We are the Champions - Гэты гiмн у гонар БАТЭ прагучаў у шосты раз

Источник материала:  

У панядзелак шасцiразовым чэмпiёнам Беларусi па футболе датэрмiнова стаў барысаўскi клуб БАТЭ — чацвёрты раз запар. За чатыры туры да фiнiшу барысаўчане сталi недасягальнымi для астатнiх супернiкаў. У матчы з наваполацкiм "Нафтанам" каманда перамагла больш чым упэўнена — 4:0, прычым усе мячы былi забiтыя ў першым тайме, у другiм жа футбалiсты згулялi ў сваё задавальненне, не дазволiўшы, тым не менш, супернiку змянiць лiчбы на табло. А пасля быў феерверк, шампанскае i традыцыйны ў такiя моманты гiмн "We аre the champions" над стадыёнам.

 

Iнтрыга, якой не было

We are the Champions  -   Гэты гiмн у гонар БАТЭ прагучаў у шосты разСёлетняе чэмпiёнства, як, дарэчы, i леташняе, стала безальтэрнатыўным, праўда леташняе было аформлена пазней — за два туры да фiнiшу першынства. Гэтак жа, як i летась, мiнскае "Дынама" iмкнулася дагнаць i перагнаць БАТЭ, але няўдача ў апошнiм туры сталiчнага клуба, калi ён прайграў "Шахцёру", канчаткова пазбавiла гэту гонку ўсялякага сэнсу. Хоць напачатку чэмпiянату верылася, што сёлета абавязкова будзе iнтрыга ў галоўнай барацьбе — за залатыя медалi. Алею ў агонь дадавалi i гучныя заявы на старце са стана бела-блакiтных, якiх узначальваў трэнер з гучным у еўрапейскiм футболе iмем — Славалюб Муслiн. Чэмпiёнства абяцалася паднесцi ў падарунак Юрыю Чыжу — да юбiлейнага, дзясятага года яго праўлення ў клубе. Аднак стартавыя туры сезона паказалi, што страта некалькiх вядучых гульцоў, у тым лiку нападаючых Генадзя Блiзнюка i Вiталя Радзiвонава, зусiм не аслабiлi БАТЭ, "Дынама" ж, раздарыўшы ачкi на выездзе аўтсайдарам першынства, безнадзейна адстала. Пасля першага круга чэмпiянату "Дынама" аддзяляла ад БАТЭ турнiрная бездань — цэлых 12 ачкоў. Славалюба Муслiна прадказальна чакаў лёс 17 яго папярэднiкаў, i зараз задача сталiчнага клуба — не страцiць "серабро".

БАТЭ ж працягвае дарыць сваiм прыхiльнiкам еўракубкавыя баталii — на змену леташняй Лiзе чэмпiёнаў прыйшла лiга Еўропы. I хоць дзве стартавыя гульнi барысаўскi клуб прайграў, 30 тысяч балельшчыкаў, якiя назiралi хатнi матч БАТЭ з "Эвертанам", не дарэмна правялi дзве гадзiны пад халодным восеньскiм дажджом на стадыёне — гульня не пакiнула нiкога раўнадушнымi, а футбалiсты БАТЭ даказалi, што характар у каманды па-ранейшаму ёсць. Застаецца чакаць i перамог у групавым раўндзе еўракубкаў. Наперадзе ў барысаўчан, апроч гульняў у нацыянальным першынстве, 4 паядынкi ў Лiзе Еўропы. Можна не сумнявацца ў тым, што беларусы будуць змагацца за перамогi, нягледзячы на няпростыя перспектывы выхаду ў плэй-оф пасля двух паражэнняў.

"Выдатна папрацавалi — добра i адзначым"

Адсутнасць матывацыi i датэрмiновая перамога на ўнутранай арэне не лепшым чынам уплываюць на каманду — гэта паказаў сезон мiнулы. Пасля афармлення чэмпiёнства-2008 БАТЭ чакалi тры гульнi, адна з iх — са сталiчным "Дынама". I барысаўскi клуб, якi дагэтуль прайшоў нацыянальнае першынство без паражэнняў, упершыню саступiў 1:2. Але сёлета галоўны трэнер Вiктар Ганчарэнка запэўнiў: "Мы прафесiйная каманда. Я ўпэўнены, што мы i ў гульнi за зборную будзем добра выглядаць, i ў астатнiх матчах гэтага сезона". Хоць i дадаў, што пасля такой выдатна выкананай працы трэба i добра адзначыць чарговы тытул. Паўабаронца каманды Сяргей Крывец насуперак меркаванню трэнера выказаў думку, што футбалiстам давядзецца адкласцi святкаваннi да заканчэння сезона. "Выдатны сезон. Хацелася б яго гэтак жа выдатна скончыць", — сказаў Сяргей Крывец.

Вiктар Ганчарэнка прызнаўся ў тым, што ў пачатку матчу адчуў, што чэмпiёнства будзе аформлена менавiта ў гульнi з "Нафтанам". "Убачыўшы той кураж, тую апантанасць, з якой гулялi i пачалi забiваць, я зразумеў, што станем чэмпiёнамi сёння. Хаця было б занадта саманадзейна гаварыць, што на сто працэнтаў быў упэўнены ў перамозе".

Алена АЎЧЫННIКАВА.

←Этажи роста. Фирменные секреты от Вячеслава Денисенко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика