Хлапечы вечар

Источник материала:  

Адначасова з правядзеннем дзявочага вечара, у хаце жанiха таксама ладзiлася развiтальная вячэра. Жанiх разам са сваiмi нежанатымi сябрамi праводзiў свой апошнi "хлапечы вечар" (хлапечнiк, маладзецкую вечарыну, халасты вечар, провады, "жанiхоў поезд").

   У культуры ўсходнiх славян гэты абрад быў распаўсюджаны толькi ў асобных рэгiёнах i быў рытуалiзаваны значна менш, чым дзявочы вечар. Асноўны змест хлапечага вечара заключаўся ў тым, што халастыя хлопцы развiтвалiся, "прапiвалi" свайго сябра. У некаторых рэгiёнах гэты вечар ладзiлi ў гонар вясельнага кума (хроснага бацькi), якi з гэтага моманту атрымлiваў асаблiвыя — вясельныя — паўнамоцтвы. Часам на хлапечым вечары танчылi, ладзiлi гульнi эратычнага кшталту, узгадвалi цiкавыя выпадкi з "халастога" жыцця.

   Напярэдаднi вяселля жанiх, таксама як i нявеста, iшоў у лазню. Паралельна з абрадам "распускання касы" ў некаторых мясцiнах Беларусi быў вядомы абрад пад назвай "застрыгаць касу": брат жанiха, а потым i iншыя халастыя хлопцы падразалi цi прыпальвалi свечкай валасы на iлбе i каля вушэй жанiха.

   Часам дзявочы i хлапечы вечары аб'ядноўвалiся ў адзiн абрад. Сам абрад пачынаўся звычайна ў нядзелю. Напярэдаднi, у суботу, у нявесты ладзiлi дзявочы вечар, на якi запрашалi сябровак нявесты, якiх звалi "дружкi". Вечарам у гэты дзень да нявесты на вячэру прыязджалi жанiх з маладымi таварышамi, прычым iх садзiлi за стол насупраць сябровак нявесты. Жанiх у гэты час раздаваў падарункi бацькам i сваякам нявесты, а сяброўкi спявалi вясельныя песнi. Пасля вячэры звычайна пачыналi танчыць пад скрыпку цi iншыя музычныя iнструменты, што доўжылася да поўначы. Сумеснае правядзенне хлапечага i дзявочага вечароў было характэрна i для некаторых рэгiёнаў Усходняга Палесся, напрыклад, для Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласцi.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Этажи роста. Фирменные секреты от Вячеслава Денисенко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика