засталіся на месцы.
 
Сярод іх ёсць адзіная хата, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасці чалавека, які не атрымліваў ніякіх грошай. Адпаведна, мы не маем права высяляць яго і зносіць будынак. Усе астатнія жывуць у хатах, якія належаць дзяржаве.
 
Цяпер спецпрадпрыемства “Палессе” у рамках дзяржаўнай праграмы ажыццяўляе пахаванне парэшткаў панадворкаў і збудаванняў у зоне адсялення.
 
— Чаму нельга пакінуць гэтыя некалькі хат?

— Бо праз год-два ніхто не выдзяліць сродкаў, каб іх закапаць. А каштуе гэта вельмі дорага. Гэтак, у 2008 годзе кошт пахавання сярэдняга панадворка складаў больш за 11 млн рублёў.
 
Яны ўсе там пенсіянеры — па 70-80 гадоў. Мы неаднаразова іх прасілі, ездзілі туды — бессэнсоўна. Таму дадзена даручэнне старшыні сельсавета, каб дадзены населены пункт быў зачынены.
 
— Да якога чысла плануецца завяршыць адсяленне?

— Тры населеныя пункты, у якіх з 1990-х ніхто не жыў, ужо закапалі. Цяпер засталіся апошнія старажылы. Па Губарэвічах дакладна не скажу, але работы па ліквідацыі вёскі ўжо ідуць. Да канца года “Палессе” будзе ў нас працаваць, і на 2010 год таксама запланаваная работа.

Чарнобыльцы: “Дайце нам тут спакойна памерці!”
 
— А як жа быць з жывёлагадоўчай фермай, якая месціцца зусім паблізу ад вёскі і пастаўляе малако?

— Калі б нас адразу адсялілі, не было б ні нічога. Але наша жыццё не скончылачся. Нам жа трэба неяк прамысловасць падтрымліваць, сельскую гаспадарку. Малако здаецца на перапрацоўку на сыраробны камбінат у Хойніках. У нас ёсць комплекс ахоўных мерапрыемстваў ў сельскай гаспадарцы, якія зніжаюць колькасць радыёнуклідаў у зямлі.
 
Дарэчы, цяпер рыхтуецца праект пастановы па аднясенні населеных пунктаў да зонаў, дык Стралічава і Губарэвічы ўсё роўна застаюцца ў зоне. Гэта два апошнія месцы, дзе забруджванне цэзіем болш за 15 кюры. І пражываць тут небяспечна.
 
— Дык чым жа тады вёска горш за ферму?

— Туды ж ніхто не едзе жыць. Калі людзі прыязджаюць на працу, дык едуць у Стрэлічава — цэнтральную сядзібу гаспадаркі. Мы пайшлі нават на тое, што прапаноўвалі рассяліць старых з Губарэвічаў у Стралічаве, дзе ёсць школа, сельсавет, амбулаторыя. Яны і слухаць не хацелі. Пасля ўсяго гэтага думаеш, можа, і праўда на нашых людзей радыяцыя падзейнічала?
 
У Губарэвічах няма ніякай інфраструктуры. І адраджаць яе ніхто ня будзе. Ну, што мы можам з гэтымі старымі зрабіць? Закон не на іх баку.


Фота аўтара.
 
Матэрыял падрыхтаваны, дзякуючы экалагічнаму прэс-туру, наладжанаму Беларускай асацыяцыяй журналістаў.


←У Мінску прайшла навальніца

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика