Дзiўнае паляванне барацьбiтоў з карупцыяй

Источник материала:  

Вывадак сіямскiх кацянятак сустракае рэдкiх наведвальнiкаў займiшча Глушыцы. Яны кiдаюцца на кавалкi белага хлеба так, быццам нiколi не бачылi ежы за сваё кароткае жыццё. Брама адчыненая — заходзь хто хоча, бяры што хочаш... Браць, трэба сказаць, тут ужо няма чаго. На ўсiх пабудовах бачныя сляды знявечання. Вырвана i адломлена ўсё, што можна было вырваць i адламаць. Вось калодзеж, на якiм яшчэ нядаўна быў электрапрывад для падачы вады ў дамы. Правады абрэзаныя i тырчаць ва ўсе бакi. Насустрач выходзiць мясцовы жыхар Васiль Шыкалаў, вялiкi аматар крыжаванак. Нягледзячы на непераадольную цягу да выпiўкi, ён захаваў учэпiстую памяць. Я пераконваюся ў гэтым, калi пытаю, цi многа тут было рознай бытавой тэхнiкi. Ён мяне здзiўляе прапановай на паперы скласцi падрабязны спiс усяго, што тут было, i пачынае пералiк...

 

Няма таго, што раньш было...

Прафесiйны заатэхнiк, якому толькi i засталося, як клапацiцца пра шэсць катоў, з сумам узгадвае сваiх былых гадаванцаў i праводзiць экскурсiю па рэштках вялiзнай сядзiбы. Заходзiм у дом.

— Тут на сцяне рысь вiсела, галавою ўнiз, — паказвае Васiль Львовiч цвiкi, якiя дагэтуль забiтыя па контуры шкуры. Самой шкуры няма. Яна — рэчавы доказ у "паляўнiчай справе". — Галава была ў яе, як у чучала. Тут багата чаго на сценах было: розныя паляўнiчыя трафеi вiселi. Фотаздымкi. Усе былi аматары фатаграфавацца — i з дзiкамi, i з самамi — канфiскавалi гэтыя фотаздымкi, са сцен паздымалi. Чучала ваўка было, дзiк быў на колцах — яго можна было перакочваць з месца на месца. Многа тут было халадзiльнiкаў, маразiльнiкаў, два DVD, "талерка" спадарожнiкавая, кухонныя камбайны... А сёння, бачыце, лямпачка на провадзе засталася, а асвятленне з красавiка адключана. У кожнага быў свой вагончык-бытоўка, у ёй — усё неабходнае для жыцця. Тут было 13 вальераў для сабак, кожны — пад сваiм нумарам, i ў кожнага ў вальеры свая будачка была. Я заўсёды ведаў, якога чым кармiць, якому больш вiтамiнаў трэба даць. 33 сабакi: 4 ахоўныя аўчаркi i астатнiя — элiтныя лайкi. Яны ж у нас заўсёды першыя месцы бралi на выставах. Спачатку я ў чыгунах ежу варыў для сабак, а потым тут, на тэрыторыi, пабудавалi сапраўдны кармацэх. Бачыце — халадзiльнiк прамысловы. Аднекуль усё панавозiлi... Для ўсiх жывёлiн мне Рыбнiкаў i Татарынаў прывозiлi муку, корм. Тут i млын быў электрычны.

Васiль Львовiч расказвае, што ён разам з мацi гаспадара хутара вучыўся ў адным класе i даўно яго ведаў. Пытаю: "Хто ж тут быў сапраўдны гаспадар? Быццам жа агульнае ўсё было?" Ён глядзiць на мяне з непаразуменнем.

— Падпалкоўнiк, натуральна.

— Ён вам плацiў за працу?

— Не. Ён мяне апранаў i кармiў. Мы з адной вёскi, з бацькам яго разам працавалi. Бацька аграномам, я — заатэхнiкам. Вось тут у нас клеткi з трусамi стаялi. Тут быў куратнiк зроблены. Конi былi: Буцафал, Эўрыка, Машка...

Ён узгадвае кожнага з коней не толькi па масцi, але i па нораве, i па тым, якога як выкарыстоўвалi, якi на што хварэў, памятае... Аб верхавых — з асаблiвай любоўю гаворыць. Пра п'янкi-гулянкi ўспамiнае неахвотна, быццам баiцца чагосьцi, аднак часам у яго вырываецца:

— Падпалкоўнiк, калi закончыў акадэмiю, сюды прыязджаў са сваiмi аднакурснiкамi, адзначаў... Пагулялi.

— А жанчыны тут часта бывалi?

— На паляванне з жонкамi не ездзяць, — адказвае Васiль Шыкалаў. — Было такое, што мянялi жанчын. Калi пабыла ўжо, трэба ж мяняць на наступную. У падпалкоўнiка свая была — з органаў.

Дзiўнае паляванне барацьбiтоў з карупцыяй

  Васiль Львовiч называе званне i iмя. Што датычыцца сабак, то iх "састаў" тут пастаянна абнаўляўся. Як сведчаць заўзятыя паляўнiчыя, якiм не раз даводзiлася хадзiць на дзiка, даволi часта здараецца так, што за адно паляванне на iклах секача гiне па тры-чатыры сабакi.

Драпежнiца з Чырвонай кнiгi i iншыя жывёлiны

"Паляўнiчая справа", пра якую чулi бадай усе, але мала хто што ведае дакладна, заведзена па дзеяннях, якiя адбывалiся ў тым лiку i на гэтым хутары. Назва Глушыца поўнасцю адпавядае месцазнаходжанню. Без праваднiка тут могуць арыентавацца толькi мясцовыя жыхары. Яны, мiж iншым, апошнiя гады iмкнулiся абыходзiць сядзiбу бокам. Сын былога гаспадара хутара, якi ў свой час прадаваў бацькоўскую спадчыну, патомны ляснiк Мiкалай Канода, расказвае, што з абходам часцяком ля хутара бывае, а вось калi на сядзiбе гулялi — падпалкоўнiк не дазваляў, каб туды заходзiлi нават вады напiцца.

— А дзе людзям вады яшчэ шукаць? Вакол жа жылля больш няма. Бацьку майго выгнаў падпалкоўнiк — у сад не пусцiў, матку таксама. Нават не дазваляў уздоўж сядзiбы iхняй ездзiць. Я яму кажу: тут дарога законная, абгарадзiся, людзi не будуць бачыць, хто там у цябе знаходзiцца. Вiдаць, баяўся, што ўбачаць. Ён адзiн дзень нармальны, а на другi паказвае, што ён — падпалкоўнiк. Памятаю, яны сваiх дзевак прывезлi, а тут Бобрыкаў прыехаў са сваёй кампанiяй. Той яму кажа: "Каго ты сюды возiш? Больш не прыязджай сюды". Бобрыкаў з 2006 года i не ездзiў.

А вось калi астанiя ездзiлi на паляванне, лясная дарога расчышчалася грэйдарам: каб сюды зручна было ў любое надвор'е дабiрацца. Сядзiба куплялася ў лiстападзе 2003 года. Невялiкi калектыў паляўнiчых дамовiўся набыць дом, каб было дзе прыпынiцца i адпачыць. Іх, афiцыйных саўладальнiкаў, шэсць. Тады яны былi не толькi заўзятымi аматарамi хобi для сапраўдных мужчын, але i сябрамi. Многiя ведалi адзiн аднаго з дзяцiнства. Практычна ўсе звязаныя памiж сабой калi не сваяцкiмi, дык суседскiмi цi кумаўскiмi сувязямi. Вось i падпалкоўнiк з прадпрымальнiкам Бобрыкавым — таксама кумы.   

Тады кожны з шасцi скiнуўся па пэўнай суме грошай на "дамок паляўнiчага". Праўда, аформiлi купленую маёмасць не на ўсiх, а на аднаго — Леанiда Бобрыкава:

— Падпалкоўнiк мне сказаў: "Так будзе лягчэй аформiць здзелку. У цябе больш вольнага часу, таму павесiм дом на цябе. Ды i навошта мне свае пагоны кампраментаваць", — успамiнае прадпрымальнiк.

У кампанii заўзятых паляўнiчых быў i свой егер — Мiкалай Дзядкоўскi. Так што з афармленнем дакументаў на паляванне праблем не было:

— Апошнi час я з падпалкоўнiкам сварыўся. Проста я павiнен быў абавязкова прысутнiчаць на паляваннi — як егер. Усё пад яго загадам было: конi, дзiчкi, куры, качкi, сабакi... Амаль усе сабакi былi яго асабiстыя, толькi некалькi — Татарынава i Рыбнiкава. Ён усiм хлопцам заданнi даваў: Лэбан з Рыбнiкам (Татарынаў i Рыбнiкаў) корм жывёле прывозiлi, "Алоўкi" (гэта браты Сiткевiчы) будавалi... Акрамя падпалкоўнiка, нiхто не меў там права голасу. Як ён скажа, так i робяць. Насамрэч там нiхто не адчуваў сябе саўладальнiкам сядзiбы. Калi я задаваў нейкiя пытаннi наконт дома, ён мне адказваў: "Коля, не лезь не ў свае справы".

Сёння Мiкалай Дзядкоўскi панёс пакаранне за тое, што пры iм была застрэлена рысь. Ён, егер, павiнен быў не дапусцiць забойства звера, занесенага ў Чырвоную кнiгу. Забiў лясную драпежнiцу Валерый Татарынаў. Былы мiлiцыянер i паляўнiчы са стажам, ён не настроены на гаворку аб тым, што i як было. Мне адказвае толькi на адно пытанне — цi захаваўся калектыў паляўнiчых такiм, якiм быў у 2003 годзе.

— Не, не захаваўся. Бобрыкаў не ездзiў з намi на паляванне. Я не ведаю, чаму. Ён увогуле туды не з'яўляўся. Тры гады — гэта дакладна — яго там з намi не было.

"Алоўкi": без зубоў i без грошай...

Больш адкрытыя для размоў браты Сiткевiчы. Іх тут усе ведаюць пад мянушкай "Алоўкi". 47-гадовыя браты падобныя адзiн на аднаго, сапраўды, як алоўкi ў пачку. Рукi ў iх залатыя — хоць намаляваць, хоць пабудаваць, хоць разьбу па дрэве зрабiць. Вярнулiся яны ў 2007 годзе з заробкаў, а тут насустрач — аднакласнiк. Далей браты Iван i Валодзя расказваюць самi, перабiваючы адзiн аднаго.

— Гаворыць: хлопцы, давайце я вас завязу да добрых людзей, работу атрымаеце, грошай заробiце. Мы селi i паехалi. Два з паловай гады мы прасядзелi ў Глушыцы. Дом на хутары стаяў не абшыты вагонкай, нiчога ў доме тады не было, толькi шкуры. Хлеў быў. I свiння дзiкая ў хляве. Лазня стаяла, калодзеж. I ўсё.

Дзiўнае паляванне барацьбiтоў з карупцыяй— Тэрыторыя тады была толькi побач з возерам агароджаная, i тое не паўсюль. Агароджы амаль што не было, толькi брама стаяла. У першую чаргу мы пабудавалi загон для коней — той, што ў лесе. Потым рабiлi вальер для дзiкоў. Усё лета мы яго будавалi, вялiкi вальер атрымаўся. За гэты вальер нам перад Новым годам падарыў падпалкоўнiк скутар. Нам сказаў, што ён каштуе 1800 долараў. Цяпер я гэтаму не веру.

— А потым мы будавалi альтанку. Там памеры вялiзныя: прыкладна 6 на 10 метраў. У ёй мы стол зрабiлi — прыгожы i вялiзны. Харчавання было — мора, i гарэлкi — мора. У лазнi памыюцца з дзяўчатамi сваiмi — i за стол. Двух генералаў з Гомеля прывозiлi. Дырэктар БМЗ быў разы два цi тры. Ён нам гарэлку налiваў, запрашаў, каб мы прыехалi да яго зрабiць альтанку, але ж падпалкоўнiк нас не адпусцiў.

— А потым пачалi будаваць новы кармацэх. Усё з нуля пачыналi — з падмурка. Куратнiк новы пабудавалi — прыгожы такi. I адначасова мы рабiлi розныя вырабы з трафееяў, якiя потым на сцяну вешалi. У асноўным з палявання прывозiлi дзiкоў, коз, лася. Навучылi нас дзiчыну разбiраць, што мы i рабiлi. Мы ж той дом, што быў, аздобiлi вагонкай i знутры, i звонку. За возерам быў агарод, мы там цяплiцу зрабiлi, пасадзiлi гароднiну. Мы яшчэ зрабiлi стаянку вялiкую — навес для машын, крыты шыферам.

— Падпалкоўнiк усе будаўнiчыя матэрыялы заказваў, а прывозiў Рыбнiкаў. Усiм там камандаваў толькi падпалкоўнiк, усё толькi ад яго залежала, i ўсе слухалiся толькi яго.

— Падпалкоўнiк асабiста нам паказаў, дзе будзе ўчастак пад загон для кабаноў, i мы будавалi.

— Вiдаць, грошай многа зарабiлi?

— Грошай нам не плацiлi ўвогуле. Толькi прывозiлi прадукты харчавання i цыгарэты. А абяцалi шмат чаго. Падпалкоўнiк нам сказаў, што завёў на нас кнiжкi i грошы кладзе на кнiжку, а мы толькi праз два гады зможам iх узяць. I мы гэтаму верылi. Потым ён у мяне пытаецца: Ваня, як тваё прозвiшча? I тут я зразумеў, што нiякай кнiжкi ў мяне няма, бо нельга ж адкрыць рахунак, калi не ведаеш прозвiшча. Мы пачалi сумнявацца, але ж усё-такi верылi i спадзявалiся на нешта. I ў цесця яго мы пабудавалi альтанку. Дык яго цешча пры нас давала нам грошы за працу — 500 тысяч, а падпалкоўнiк нам iх не аддаў. А прывёз нам толькi трусы i майкi. Сказаў, што грошы Валодзю пойдуць на зубы.

Зубы — асобны боль Уладзiмiра Сiткевiча. Яму сёння можна толькi паспачуваць, бо дастаткова малады мужчына практычна пазбаўлены магчымасцi нармальна есцi i размаўляць.

— Я свае зубы павырываў, а падпалкоўнiк паабяцаў, што ён iх мне ўставiць. Крутыя зубы абяцаў, сказаў, за 5 мiльёнаў. Раней хоць дрэнныя, а былi свае, жаваць можна было. А зараз падпалкоўнiка пасадзiлi, мы засталiся без зубоў i без грошай.

— Цi часта падпалкоўнiк на хутар прыязджаў?

— Вельмi часта — кожныя выхадныя ён там быў. Жонка яго толькi два разы прыязджала. А вось тая, што з мiлiцыi, прыязджала з iм заўсёды.

— Так, яна тут вельмi часта была. Дзяўчат вазiлi многа, я не ведаю, адкуль — маладых дзевак, 18-19 гадоў. Быў там адзiн — той любiў маладых дзяўчат, яму iх прывозiлi.

— Гарэлку такую наварочаную прывозiлi, каньяк, вiно добрае. Усё падпалкоўнiк прывозiў i iншыя — скрынямi. Старшыня калгаса прыязджаў на белым джыпе, прывозiў па 2-3 скрынi гарэлкi, сумкамi харчаванне. На стол не памяшчалася. Падлогу засцiлалi гэтым усiм. Там ежа была такая — я такой не бачыў нiколi. Ясi i не ведаеш, што ты такое ясi.

— Iх столькi панаязджае, за стол часам не памяшчалiся. Раз-два ў месяц вялiзныя кампанii бывалi.

"Галiвудзiлi добра..."

— Галiвудзiлi добра. Любiлi сеткi закiнуць у возера... Мы саромелiся з iмi за сталом сядзець, хоць нас i запрашалi. Падпалкоўнiк у асноўным не хацеў фатаграфавацца. А вось калi дзiчыну застрэляць, пасядуць ля яе, тады разам фатаграфавалiся.

— Кармы для жывёлы, для сабак яны прывозiлi. Панавозяць мяхамi — падпалкоўнiк разам з Татарынавым i Рыбнiкаў. Гэтае мяса псавалася нават, так яго многа было, не паспявалi есцi. Па 3-4 такiя вялiзныя мяхi. Чырвоную рыбу прывозiлi. Яе i самiм можна было есцi. Добрая такая, вялiзная рыба...

— А чаму вы без грошай сядзелi, чаму дадому не паехалi?

— Толькi мы дадому паедзем, два днi — i па нас зноў прыязджаюць. Гавораць: усё, хлопцы, садзiцеся ў машыну, паехалi на хутар. Там трэба яшчэ нешта зрабiць, што вы тут будзеце сядзець.

— Чаму не патрабавалi заплацiць за працу?

— Ведаеце, ён такая шышка, што яму скажаш? Гэта ж простаму чалавеку можна сказаць у вочы, а гэтаму што скажаш? Падпалкоўнiк зруб у Жлобiн перавёз i казаў, каб мы аздобiлi яго ўнутры. Абяцаў, што за гэта падорыць жончыну машыну. Верылi. Гэта ж не с простым чалавекам размаўляеш, а з падпалкоўнiкам мiлiцыi.

Асаблiва складана рабацягам было тады, калi раптам пад iх гаспадаром зямля захiсталася. "Браты-алоўкi" Сiткевiчы ўзгадваюць такую нядаўнюю гiсторыю.

— Прыехаў да нас маёр мiлiцыi разам з Валерам Татарынавым — далi па аркушы паперы. Кажуць: пiшыце заяву. I дыктуе: "Пiшыце, што вас супрацоўнiкi КДБ збiвалi, просiм узбудзiць крымiнальную справу". Валера нам кажа: "Я напiсаў, Рыбнiкаў напiсаў, i вы так пiшыце". Ледзь руку не выломвае — пiшыце! Мы i напiсалi, а потым адмовiлiся ад гэтага. Потым у красавiку ранiцай сюды прыйшлi тры мужчыны. Пытаюцца: "Хто гаспадар?"

— Мы кажам: Бобрыкаў. Таму што нам падпалкоўнiк казаў, калi што — трэба казаць, што дом Бобрыкава, быццам ён гаспадар i ён кожны тыдзень прывозiць прадукты. I нагадвалi неаднаразова: калi да нас хтосьцi прыйдзе, каб не пускалi сюды нiкога. У iх была апаска нейкая, вiдаць, штосьцi адчувалi. Тады нам гавораць: "Скажыце, як выглядае Бобрыкаў?" А мы Бобрыкава нiколi не бачылi. Штосьцi гаворым, а не ведаем, што Бобрыкаў стаiць насупраць нас.

— А потым, калi ўсё вывозiлi адсюль, прыехала да нас дадому жонка падпалкоўнiка разам з Валерам Татарынавым. Увесь дом у нас перавярнулi. Вiдаць, думалi, што мы будаўнiчы iнструмент забралi з сабой. Мае разцы па дрэве, i тыя жонка падпалкоўнiка забрала. I вудачку.

— Гэта потым мы зразумелi: навошта мы хлусiлi? Трэба было казаць, як ёсць насамрэч.

Сёння браты Сiткевiчы шмат аб чым шкадуюць, але ж дакладна не шкадуюць аб тым, што не бачаць больш таго "райскага" жыцця. Кажуць, у Глушыцу больш — нiколi нi кроку.

Хто гаспадар?

Аб асаблiвасцях шматлiкiх паляванняў вакол хутара Глушыца, вiдаць, ведаюць больш за iншых прафесiяналы ў гэтай справе, дзве правыя рукi падпалкоўнiка — Валерый Татарынаў i Уладзiмiр Рыбнiкаў. Аднак яны не надта шматслоўныя. Апошнi толькi, як i Татарынаў, пацвярджае, што фармальны ўладальнiк сядзiбы — Бобрыкаў — даўно не з'яўляўся на хутары.

— Яны з Бобрыкавым пасварылiся. Бобрыкаў там больш не з'яўляўся. I не мае дачынення нi да адной з гэтых пабудоў.

Мiж тым, пабудовы ў Глушыцы — адзiн з асноўных камянёў, аб якiя сёння спатыкаюцца ўсе, хто мае дачыненне да "паляўнiчай справы". За набудаванае не змагаюцца — адмаўляюцца. Чаму так?

Дом, лазня, два хлявы. I калодзеж звычайны. Гэта ўсё, што было на момант куплi сядзiбы ў 2003 годзе.

Судом Жлобiнскага раёна дакладна вызначанана, што дом набываўся ў агульную сумесную маёмасць. Тры гады, як Леанiд Бобрыкаў не з'яўляўся на гэтай зямлi. Менавiта за гэты час тут былi ўзведзены незаконныя пабудовы.

Адна з iх — той самы вальер для дзiкоў, на якiх нацкоўвалi сабак. Вышыня паркана з тоўстых бярвенняў складала 2 метры 20 сантыметраў. Сёння ўсё разабрана i ляжыць вялiзнай драўлянай кучай побач з сядзiбай. Цiкава, што вальер гэты знаходзiўся на значнай адлегласцi ад асноўнай сядзiбы. Трэба абысцi немалую прыгожую сажалку, прайсцi праз вялiзны яблыневы сад, дайсцi да маладога бярэзнiка, што ля самага лесу — там i ўтрымлiвалiся дзiкi. Нават калi прызнаць, што фармальна грамадзянiн Бобрыкаў — уладальнiк сядзiбы, то да той зямлi ён не мог мець увогуле нiякага дачынення. Гэты захоп мог зрабiць любы, нават не ўладальнiк дома. Тым не менш, сёння прадпрымальнiка прызналi вiнаватым i ў захопе той зямлi, i ў будаўнiцтве вальераў, i ў зносе гэтых незаконных пабудоў.

— Кожны прыезд мы павiнны былi ўзгадняць з падпалкоўнiкам: хто едзе, каго можна прывезцi, — узгадвае камерсант Бобрыкаў. — Я зразумеў, што мне гэта не трэба, i з лютага 2006 года мая нага туды не ступала. Калi да мяне прыйшлi супрацоўнiкi КДБ, я iм начарцiў план, што там было пры мне — усё так, як куплялася, згодна з дакументамi БТI. А вось калi мы прыехалi туды, я афiгеў! Там столькi пабудоў новых, якiх пры мне не было. Падпалкоўнiк не лiчыў патрэбным, каб я ведаў, што там будуецца. З таго часу, як мы пасварылiся, у нас былi толькi фармальныя стасункi. Як калiсьцi, ужо не запрашалi адзiн аднаго на сямейныя ўрачыстасцi, нягледзячы на тое, што кумы.

Леанiд Бобрыкаў, фармальны ўладальнiк сядзiбы, сёння не разумее, чаму яму прызначаны ўсе штрафы як па адмiнiстрацыйных, так i па грамадзянскiх справах. Не ён усё гэта набудаваў, не ён тут паляваў, не ён сабак i iншых жывёл утрымлiваў, не ён электрычнасць незаконна палiў... Так? Так. Але ж штрафы за ўсё менавiта ён павiнен плацiць. Немалыя грошы. На iх можна дом пабудаваць.

— Першы адмiнiстрацыйны пратакол быў за незаконны захоп зямлi, — працягвае аповед Леанiд Бобрыкаў. — Мяне караюць жлобiнскiя землеўпарадчыкi — у красавiку гэтага года. Я ў гэты момант ляжаў у бальнiцы з гiпертанiчным крызам. Прыбягае да мяне землеўпарадчык з пратаколам, я на iм напiсаў, што не згодны. Гэтыя вальеры, якiя мне прыпiсалi, знаходзяцца за 150 метраў ад участка! Потым Новамаркавiцкi сельскi Савет мяне таксама карае — i таксама за незаконны захоп зямлi. Жлобiнскi раённы суд — за незаконныя пабудовы. Рэчыцкi лясгас — за тое, што кабаны, якiя ўтрымлiвалiся на гэтай зямлi, пашкодзiлi надглебавае покрыва. I потым — за знос вальераў. Гэта ўсё мне прыпiсалi. Потым палiчылi, што, калi я будаваў, значыць, i святло падключаў. Адмiнiстрацыйны пратакол пацягнуў за сабой грамадзянскiя справы. За святло атрымалася так. Пры мне стаяў у доме лiчыльнiк. У лютым я падпiсваў паперы па электраэнергii. У сакавiку плацiлi ўжо тыя, хто там жыў. А ў красавiку складаецца пратакол аб крадзяжы электраэнергii мною: датуецца лютым i налiчваюцца штрафы на папярэднiя тры гады. Пабудовы, мiж iншым, там з'явiлiся ў 2007-2008 гадах, але ж штрафы налiчылi так, быццам бы яны тры гады там стаялi. На пасяджэннi Жлобiнскага райвыканкама мне яшчэ далi штраф. У цэлым атрымлiваецца, што я вiнен больш за 200 мiльёнаў рублёў.

Згодна з Кодэксам Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, адмiнiстрацыйныя пратаколы складаюцца на ўладальнiка, калi не выяўлена вiнаватая асоба. У гэтым выпадку, здаецца, яна дакладна вызначана. Калi нават меркаваць, што ў Бобрыкава быў ускосны намер — ён не сачыў за сваiм домаўладаннем — то яго можна было б прыцягнуць да адказнасцi, калi б не было выяўлена, ХТО па-сапраўднаму гаспадарыў на гэтай зямлi. Калi вiнаватая асоба вызначаная — а ўсе сведкi расказалi, хто прывозiў матэрыялы, будаваў, падключаў электрычнасць — чаму прыцягваюць да адказнасцi ўскосна вiнаватую асобу, якая нядбайна ставiлася да ўтрымання домаўладання? Але ж пры гэтым не прыцягваюць да адказнасцi канкрэтна вiнаватых асобаў, вызначаных у працэсе разгляду грамадзянскiх спраў? Чаму сапраўды асоба, названая судом вiнаватай, не нясе адказнасцi за тое, што набудавана ў Глушыцы?

Чыя зямля?

Ёсць i яшчэ адна акалiчнасць у гэтай справе. Чыя ж гэта зямля? З адказам на гэтае пытанне памiж сабой не могуць вызначыцца Новамаркавiцкi сельскi Савет i Рэчыцкi доследны лясгас. Пры продажы-куплi дома ў Глушыцы даведку даваў Новамаркавiцкi сельсавет, якi тэарэтычна не меў права даваць дазвол на будаўнiцтва гэтага дома, таму што зямлю, на якой ён стаiць, спачатку трэба было вывесцi з земляў ляснога фонду. Бобрыкаў не мог ведаць аб тым, што купiў незаконна ўзведзенае збудаванне, але ж на ўсялякi выпадак штрафамi яго пакаралi i сельсавет, i лясгас. Зразумелым становiцца яго абурэнне:

— Калi я спытаў у старшынi Новамаркавiцкага сельскага савета, чаму ж яны не зацiкавiлiся, цi не самавольна будуюцца ў Глушыцы, яна мне адказала: "Калi б я да iх зайшла, я б сядзела ў iншым месцы". Чаму не прыцягваюць да адказнасцi тых асобаў, якiя павiнны наглядаць за землямi свайго ляснога фонду? На працягу трох гадоў на iх тэрыторыi пасвiлiся i дзiкi, i сабакi, iшоў захоп земляў, што, iх егеры не ведалi аб гэтым?

I ўсё ж Бобрыкаў прызнаны вiнаватым. Апошняе рашэнне суда Жлобiнскага раёна аб устанаўленнi факта мiзэрнасцi здзелкi аспрэчана пракуратурай Жлобiнскага раёна. Заблытаная грамадзянская справа знаходзiцца на паўторным разглядзе ў Гомельскiм абласным судзе.

Хто заплацiць па рахунку?

Мiж тым, зразумела, што ўсё, аб чым iшла гаворка, — толькi вяршыня айсберга. Яго падводная частка куды больш значная. I гэта ўжо iншая крымiнальная справа, таксама звязаная з дзеяннямi, аб якiх iшоў аповед. Яе назва "паляўнiчая" — вельмi ўмоўная. Пакуль мы не маем магчымасцi называць прозвiшча галоўнай дзейнай асобы на хутары Глушыца, таго самага падпалкоўнiка. Ён знаходзiцца ў следчым iзалятары КДБ, абвiнавачваецца па артыкуле "перавышэнне ўлады". Але ж гэта аб яго "подзвiгах" узгадаў на нарадзе з аператыўна-начальнiцкiм саставам 29 чэрвеня 2009 года Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка. Цытую па сайце http://respublika.info/4784/official/article32178/ у перакладзе на беларускую мову: "Выяўлена маса выпадкаў, калi так званыя барацьбiты са злачыннасцю, выкарыстоўвалi дадзеныя iм правы i магчымасцi ў злачынных мэтах. Так, у поле зроку КДБ трапiў начальнiк аддзела па барацьбе з карупцыяй i эканамiчнымi злачынствамi Жлобiнскага РАУС. Вызначана, што ў 2003 годзе ён набыў i аформiў на падстаўную асобу сядзiбу плошчай больш за 2 га ў лясным масiве на тэрыторыi Жлобiнскага раёна. Ён захапiў больш за 1 га лясных угоддзяў, пабудаваў 400 самавольных пабудоў, абзавёўся зграяй з 29 пародзiстых сабак i дзiкамi. Усю гэтую гаспадарку бясплатна абслугоўвалi мясцовыя жыхары. Пры гэтым незаконна выкарыстоўвалiся электраэнергiя, рахунак за якую за апошнiя тры гады перавысiў Br 26 млн. На створанай базе рэгулярна палявалi i рыбачылi кiруючыя работнiкi, высокапастаўленыя адказныя асобы органаў унутраных спраў".

"Паляўнiчая справа", як вялiзная рака з ручаёў, складаецца цяпер з некалькiх спраў, не толькi крымiнальных, але адмiнiстрацыйных i грамадзянскiх. Частка з iх датычыцца той самай "падстаўной асобы" — прадпрымальнiка Леанiда Бобрыкава, якi ў гэтым выпадку, здаецца, стаў ахвярай сваёй легкадумнасцi пры афармленнi пэўных дакументаў на маёмасць яшчэ шэсць гадоў таму. Дзякуючы гэтым абставiнам яму i даводзiцца лiтаральна плацiць па рахунках "за таго хлопца".

З iншага боку, такi расклад адназначна выгадны той самай асобе, якая зараз знаходзiцца пад следствам. Для яе гэта адзначае вызваленне ад адказнасцi за здзяйсненне наўмысных супрацьпраўных дзеянняў, прадугледжанай Кодэксам Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, бо за ўсё ўжо панёс пакаранне iншы чалавек.

I апошняе: аб справах, што адбывалiся на Глушыцкай сядзiбе на працягу некалькiх апошнiх гадоў, добра ведалi практычна ўсе жыхары навакольных вёсак, ды i многiя ў сямiдзесяцiтысячным Жлобiне, якi знаходзiцца ў 47 кiламетрах ад паляўнiчага займiшча. Атрымлiваецца, што лiчылi прымальным: калi ёсць зоркi на пагонах, значыць, IМ — можна ўсё. Цi сапраўды людзi баялiся, што iх скаргi супраць iх жа i павернуцца?

Здаецца, страты маральныя ў гэтай гiсторыi куды большыя за матэрыяльныя...

Вольга АЎРАМЕНКА.

←Белорусские кулинары завоевали три золотые медали на международном фестивале

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика