Злыя клеткi ў целе маткi

Источник материала:  

Жаночае здароўе

Злыя клеткi ў целе маткiРак цела маткi займае першае месца сярод анкалагiчных захворванняў жаночых палавых органаў i пятае — сярод анкалогii iншых органаў. Гэты вiд раку сустракаецца галоўным чынам у жанчын ва ўзросце 60—62 гадоў, аднак у апошнiя гады пачаў сустракацца нават у 30-гадовых. Чаму так i што павiнна ведаць кожная жанчына аб здароўi названага рэпрадуктыўнага органа? Расказвае загадчыца аддзела анкагiнекалогii Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогii i медыцынскай радыялогii iмя М.М. Аляксандрава, доктар медыцынскiх навук Iрына КАСЭНКА.

— Чаму рак сустракаецца менавiта ў целе, а не ў самой матцы?

— Таму што матка — гэта яе шыйка, цела i дно. У шыйцы маткi знаходзiцца, як вядома, цэрвiкальны канал. Цела маткi, поласць трохвугольнай формы, аддзелена ад шыйкi звужанай часткай — перашыйкам. Верхняя частка маткi называецца дном. Сценка маткi складаецца з трох слаёў: унутранага — эндаметрыя, сярэдняга — мышачнага i вонкавага — серознага. Апошнi выконвае абарончую функцыю. Што да мышачнага, то яго мышцы, як нi дзiўна, — самыя моцныя ў целе жанчыны, але яны дасягаюць поўнага свайго развiцця толькi да моманту родаў. Дзякуючы мышачнаму слою матка можа з 5 см павялiчвацца ў даўжыню падчас цяжарнасцi да 40 см. Пасля родаў матка вяртаецца да сваiх ранейшых памераў. Поласць маткi высцiлае слiзiстая — эндаметрый, тканка, аналагiчная той, што высцiлае ротавую поласць. Рознiца толькi ў тым, што слiзiстая маткi залежыць ад гарманальнага фону жанчыны. Штомесяц, як вядома, "старая" слiзiстая мяняецца на новую. Эндаметрый — асноўнае, дзеля чаго працуюць iншыя органы рэпрадуктыўнай сiстэмы: яечнiкi, гiпофiз, гiпаталамус. Гэта самастойная тканка забяспечвае iмплантацыю i ранняе развiццё аплодненай яйцаклеткi.

Матка ўтрымлiваецца ў арганiзме некалькiмi звязкамi. Iх размяшчэнне i мацаванне даволi складанае. Вось чаму жанчыне падчас цяжарнасцi не рэкамендуецца высока ўзнiмаць рукi. Гэта можа прывесцi да напружання i зрушэння маткi, што здольна выклiкаць заўчасныя роды.

Матачныя трубы звязваюць матку з брушной поласцю. Гэта значыць, што праз похву, шыйку маткi i матачныя трубы iнфекцыя можа лёгка пранiкнуць непасрэдна ў брушную поласць. Вось чаму нялечаныя гiнекалагiчныя хваробы, i ў першую чаргу iнфекцыi, якiя перадаюцца палавым шляхам, могуць прывесцi да запалення брушыны — перытанiту.

— Аднак калi цела маткi — гэта поласць памiж тканкамi дна i шыйкi, то дзе ж тады развiваецца рак?

— Ва ўнутранай абалонцы — эндаметрыi. Рак эндаметрыя адпавядае раку цела маткi. Пухлiна можа размяшчацца ў любым участку маткi, але часцей за ўсё пакутуюць дно i вуглы маткi. Пухлiна можа мець выгляд палiпа, дробных разрастанняў з невялiкiм пашкоджаннем мышачнага слою або непасрэдна з эндаметрыя пераходзiць у мышачную i серозную абалонку.

Пры ўзнiкненнi раку ў целе маткi, з аднаго боку, узмацняецца размнажэнне клетак эндаметрыя, з iншага — рэзка прыгнятаюцца працэсы самастойнай гiбелi клетак слiзiстай абалонкi, якая высцiлае матку. У вынiку парушэння гэтых двух працэсаў адбываецца бурны рост слiзiстай маткi i ўзнiкае ўтварэнне, якое паступова прарастае ў мышцу маткi, крывяносныя i лiмфатычныя сасуды. Ракавыя клеткi патокам крывi i лiмфы распаўсюджваюцца па ўсiм арганiзме i становяцца крынiцай узнiкнення другасных ачагоў пухлiны — у лiмфатычных вузлах, печанi, касцях, лёгкiх, галаўным мозгу.

— Што менавiта спрыяе ўзнiкненню раку эндаметрыя?

— Як правiла, развiццю пухлiны папярэднiчаюць гiперпластычныя працэсы, адэнаматоз — залiшнi рост эндаметрыя. Пачынаецца ўсё з функцыянальных парушэнняў, якiя праяўляюцца высокiм узроўнем гармонаў — эстрагенаў i адсутнасцю выспявання яйцаклеткi. Без своечасовага гарманальнага лячэння парушэннi фармiруюцца ўжо ў эндаметрыi i на гэтым этапе расцэньваюцца як фонавыя. Да iх адносяцца дыфузная i ачаговая формы гiперплазii эндаметрыя. Пры адсутнасцi лячэння фонавых захворванняў фармiруюцца тканевыя змяненнi ў эндаметрыi, якiя адносяцца ўжо да перадракавых. Гэта атыповая гiперплазiя або адэнаматоз з атыпiяй, якiя патрабуюць тэрмiновага лячэння. Пры яго адсутнасцi развiваецца злаякасная пухлiна.

— Цi праяўляецца як-небудзь раннi рак цела маткi або ў гэтым ён падобны на iншыя анкалагiчныя захворваннi?

— Сапраўды, асаблiвасцю гэтага вiду раку з'яўляюцца сiмптомы захворвання ўжо на першай стадыi. Што гэта за сiмптомы? Вадкiя выдзяленнi ў жанчын любога ўзросту, крывянiстыя — у постменапаўзе, бываюць падоўжаныя, узмоцненыя месячныя, мiжменструальныя выдзяленнi. У вельмi рэдкiх выпадках жанчына нiчога "не адчувае".

— Вядома, што з'яўленне любой злаякаснай пухлiны абумоўлена спадчыннай схiльнасцю да раку з аднаго боку, i знешнiм уздзеяннем — з iншага...

— Дакладныя прычыны ўзнiкнення раку цела маткi не вызначаны. Аднак iснуе меркаванне, што яго з'яўленню спрыяюць гарманальныя i абменныя парушэннi. Хоць пухлiна можа ўзнiкнуць i без яўных прыкмет гарманальных парушэнняў. Часцей жа праблема ёсць у жанчын з парушэннем вугляводнага абмену — хворых на цукровы дыябет, з сардэчна-сасудзiстымi хваробамi, атлусценнем. Дарэчы, клеткi тлушчавай тканкi здольныя выпрацоўваць эстрагены, якiя выклiкаюць разрастанне многiх тканак у арганiзме жанчыны, у тым лiку слiзiстай цела маткi. Вельмi часта развiццю раку цела маткi папярэднiчаюць такiя разрастаннi слiзiстай органа, як палiпы i гiперплазii, а таксама мiёма маткi. Фонам для развiцця такiх станаў нярэдка становiцца хранiчнае запаленне маткi — эндаметрыт, а таксама заражэнне хламiдыйнай iнфекцыяй. Фактарам рызыкi па ўзнiкненнi злаякаснага працэсу з'яўляецца i старэнне арганiзма, знiжэнне яго iмунных сiлаў.

Важным момантам застаецца i няправiльнае харчаванне. У прыватнасцi, злоўжыванне канцэрагеннымi прадуктамi — вэнджанымi, з утрыманнем сiнтэтычных харчовых фарбавальнiкаў, жывёльнымi тлушчамi i недахоп вiтамiнаў, асаблiва А, Е i С, мiкраэлементаў. Свой шкодны ўнёсак забяспечвае i востры стрэс, якi фармiруе ў галаўным мозгу ачаг узбуджэння, здольны парушыць баланс гармонаў. Адмоўную ролю адыгрывае i вiрус папiломы чалавека, якi быў выяўлены ў злаякасных новаўтварэннях эндаметрыя.

— Якiя метады абследавання для выяўлення раку цела маткi сёння прымяняюцца?

— Эхаскапiя — ультрагукавое даследаванне дазваляе агледзець матку, знайсцi ў ёй пухлiну, вызначыць памеры i ступень распаўсюджання. Iснуе цыталагiчнае i гiстэраскапiчнае даследаванне, бiяпсiя эндаметрыя, а таксама выскрабанне слiзiстай поласцi маткi з адбiраннем участка змененай тканкi. Калi ў саскрэбе будуць знойдзены ракавыя клеткi, выстаўляецца дыягназ раку.

— У чым заключаюцца асаблiвасцi лячэння?

— Хiрургiчны метад — асноўны. Пры неспрыяльным прагнозе ён дапаўняецца дыстанцыйнай прамянёвай тэрапiяй органаў малога таза i перадаперацыйнай высакадознай кантактнай прамянёвай тэрапiяй — абпраменьваннем, пры якiм ракавыя клеткi часткова гiнуць, а часткова становяцца менш агрэсiўнымi. Пры неабходнасцi лячэнне дапаўняецца хiмiятэрапiяй.

— Што менавiта выдаляецца пры раку цела маткi?

— Матка з трубамi i яечнiкамi, участак похвы. Пры пэўных асаблiвасцях пухлiны выдаляюцца некаторыя групы лiмфавузлоў, паколькi ў iх найбольш часта з'яўляюцца даччыныя ракавыя клеткi.

