Арыштаваны начальнік аўтамабільнага ўпраўлення Мінабароны
Яму інкрымінуецца неаднаразовае атрыманне хабару.
Беларускай ваеннай пракуратурай узбуджана крымінальная справа супраць начальніка аўтамабільнага ўпраўлення Міністэрства абароны, паведамляе «Ежедневник» са спасылкай на прэс-службу Генеральнай пракуратуры. Буйнога чыноўніка Мінабароны падазраюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт. 430 КК РБ (атрыманне хабару ў асоба буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказную пасаду). Артыкул прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Згодна з папярэднімі дадзенымі, палкоўнік цягам 2003—2005 гадоў неаднаразова атрымліваў хабар за станоўчае вырашэнне пытанняў па продажу ваеннай тэхнікі і маёмасці. Агулам начальнік упраўлення Мінабароны атрымаў 22,4 тыс. даляраў.
Улічваючы пасаду падазраванага і цяжкасць інкрымінаваных яму злачынстваў, ваенная пракуратура прыняла рашэнне аб змяшчэнні палкоўніка пад варту.