Барацьба за кантэнт
«Інтэрфакс-Захад» забараніў парталу TUT.BY перадрукоўваць свае матэрыялы. Асноўная прычына забароны — сістэмнае парушэнне інтэрнэт-парталам правілаў рэпублікацыі.
«Мы дазваляем перадрукоўваць не больш за тры матэрыялы ў суткі, але пры ўмове, што гэта будзе не больш за 25 працэнтаў пераказу асноўнага тэксту», — кажа намесніца генеральнага дырэктара інфармагенцтва «Інтэрфакс-Захад» Наталля Крашэўская.
Агенцтва патрабуе, каб давалася прамая спасылка на поўны тэкст, а таксама ставіўся іх лагатып. У «Інтэрфаксе» наракаюць, што на TUT.BY гэтых патрабаванняў не прытрымліваліся.
«Лічу ненармальнай сітуацыю, калі TUT.BY здымае вяршкі з усіх СМІ. Мы плацім ганарары журналістам, а нехта бярэ і перадрукоўвае чужы кантэнт,
— заяўляе спадарыня Крашэўская. — Больш за тое, па RSS-падпісцы яны пастаўлялі навіны трэцім асобам. І ў такім разе ставілася спасылка на TUT.BY як на першакрыніцу. Усім іншым СМІ трэба звярнуць на гэта ўвагу».
Дырэкцыя TUT.BY распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім аспрэчвае свае парушэнні. «
Перадрукоўка навінаў праводзілася выключна на аснове пісьмовага дазволу інфармацыйнага агенцтва.
А два тыдні таму Наталля Крашэўская па электроннай пошце папярэдзіла TUT.BY пра часовае спыненне супрацоўніцтва». Але афіцыйнай пісьмовай забароны кіраўніцтва інтэрнэт-парталу яшчэ так і не атрымала.
«За гэтыя два тыдні топ-мэнэджэр TUT.BY неаднаразова кантактаваў са спадарыняй Крашэўскай і абмяркоўваў шляхі далейшага супрацоўніцтва.
Таму ўчарашняя заметка агенцтва аказалася для TUT.BY поўнай нечаканасцю», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.