— Думаю, многiя жанчыны гатовыя прыслухацца да ўсяго, што вы iм параiце...

— Як бы банальна гэта нi прагучала, я ўсё ж такi нагадаю пра неабходнасць адпаведнай фiзiчнай нагрузкi i навучанне адэкватным мерам рэагавання ў стрэсавых сiтуацыях. Што да рацыёну харчавання сучаснай жанчыны, то вынiкi даследаванняў дазваляюць даць досыць канкрэтныя рэкамендацыi. Паводле звестак амерыканскiх даследчыкаў, трэць усiх злаякасных пухлiн звязана з харчаваннем. Было вызначана, што ўжыванне вялiкай колькасцi тлушчаў, у тым лiку тлустых мяса i малака цесна звязана з захваральнасцю на рак тоўстай кiшкi, малочнай залозы, цела маткi i прастаты.

Найбольшую колькасць прыродных супрацьпухлiнных рэчываў утрымлiвае гароднiна, садавiна, зяленiва, таму iх рэкамендуецца ўжываць штодня. Морква, гарбуз, пятрушка, шпiнат, кроп, шыпшына, чырвоны перац, зялёная цыбуля, памiдоры, спаржа, абрыкосы, персiкi багатыя на бэта-карацiн i карацiноiды, вядомыя як рэчывы, якiя папярэджваюць развiццё пухлiн. Харчовай крынiцай вiтамiну А з'яўляюцца пячонка, рыба, масла, сыр, яйкi; вiтамiну Е — алеi, зародкi пшанiцы, арэхi, рыба; вiтамiну С — шыпшына, чорная парэчка, пятрушка, зялёны перац, капуста, лiмон, апельсiн, грэйпфрут. Iснуюць пэўныя паведамленнi i аб супрацьпухлiннай актыўнасцi такiх вiтамiнаў як, В 6, В 9, Д, Р, РР. Харчовымi крынiцамi вiтамiну В 6 з'яўляюцца гарох, арэхi, авёс, вотруб'е злакавых, дрожджы, кукуруза, рыс, рыба; вiтамiну В 9 — пiўныя i пякарскiя дрожджы, гарох, авёс, пятрушка, праросткi пшанiцы, вотруб'е злакавых, вiнаград, лiмон, соя, сачавiца. Вiтамiны Д 2 i Д 3 паступаюць у арганiзм з рыбiным тлушчам, сырам, яйкамi, сметанковым маслам. На вiтамiн Р багатыя шыпшына, чорныя парэчкi, цытрусавыя, бруснiцы, вiнаград, слiвы, вiшнi, сунiцы, морква, буракi. Вiтамiн РР, або нiкацiнавая кiслата ўтрымлiваецца ў дражджах пiўных i пякарскiх, пшанiчным вотруб'i, зялёным гарошку, грэцкiх, рысавых i пшанiчных крупах, бабовых раслiнах, рыбе. Усе вiды капусты, гарчыца, рэдзька, рэпа, хрэн, часнок, цыбуля ўтрымлiваюць супрацьпухлiнныя злучэннi глюказаналаты. У даследаваннях некаторых аўтараў даказана, што розныя вiды капусты, часнок i цыбуля знiжаюць рызыку ўзнiкнення раку ўсiх лакалiзацый. Цытрусавыя — апельсiны, грэйпфруты, лiмоны, мандарыны ўтрымлiваюць супрацьпухлiнныя монатэрпенавыя злучэннi. Вынiкi даследаванняў сведчаць, што ўжыванне цытрусавых знiжае рызыку развiцця раку многiх лакалiзацый. У соевых бабах, гароху, фасолi, сачавiцы ёсць супрацьпухлiнныя полiфенольныя злучэннi. Значна больш нiзкая захваральнасць на рак малочнай залозы, цела маткi, прастаты i тоўстай кiшкi ў Кiтаi i Японii ў параўнаннi з заходнiмi краiнамi звязваецца з большым — у 20—50 разоў — ужываннем соi i морапрадуктаў. Зялёная лiставая гароднiна — пастарнак, пятрушка, сельдэрэй, кроп, шпiнат, а таксама марскiя водарасцi ўтрымлiваюць пiгмент хларафiл, якi знiжае рызыку развiцця раку ўсiх лакалiзацый, але ў першую чаргу раку лёгкага, ротавай поласцi, глоткi, стрававода, страўнiка, тоўстай кiшкi, малочнай залозы, мачавога пузыра.

Мiкраэлементам, якi валодае найбольш вядомым супрацьпухлiнным дзеяннем, з'яўляецца селен. Найбольш яго выяўлена ў вотруб'i злакаў, пякарскiх i пiўных дражджах, марскiх водарасцях i iншых морапрадуктах. У вялiкай колькасцi эксперыментальных работ было паказана супрацьпухлiннае дзеянне селену на розныя органы жывёл.

Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА.

←Ремонта типа «Дожинки» Бобруйску хватило лишь на два года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика