Фелiкс Чарняўскi: Чуткi аб смерцi долара моцна перабольшаныя

Источник материала:  

Тое, што адбываецца ў апошнiя днi з доларам, чамусьцi ўспрымаецца як нешта звышнатуральнае. Цяперашняе падзенне курса амерыканскай валюты хтосьцi схiльны разглядаць нават як яе крах, прадвесце заняпаду Амерыкi. Сапраўды, колькi ўжо дзён запар iншыя валюты ўмацоўваюцца да "амерыканца". Аднак наўрад цi гэта ў такой жа ступенi хвалюе самiх амерыканцаў, канкурэнтаздольнасць чыiх тавараў павышаецца.

А вось за межамi ЗША тым часам актыўна абмяркоўваецца верагоднасць таго, што непахiсныя да гэтага пазiцыi сусветнай рэзервовай валюты ў хуткiм часе могуць быць страчаныя. Алею ў агонь падлiла так званая "змова" адвязаць нафту ад долара: агучаная iнфармацыя наконт падобнай iнiцыятывы на працягу гэтага тыдня "гонiць" курс "бакса" на сусветных рынках унiз. У тым лiку i ў нашай краiне, дзе афiцыйны курс амерыканскай валюты пасля ўчарашнiх таргоў зноў "зляцеў" — ужо да 2741 з ранейшых 2749. Аднак, раяць эксперты нашай газеты трымальнiкам зберажэнняў у доларах, галоўнае ў такой сiтуацыi — не панiкаваць. Таму што такога, каб курс гэтай валюты значна абрынуўся ўнiз лiтаральна ўжо заўтра, не будзе.

Што ж датычыцца чарговага "наступлення" на долар, то, напрыклад, на думку старшынi Асацыяцыi беларускiх банкаў Фелiкса Чарняўскага, гэта — звычайная спекуляцыя.

— Гэта рынак, i на спекуляцыях пэўныя людзi нажываюцца, — тлумачыць ён. — У першую чаргу трэба ацэньваць стан эканомiкi Злучаных Штатаў, а толькi потым усё астатняе.

— Наўрад цi абнадзейвальнай будзе iнфармацыя пра тое, што, паводле ацэнак экспертаў, дэфiцыт бюджэту ЗША больш як патроiўся i да 30 верасня дасягнуў рэкорднай сумы ў 1,4 трыльёна долараў.

— Асноўнай прычынай дэфiцыту стаў сусветны фiнансавы крызiс. Злучаныя Штаты "ўлiлi" вялiкiя грошы ў банкаўскi сектар у выглядзе крэдытных рэсурсаў, каб выратаваць фiнансавы сектар. Акрамя таго, яны развiвалi ваенную праграму, i вельмi моцна раслi ваенныя расходы. Цяпер апошнiя абмяжоўваюцца.

— Зразумела, што ЗША будуць прымаць пэўныя захады, каб не згубiць свае пазiцыi ў свеце. Разам з тым, як мяркуеце, цi iснуе "змова" супраць долара, хоць асобныя краiны, якiх да iнiцыятывы "далучылi" тыя ж СМІ, падобнае абвяргаюць?

— Чаму б i не. Чаму б краiнам не спрабаваць гэта зрабiць. Тым больш, што такiя захады рабiлiся i раней, былi створаны спецыяльныя правы пазыкi Мiжнароднага валютнага фонду. Гэта не новая iдэя, i спробы такiя, сапраўды, ёсць. Аднак шмат залежыць ад таго, што будзе адбывацца далей у сусветным раскладзе. Трэба сказаць, што эканомiка ЗША пакуль складае каля 25 працэнтаў сусветнай вытворчасцi, 40 працэнтаў сусветнага спажывання, у той час як Кiтая — 12 працэнтаў, Расii — 6.

Па-другое, панiжэнне курса долара выгаднае Злучаным Штатам, каб развiваць нацыянальную эканомiку. Iмпарт даражэе, i ЗША, напрыклад, перастаюць купляць японскiя, заходнееўрапейскiя тавары. Такiм чынам там пачынаюць купляць свае тавары, падтрымлiваць сваю вытворчасць. Я думаю, чуткi аб "смерцi" долара моцна перабольшаныя. I, мяркую, калi гэта адбудзецца, то толькi тады, калi iншыя эканомiкi ўзмацняцца настолькi, што змогуць канкурыраваць з амерыканскай. Еўропа аб'ядналася, але еўра ж не стаў сусветнай валютай. I яшчэ невядома, як сiтуацыя будзе складвацца надалей. Еўрапейскiя тавары пакуль яшчэ вельмi дарагiя, а амерыканскiя танныя. Аўтамабiлi, напрыклад, з Амерыкi праз акiян транспартаваць i купляць танней, чым з Заходняй Еўропы.

— Адным словам, простым людзям, якiя назапасiлi крыху долараў, хвалявацца не трэба?

— Калi яны хочуць павялiчыць даходнасць ад сваiх зберажэнняў, няхай трымаюць iх у беларускiх рублях: працэнтная стаўка па рублёвых дэпазiтах значна вышэйшая. Аднак падкрэслю i тое, што хiстаннi курсу долара, якiя адбываюцца, не iстотна ўплываюць на даходы i расходы грамадзян: куды больш шкоды ад панiкi, ад чутак накшталт тых, што той жа долар "пахаваюць". Калi амерыканскую валюту "скiдваюць" i прадаюць, нехта ж яе купляе. Для чаго?

— Вы маеце на ўвазе, каб зарабiць, калi курс пойдзе ўверх?

— Натуральна. Спекулянты нават на маленькiх курсавых змяненнях вялiкiя сумы зарабляюць, таму што аперыруюць вялiкiмi аб'ёмамi грашовых сродкаў. Укладчыкам жа хiстаннi курсаў валют не прынясуць вялiкiх страт, а, магчыма, у будучынi прынясуць i прыбытак.

Iгар ШЧУЧЭНКА.

←Белорусские кулинары завоевали три золотые медали на международном фестивале

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика