Як нас дураць

Источник материала:  

Як нас дураць

Уласны карэспандэнт "Звязды" па Вiцебскай вобласцi спрабаваў дапамагчы даверлiваму жыхару глыбiнкi прадаць тытунёвы попел. Для аказання рэальнай дапамогi рэпарцёру "Звязды" давялося цярплiва i ўважлiва вывучаць "папяловую тэму" на "чорным рынку" i нават выйсцi на патэнцыйных закупшчыкаў попелу ў суседняй дзяржаве — брацкай Украiне. Атрымалася ўсё гэта не без цяжкасцяў i не за адзiн дзень.

 

"Прадам слоiк попелу. Дорага!" Спачатку, калi ўбачыў такiя аб'явы на дошках паведамленняў, падумаў, што жарт. Нават ад душы пасмяяўся. Навошта прадаюць гэты самы попел? Хто? I хто ў яго (яе) попел купiць? Потым аналагiчную аб'яву ўбачыў на папулярным рэгiянальным iнтэрнэт-сайце.

Звязаўся з прадаўцом. Папрасiў у мяне мужчына... да 50 умоўных адзiнак за... 100 грамаў. I з умовай, што можна цану панiзiць, калi куплю насамрэч. А ў яго амаль аж лiтровы слоiк попелу. Гэта ж колькi грамаў змесцiцца ў лiтровы слоiк? Не слаба?

I што мне потым з гэтым "багаццем" рабiць, калi насамрэч яго купiў бы? Прадавец попелу катэгарычна адмовiўся адказаць на канкрэтнае пытанне — што ён сам будзе рабiць з попелам, якi я ў яго не куплю? I адкуль такая касмiчная цана ўзялася? Ён адказваў без асаблiвага энтузiязму. Маўляў, а што вам за справа? Купляйце, а астатняе вас не хвалюе...

Але ж калi ён пачуў, што я з рэдакцыi газеты, тым больш рэспублiканскай, якую ён ведае i чытаў, шчыра папрасiў яму дапамагчы. Расказаў, што пачалося ўсё з таго, што ягоны знаёмы параiў збiраць попел, бо i сам неаднаразова паспяхова яго прадаваў. А потым, як паехаў у Расiю, так i на сувязь не выходзiць. Вiдаць, вельмi заняты на працы. А мо проста пажартаваў за чаркай. I мой новы знаёмы — гандляр попелам у вынiку цяпер самастойна шукае таго, каму прадаць не вельмi распаўсюджаны, скажам так, тавар.

Каб дапамагчы, звязваюся з рознымi iнстанцыямi. Мо пачалi ў нас купляць попел? У падатковай iнспекцыi Вiцебскай вобласцi спачатку вельмi здзiвiлiся маёй просьбе пракаментаваць нешта па тэме. Адназначна канстатавалi, што нiхто з прадпрымальнiкаў, тым больш нiякiя фiрмы, не заяўлялi пра ажыццяўленне такога нестандартнага вiду закупнай дзейнасцi.

Афiцыйна ў беларускiх аптэках тытунёвы попел не купляюць. Таксама праверана ў размовах з прадстаўнiкамi фармацэўтычных структур.

Дык усё-такi, хто купляе попел i што потым робяць з попелам пакупнiкi?

Дарэчы, не выключаецца, што наш прадавец проста мог бы вельмi лёгка трапiць на вуду махляроў, калi б самастойна спрабаваў прадаць попел. Як i ягоны знаёмы. Цi апошнi сам — не вельмi сумленны чалавек?

Пакупка попелу можа быць чарговым i вельмi нестандартным вiдам махлярства. Колькi iх ужо вядома — сотнi!

Калега з Пскоўскай вобласцi, мiж iншым, расказваў, што ў Расii такiм чынам некаторыя зладзеi зарабляюць падманам. Просяць, напрыклад, у якасцi пацвярджэння таго, што вы дарослы i маеце права палiць (здаваць попел), выслаць "трохi" расiйскiх рублёў: 200 — 300, а таксама копiю лiста пашпарта, дзе пазначаныя дата, месяц i год нараджэння.

А яшчэ могуць даць рэкламнае паведамленне пра тое, што купляюць попел, а самi будуць потым проста прапаноўваць купiць у iх нумар кантактнага тэлефона фiрмы i дакладны адрас. У нас, наколькi я ведаю, такога крымiнальнага бiзнэсу яшчэ не назiралася.

Цi выкарыстоўваецца попел у народнай медыцыне? Мо знахары купяць? Як растлумачыў знаёмы спецыялiст па нетрадыцыйных старадаўнiх метадах лячэння Анатоль Захарэнка, попел насамрэч паспяхова выкарыстоўваецца пры лячэннi. Але часцей за ўсё не тытунёвы. У старадаўнiя часы, калi ў нас яшчэ наогул не ведалi, што такое тытунь, лячылi раны попелам дрэваў: дуба, лiпы. Спальвалi да галавешак, потым "мялi" i парашок выкарыстоўвалi для хутчэйшага загойвання ран. Вядома, i тытунёвы попел мае па-свойму лячэбны эфект.

Знахар лiчыць: не выключаецца, што попел купляюць для прымянення ў народнай медыцыне. У буйных гарадах Расii альтэрнатыўнае, так званае знахарскае лячэнне, як гаворыцца, пастаўлена на паток. I попел можа ў вялiкiх памерах выкарыстоўвацца для прыгатавання самых розных лекавых сродкаў.

I герпес можа прайсцi, калi, напрыклад, цёплы попел прыкласцi да вуснаў. А калi ён падагрэты з iншымi травамi, эфект вельмi добры. Пякотка праходзiць, калi трохi попелу з'есцi.

Хоць, на думку вiцебскага лекара, наўрад цi тыя ж маскоўскiя знахары будуць плацiць вялiкiя грошы, тым больш за партыi попелу. Калi ўжо так спатрэбiцца, прапануюць папрасiць хворых пацыентаў трохi попелу "пазычыць" у знаёмых, калi хворыя самi не кураць.

У iнтэрнэце, як высветлiлася, насамрэч вельмi шмат прапаноў аб продажы попелу. Ёсць, што цiкава, i прапановы аб куплi. Часцей за ўсё сустракаецца цана 570 — 580 расiйскiх рублёў за грам. Звязваўся. Тэлефоны маўчалi. Толькi адна "пакупнiца" прызналася, што яна працуе за "працэнты". Калi растлумачыць проста, бярэ дзесяць працэнтаў ад кошту попелу. I гэтыя грошы просiць выплацiць ёй адразу за "кансультацыйную паслугу". Усё зразумела?

Мне пашанцавала нiкому не плацiць за iнфармацыю. Знайшоў самастойна назву фiрмы, якая быццам бы купляе ў насельнiцтва попел, — прыватная кампанiя "Эдэльвейс". Займаецца фiрма бiзнэсам у сферы фармацэўтыкi. I кантактныя нумары тэлефонаў адшукаў. Праўда, чамусьцi напiсаныя яны пад прапановамi купiць попел не ў мiжнародным тэлефонным стандарце.

Высветлiлася, што знаходзiцца фiрма ў горадзе Львове.

Тэлефаную настойлiва i доўга. Раз, два, тры, ужо дзясяты раз. Усё заняты такi жаданы для мяне i бедалагi — гандляра попелам — нумар. Мо не той нумар набiраю?

Па даведку звяртаюся ў беларускую ўсiм вядомую тэлефонную службу "109". Аператар выдае мне тэлефон калег са службы "153", якая адказвае за мiжнародныя даведкi. Там мне далi тэлефон ужо даведачнай тэлефоннай службы горада Львова.

Жанчына — аператар тэлефоннай даведкi ў Львове дае мне дакладны нумар офiса названай фiрмы. Тэлефаную.

Цуд. З першага разу без усякiх праблем выйшаў на сувязь. Дзяўчына, я так зразумеў, з прыёмнай адразу параiла патэлефанаваць у аддзел забеспячэння прадпрыемства. Там, маўляў, адкажуць на ўсе пытаннi падрабязна.

У названым аддзеле яшчэ адна дзяўчына весела павiталася па-ўкраiнску. На пытаннi наконт попелу (гаварыў я па-руску) адказвала, што наогул не разумее, што ж мне ад яе трэба.

— Попел (ужо па-беларуску) паўтараю пытанне. Попел!!! Прадаю! Я з Беларусi. Як вам адправiць попел? Па пошце? Як грошы за той самы попел атрымаць? — крычу ў трубку.

— Так, зразумела, вы пытаеце пра попел, — урэшце разумее мяне супрацоўнiца. — Не... Не займаемся мы купляй попелу i раней гэтага не рабiлi. Ды i не збiраемся! Гэта, напэўна, нейкая памылка.

Можна сказаць, што вiцебскаму няшчаснаму прадаўцу попелу яшчэ пашанцавала. Грошы ён за "папяловыя кантакты" яшчэ нiкому адправiць не паспеў. А прапаноў наконт пакупкi попелу, як высветлiлася, многа ў "вiртуальным павуцiннi". I, ужо праверана, не за "дзякуй" дапамогуць прадаць попел.

Работнiкаў фiрмы ў Львове шчыра шкада. Напэўна, штодня iм тэлефануюць усякiя розныя прадаўцы попелу. Такiя ж дурнi, як я.

Цi гэта добры рэкламны ход? Тым больш што на сайце фiрмы прапаноўваецца супрацоўнiцтва па розных пытаннях.

А мо зладзеi нейкiя проста "падстрахоўваюцца" — вось вам канкрэтная фiрма, а мы — "прадстаўнiкi". Сядзяць людзi недзе ў той жа Маскве ды грошыкi зарабляюць, а ў фiрме, верагодней за ўсё, пра iх дзейнасць i не ведаюць.

Няўжо мы, дарослыя людзi, часта забываем пра тое, што магчымасць лёгкага заробку — гэта проста падман? I, як дзецi, часта верым у казкi пра той жа попел. Цi не лепш "Папялушку" перачытаць?

Людзi любяць, калi iх падманваюць, — аднойчы сказаў мне мой добры знаёмы вiцебскi iлюзiянiст. I меў рацыю.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

←Ремонта типа «Дожинки» Бобруйску хватило лишь на два года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика