Ветраная электрастанцыя са... смецця

Источник материала:  

Ветраная электрастанцыя са... смеццяЖыхар афрыканскай дзяржавы Малавi Уiльям Камквамба пабудаваў з падручных матэрыялаў электрастанцыю з пяцi ветрагенератараў.

Ідэя пабудаваць ветраную ўстаноўку прыйшла Камквамбе ў 2002 годзе, калi яго адлiчылi са школы за няплату навучання. 14-гадовы падлетак вырашыў заняцца самаадукацыяй i стаў наведваць мясцовую бiблiятэку, дзе i ўбачыў малюнак ветрака. "Усе смяялiся з мяне, калi я сказаў, што буду будаваць вятрак. Яны думалi, што я здурэў", — сказаў Камквамба. Гледзячы на малюнкi ў кнiзе, падлетак знаходзiў на сметнiках патрэбныя дэталi, у тым лiку дэталi матацыклаў, трактароў, пластыкавыя трубы i старыя аўтамабiльныя акумулятары. Адвёртку Камквамба зрабiў з цвiка, прымайстраванага да катаха кукурузы. На пабудову першага ветрагенератара ў яго пайшло каля трох месяцаў. Затым ён пабудаваў яшчэ чатыры ўстаноўкi, вышыня самай вялiкай з якiх складае 11 метраў. Атрыманая ад установак энергiя выкарыстоўваецца для забеспячэння селiшча, у якiм жыве Камквамба, электрычнасцю, таксама ветракi дапамагаюць перапампоўваць ваду. Цяпер 22-гадовы Уiльям Камквамба навучаецца ў Афрыканскай акадэмii лiдарства, элiтнай школе Паўднёвай Афрыкi. Яго навучанне аплачваецца спонсарамi. Ветраныя ўстаноўкi малавiйца прыцягнулi ўвагу шматлiкiх людзей па ўсiм свеце.

Казёл можа кiраваць горадам

У горадзе Кiларглiн графства Кэры (Iрландыя) з насельнiцтвам усяго 1359 чалавек ёсць дзiўны звычай: штогод на тры днi ўлада ў горадзе перадаецца казлу. Тлумачаць такую традыцыю тым, што гэта, маўляў, дазваляе людзям на час даць волю сваiм хатнiм жывёлам. Ну а самi жыхары i шматлiкiя турысты п'юць i гуляюць днi i ночы напралёт.

Цырымонiя каранавання Караля Пака — адно з найстарэйшых у краiне сельскiх святаў i праводзiцца ў Кiларглiне з 1610 года. Адна легенда абвяшчае, што традыцыя гэтая пайшла з паганскiх часоў, калi казёл лiчыўся сiмвалам урадлiвасцi. Iншая версiя — што казлы, якiя пасвiлiся на траўцы, былi спалоханыя наблiжэннем салдатаў Олiвера Кромвеля i адзiн з iх кiнуўся ў бок горада, папярэдзiўшы такiм чынам мясцовых жыхароў пра небяспеку. За некалькi дзён да пачатку свята самыя бясстрашныя i моцныя мужчыны горада iдуць на блiжэйшыя ўзгоркi для таго, каб вылавiць аднаго з дзiкiх казлоў, якiя там пасвяцца. А дзяўчаты ў гэты час спаборнiчаюць за званне Каралевы Пак — яны пiшуць сачыненнi i адказваюць на пытаннi, чаму менавiта яна годная гэтага гонару. Калi мужчыны вяртаюцца ў горад, яны праводзяць казла па вулiцах, затым узнiмаюць яго на платформу, дзе той i будзе заставацца на працягу наступных трох дзён, пазiраючы на людзей, якiя гуляюць i весяляцца ўнiзе. У час народнага фэсту ў мястэчка з насельнiцтвам менш за паўтары тысячы чалавек прыязджае больш за сто тысяч турыстаў!

Пенсiянер-дэбашыр

Французскi пенсiянер зрабiў сапраўдны перапалох у родным дэпартаменце Iзер на паўднёвым усходзе краiны, а пазней i ў альпiйскай частцы Iталii.

62-гадовы Андрэ Мiшлен быў даўнiм членам клуба авiятараў, аднак, па нявысветленых пакуль прычынах, сур'ёзна пасварыўся з яго кiраўнiцтвам, i падчас сваркi сыпаў пагрозамi. Аднак, падобна, нiхто не быў падрыхтаваны да таго, што ён вырашыцца iх выканаць. У вынiку неяк ранiцай у клубе плошчай 400 квадратных метраў успыхнуў моцны пажар, якi знiшчыў адзiн планёр i сур'ёзна пашкодзiў тры iншыя. Цалкам выгаралi памяшканнi з парашутамi, архiўнымi дакументамi i лётнымi дзённiкамi пiлотаў. Як сказаў галоўны з iх, Крыстоф Вiнсан, "у полымi знiшчана цэлае жыццё, жыццё клуба, якi доўгiя гады iснаваў на добраахвотныя ахвяраваннi". Яго членамi з'яўляюцца каля 160 чалавек, i ў iх распараджэннi было 15 планёраў i два лёгкiя самалёты-буксiроўшчыкi. Адзiн з iх, Robin DR 400, i быў украдзены зламыснiкам. Мiшлен вылецеў прыкладна ў 6.30 па мясцовым часе, калi кантрольная вежа аэрадрома яшчэ не пачала працаваць. Каб яго не знайшлi дыспетчары, пiлот выключыў перадатчык i адправiўся ў палёт па гарыстай мясцовасцi. Спачатку нi члены згарэлага клуба, нi палiцэйскiя не маглi нават выказаць здагадку, дзе шукаць невялiкi самалёт, нябачны для радараў. Аднак ужо ў сярэдзiне дня прыйшло паведамленне з Iталii: Robin 400 DR разбiўся ў горным масiве Монтэ-Роза. Пiлот, якiм, вядома, быў Андрэ, выжыў, але атрымаў цяжкiя траўмы.

Больш можна, менш — нi-нi!

Рашэннем суда французскага горада Абевiль паляўнiчы Убер Серэ абавязаны выплацiць кампенсацыю ў 3,5 тысячы еўра двум фермерам, паколькi забiў менш дзiкiх трусоў, чым было трэба.

На працягу апошнiх пяцi-шасцi гадоў паша i ўраджай пшанiцы мясцовых фермераў пакутавалi ад шкоды, прычыненай трусамi. А летась колькасць трусоў рэзка павялiчылася i шкода ад iх набегаў склала дзясяткi тысяч еўра. Як заявiлi самi фермеры, за паўгода яны так i не змаглi прыйсцi да кампрамiсу з паляўнiчым Серэ. Суд прызнаў апошняга вiнаватым у недастатковай жорсткасцi i абавязаў выплацiць 577 еўра аднаму пацярпеламу i 772 другому, а таксама пакрыць судовыя выдаткi ў памеры 1161 еўра кожнаму з фермераў. Сам Серэ заявiў, што расчараваны такiм рашэннем суда: "Я зрабiў усё, каб пазбегнуць размнажэння трусоў". Але гэтага, як атрымалася, недастаткова. Можа быць яму паскардзiцца на французскую фемiду ў Грынпiс?

Шчасце ёсць

Помнiк шчасцю, аўтар якога лiцейшчык Максiм Пятроў, быў падораны прадпрымальнiкамi гораду ў гонар 400-годдзя Томска.

Знакам шчасця заказчыкi i аўтары скульптуры выбралi постаць, якая найбольш поўна ўвасабляе, на iх думку, гэты стан, — сытага ваўка на вяселлi з легендарнага мультфiльма "Жыў-быў сабака". А каб не было нiякiх сумневаў у тым, што гэты воўк — той самы, ён пры пагладжваннi мiнакамi сытага жывата кажа незабыўным голасам Армена Джыгарханяна: "Зараз спяю". Так, дарэчы, i завецца i сам помнiк, пра што абвяшчае таблiчка на пастаменце.

Падрыхтаваў Iван Купарвас.

←Этажи роста. Фирменные секреты от Вячеслава Денисенко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика