У пастаянным пошуку

Источник материала:  

Ёсць нагода!

 

Каляндар багаты на святы. У тым лiку прафесiйныя — дзень будаўнiка, шахцёра, аўтамабiлiста i дарожнiка, настаўнiка, архiвiста, мытнiка, работнiкаў сельскай гаспадаркi, лесу...

Прычым ёсць прафесiя, прадстаўнiкi якой могуць прымаць вiншаваннi двойчы: 7 мая, у дзень работнiкаў радыё, тэлебачання i сувязi, i 9 кастрычнiка...

Менавiта ў гэты дзень 1874 года (135 гадоў таму!) быў створаны Сусветны паштовы саюз (СПС), мiжнародная арганiзацыя, якая аб'ядноўвае 191 краiну свету. У тым лiку i Беларусь.

На прэс-канферэнцыi, прысвечанай Сусветнаму дню пошты, намеснiк мiнiстра сувязi i iнфарматызацыi краiны Нiна Сямёнаўна Гаўрылава i намеснiк генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" Iрына Iгнацьеўна Саксонава распавялi пра высокiя адзнакi СПС, якiмi ўганараваны амаль 30-тысячны калектыў айчынных паштавiкоў. Гэта сертыфiкаты адпаведнасцi сiстэмы менеджменту якасцi СТБ ISО 9001-2001, залатога ўзроўню ў галiне кiравання якасцю мiжнароднай паштовай службы, сярэбранага — у праграме кантролю i адзнакi якасцi працы Кааператыва EMS. Летась прадпрыемства "Белпошта" ўзнагароджана за лепшы праект кiравання якасцю.

Трэба падкрэслiць тое, што на постсавецкай прасторы падобнымi адзнакамi могуць паганарыцца хiба паштавiкi з Украiны ды Азербайджана, падкрэслiла спадарыня Гаўрылава.

Як i тое, што сёння РУП "Белпошта" — гэта адзiны вытворча-тэхналагiчны комплекс з 6 абласнымi фiлiяламi i фiлiялам "Вузел спецыяльнай сувязi", вытворчасцю "Мiнская пошта" i аўтатранспартным прадпрыемствам, са 117 вузламi паштовай сувязi i амаль 4000 аддзяленняў...

Што паказальна — раней яны падраздзялялiся, так бы мовiць, па месцы знаходжання — на гарадскiя i вясковыя (якiх, да слова, утрая больш). Але ў апошнi час з'явiлiся яшчэ i перасоўныя: дзякуючы iм жыхары нават самых аддаленых вёсак i хутароў могуць атрымаць як прывычныя паслугi (кшталту дастаўкi пенсiй i перыядычных выданняў, прыёму ўсiх вiдаў плацяжоў, афармлення падпiскi...), так i новыя — з прымяненнем iнтэрнэт-тэхналогiй.

Што гэта за паслугi, больш-менш прасунутым клiентам пошты з гарадоў, аграгарадкоў i нават большасцi вёсак распавядаць не трэба. Праз сайт "Белпошты" сёння можна падпiсацца на патрэбныя выданнi, купiць канверты i маркi, з дапамогай мабiльных тэлефонаў разлiчыцца за ўсе паслугi.

Але гэта, як падкрэслiла спадарыня Гаўрылава, зусiм не азначае, што прадпрыемства можа адмовiцца ад прапановы паслуг дома, ад дастаўкi i продажу тым жа вяскоўцам ужо прывычных для iх мяшка мукi альбо цукру. Прыбыткi ад гэтага вiду дзейнасцi, зазначыла Нiна Сямёнаўна, складаюць не больш за 5 адсоткаў, але важныя не толькi яны, важная ўдзячнасць людзей, сацыяльная значнасць гэтай ды i iншых паслуг.

Варта сказаць i пра iх даступнасць. Што ёсць, тое ёсць — жыхары Беларусi куды менш цяпер пiшуць лiстоў... Але зусiм не па той прычыне, што лiставанне стала дарагiм: дастаўка звычайнага пiсьма па краiне па-ранейшаму каштуе 260 рублёў. Таму ахвотных узяць на сябе гэтую паслугу, а таксама дастаўку СМI ў аддаленыя вёскi, на хутары няма i, вiдаць, не будзе. Што датычыцца iншых вiдаў дзейнасцi, то Мiнiстэрствам сувязi i iнфарматызацыi было выдадзена 14 лiцэнзiй, уладальнiкi 10 з iх працуюць i цяпер — ажыццяўляюць падпiску, дастаўляюць перыядычныя выданнi ў гарадах.

Што датычыцца аддаленых населеных пунктаў, то iх па-ранейшаму абслугоўваюць аператары паштовай сувязi, паштальёны... Сярод якiх, як падкрэслiла намеснiк генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" спадарыня Саксонава, штогод праводзяцца конкурсы прафесiйнага майстэрства, што садзейнiчае абмену вопытам, творчаму росту, маральнаму ды i дадатковаму матэрыяльнаму заахвочванню кадраў, iх замацаванню на прадпрыемстве...

Iншымi словамi, беларуская пошта — у пастаянным пошуку, у пастаянным руху наперад i ў пастаянным клопаце. Прагучала, прынамсi, iнфармацыя пра выпуск канвертаў i больш чым 800 (з 1992 года) сюжэтаў марак, пра iх поспех (у тым лiку на замежных выставах), пра тое, што на падыходзе да пакупнiкоў прыгожыя паштоўкi з Калядамi i Новым годам...

Паштовак з Сусветным днём пошты ў продажы, на жаль, няма. Але ж, калi хочацца некага павiншаваць, можна выбраць iншую. У тым лiку — з прафесiйным святам.

I яна яшчэ паспее дайсцi.

Валянцiна Доўнар.

←Ремонта типа «Дожинки» Бобруйску хватило лишь на два года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика