Вiнаватая. Без... вiны

Источник материала:  

...Я даўно заўважыла, што "вясёлыя i праўдзiвыя гiсторыi з жыцця чытачоў "Звязды" маюць яшчэ адну вельмi патрэбную якасць — яны, лiчы, спрэс — яшчэ i павучальныя. Акурат такая адбылася са мной.

Дык вось рашыла я неяк схадзiць па пакупкi. Патрэбен быў гаршчок для кветак, пральны парашок, штокольвечы з касметыкi, бялiзны, спартыўнага адзення... Куды па ўсё гэта iсцi?

Можна, зразумела ж, на рынак, але я чалавек ужо не малады i дзяржаўнаму гандлю давярала (прынамсi тады...) больш. Таму — скiравалася ва ўнiвермаг. Абышла ўжо колькi аддзелаў, тое-сёе купiла, досыць сiмпатычную прадавачку папрасiла (бо самi яны не кiдаюцца... Нават тады, калi без працы стаяць), каб дапамагла мне знайсцi спартыўныя штаны для мужа...

А непадалёк, бачу, i жаночыя вiсяць. Дай, думаю, пацiкаўлюся — можа i сабе што прыдбаю? Тым больш што там, як быццам, i выбар ёсць — розныя мадэлi, розныя колеры, кошты. І памераць зручна. Не тое, што на рынку.

Падабрала штось, перакiнула праз руку (кожная адзежынка — на асобнай вешалцы), зайшла ў прымерачную. Апранулася — у адно, у другое, у трэцяе... Марна: там, дзе файная мадэль (з майго гардэробчыка, як казаў вядомы кiнагерой), там якасць тканiны не вельмi, а там, дзе ў ёй сумненняў няма, колер не той...

Карацей, не лёс быў справiць абнову, таму, сказаўшы прадавачкам, што нiчога, на жаль, не падышло, жаночыя рэчы я пакiнула, а з мужчынскай — праз увесь аддзел (з пакупнiкоў больш нiкога не было) рушыла да касы. Нейкi час прастаяла ля яе — пакуль касiрка адлiчвала рэшту, пакуль яе каляжанка загортвала пакупку. Потым падзякавала (я iм, бо яны пакуль толькi вучацца гэта рабiць...) i пайшла далей — у суседнi аддзел, на суседнi паверх...

Так падрабязна пiшу пра гэта сумысля, каб сказаць, што хвiлiн з 30—40 я яшчэ швэндала па ўнiвермагу. I толькi наважыўшыся пакiнуць яго i апрануць кофту (прыйшоўшы, скiнула, бо горача было), я ўбачыла, што ўвесь гэты час, апроч самой той кофты (аж млосна стала), я пранасiла на руцэ куды даўжэйшыя за яе... спартыўныя штаны — яркага блакiтнага колеру, з усiмi таварнымi ярлыкамi.

Не буду апiсваць свае пачуццi, бо кожны сумленны чалавек iх, вiдаць, зразумее. Скажу толькi, што тут жа, подбегам кiнулася у аддзел "Тавары для спорту", як гарачую кiнула на прылавак непатрэбную рэч i сказала ўсё, што паспела падумаць. Ну што iх, прадавачак, там ажно чацвёра (разам з касiркай), што яны прыстаўлены, каб нешта прадаваць (цi хоць бы ахоўваць), што iм грошы за гэта плацяць, што я ў рукi iм аддала тры вешалкi i, атрымлiваецца, двое штаноў, што з тымi, з трэцiмi, у любы момант мяне маглi спынiць, "прышыць" злачынства, i я нiчым, вiдаць, не даказала б, што не злодзей...

Жанчыны слухалi, лыпалi вачыма. Потым адна з iх такi выцiснула словы прабачэння.

Хоць вiнаватай, безумоўна ж, была i я. Далiбог без вiны!

Н.К.

г. Мiнск

Барыня. I служкi

Пераехаўшы з вёскi ў горад, мая мацi тут жа ўзялася за справу — завяла курэй, свiней, i па вечарах мы больш не сядзелi ля пад'езда на лавачцы, — сеялi ячмень, садзiлi бульбу, палолi, акучвалi, збiралi траву, кармiлi жыўнасць. Мама казала, што гэтая тупанiна вельмi карысная для нашага здароўя, што яна да таго ж выгадная. Ужо... А каб мы яшчэ не куплялi парасят, а прадавалi iх...

Сказана — зроблена: у хляве ў нас з'явiлася вялiкая, белая i як бы нават не свiння, бо дужа ж акуратная... Мы яе празвалi Барыняй. Само сабою кармiлi, само сабой падсцiлалi. Час настаў на спатканне звазiць.

Кныра ў нашай акрузе нi ў кога не было, таму муж мой папрасiў на працы машыну з будкай. Па дошках загналi ў яе нашу Барыню, паехалi на свiнаферму.

Дарога туды, мякка кажучы, не вельмi... I цяпер: за вочы мы яе танкадромам завём. Да таго ж у будцы — хоць вока выкалi. Карацей, умовы, якiя не кожны халоп, вiдаць, знёс бы, а ўжо Барыня...

Як i трэба было чакаць, яна стала пратэставаць, стала варочаць усё ў машыне. Таму муж паратунак прыдумаў — праедзе крыху i рэзка затармозiць, каб свiння ўпала. Глядзiш, i паляжыць крыху...

Адзiн раз зрабiў так, потым другi, трэцi. Цiха ў будцы. Ён i рады, можна сказаць, з песнямi да свiнафермы даехаў. Зайшоў у патрэбны кабiнет, дамовiўся аб далiкатнай паслузе. Адчыняе дзверцы, каб Барыню выпусцiць, а яе ў будцы... няма. Пры чарговым тармажэннi выпала, вiдаць, а дзверцы самi зашчапiлiся.

Муж у кабiну, развярнуўся i на газ — цiсне, нi на што не зважаючы.

Але ж, як кажуць, да прыгоды не тры годы: у машыне, як на грэх, шаравая апора зламалася, кола звалiлася. "Пакуль правiць буду, свiнню, каб што добрае, заколюць, абсмаляць i пячонку з'ядуць", — падумаў ён, кiнуў машыну на дарозе i бегма на пошукi. Толькi за паварот, бачыць — Барыню нашу ўжо "акружылi". I ў двор заганяюць.

— Гэта мая!.. Стойце, — не сваiм голасам закрычаў муж, заняў яе i, што ты будзеш рабiць, пехам пагнаў на ферму: спатканне адбылося. Пасля гэтага "драбяза" заставалася — знайсцi грузавiк, на прычэпе зацягнуць у гараж зламаную машыну, на сваiх дваiх з Барыняй дабрацца дамоў...

Калi ноч-апоўнач ён у хату дзверы адчынiў, мацi стала ўжо сварыцца, што позна, што свiння яе бедная — галодная. Але ж як пачула, што пры ёй давялося перажыць зяцю, палезла ў шафку па бутэльку i кiлiшкi — каб стрэс зняў. I каб яшчэ раз змiрыўся з тым, што калi ёсць Барыня, то павiнны быць i служкi.

Т. Дуброўская,

г. Мар'iна Горка

Знаёмства

Гэту гiсторыю распавёў... бiскуп — летам, у Тракелях, пасля богаслужэння...

Ён нам распавёў, а я — вам.

Значыць, па запрашэннi ксяндза-пробашча прыехаў ён на стагадовы юбiлей касцёла — адслужыў святочную iмшу, сказаў пропаведзь, блаславiў вернiкаў i сабраўся ўжо ад'язджаць дадому.

— Прошэ ксёндза-бiскупа... Можа хоча пан паглядзець нашу школку нядзельную? — пытае ў яго гаспадар парафii. — Дзетак пакуль малавата — сем чалавек, але ж сабралi, навучаем слову Божаму... Пан бiскуп можа задаць iм колькi пытанняў, веды праверыць...

— Добра, — пагадзiўся той.

Удваiх — ксёндз i бiскуп — увайшлi яны ў клас, што месцiўся ў плябанii. Вучнi дружненька ўсталi, вiтаючы iх.

— Сядайце, дзецi, сядайце, — прамовiў бiскуп i з парога пачаў цi то экзамен, цi то знаёмства. Маўляў, скажыце, хто я?

У класе павiсла цiшыня.

— Мы не ведаем, — пасля паўзы, за ўсiх прамовiў Ванечка.

— То вы падумайце i здагадайцеся: гляньце, якая на мне вопратка (у вашага ксяндза не такая, праўда?)... I шапка высокая (у пробашча такой няма)... I посах у мяне ёсць, i пярсцёнак залаты... Дык хто я?

— Можна мне сказаць? — падхапiўся з месца той самы Ванечка. — Вы — хвалько!

Праўду сказаў? Праўду. Як вучылi ў нядзельнай школцы.

Вiктар Федарака,

г. Скiдаль

З дарагой душою!

У Белавежы мне ў той прыезд пашчасцiла — сфатаграфаваў i волатаў-зуброў i кабаноў-касуль, i нават чорных буслоў! А яшчэ даведаўся...

Зрэшты па парадку.

Брэстчына чакала Хрушчова. Можна толькi здагадвацца, што тады рабiлася ў абкаме партыi i... у галаве галоўнага па рэстаранах: меню складалася i так, i гэтак, карэктавалася, дапаўнялася. Ну вось прыедзе ён ранiшнiм цягнiком. То дзе будзе снедаць — тут, у горадзе, цi ўжо ў пушчы?

...Сталы рыхтавалi абачлiва — i тут, i там. Рознай смакаты на iх — на ўвесь цягнiк бы хапiла!

Але з вагона Мiкiта Сяргеевiч выйшаў хмуры, снедаць адмовiўся: сказаў, што ўжо еў... У вагоне. Таму не будзем, маўляў, дарагога часу губляць — паехалi ў пушчу.

Прыехалi. Зноў прапанавалi "перакус". Госць зноўку адмовiўся.

Тады — пераапранулi яго, далi стрэльбу, адрэкамендавалi таго самага "майго" егера, Мiкалая Iванавiча, якi пушчу ведаў, мусiць, лепш, чым Хрушчоў сваю дачу...

— Ну то вядзi, — усмiхнуўся яму Мiкiта Сяргеевiч. — Можа i я кабанчыка якога падстрэлю.

— Гэта як пашанцуе, — не абнадзеiў яго егер.

Але госць не засмуцiўся, сказаў:

— Ведаеце, нiякай ахвоты няма страляць... Мне б толькi паветрам гэтым надыхацца i на зуброў паглядзець.

Ну i пайшлi яны — удваiх, поплеч. А ззаду "свiта" — з мясцовага начальства.

— Вось што, таварышы, — азiрнуўся генеральны сакратар, — так мы ўсю жыўнасць распудзiм. Ды i аднаму мне хацелася б пабыць...

Усе запынiлiся, адсталi. Апроч аховы.

— Вам таксама дазваляю адпачыць, — працягваў Мiкiта Сяргеевiч. — Самi бачыце — я са стрэльбай, не адзiн...

Так i пайшлi яны. Убачылi ў пушчы статак зуброў, сям'ю кабаноў, птушак наслухалiся... Стрэльбу з пляча госць нават не здымаў... Дужа ўражаны быў! Гадзiны праз тры прысеў — адпачыць. На нейкiм вываратнi...

— Мiкiта Сяргеевiч, — рашыўся прапанаваць егер, — тут непадалёк хата мая. — У жонкi ў гэты час абед згатаваны...

— Дык, кажаш, непадалёк?.. То i хадзем — самы час падсiлкавацца.

У егера — хацiна, як хацiна. Жонка насустрач. Кажа: "Вось i добра, што зайшлi! Калi ласка — у хату. Чым багатыя...".

Селi за стол. Гаспадар "настойкi саматужнай" налiў — па першай... Госць выпiў, сказаў:

— Добрая!.. Лепшая, чым французскi каньяк!

Мiкалай Iванавiч каньяку таго, зразумела ж, не каштаваў, але згадзiўся.

Налiў яшчэ па адной.

— А з чаго яна зроблена? — папытаўся госць.

— Дык нi бальнiцы тут, Мiкiта Сяргеевiч, нi палiклiнiкi... А бывае забалiць што... То мы травамi i лечымся...

— А калi я да вас спецыялiста прышлю, раскажаце яму рэцэпт — ну, як трэба гэтую настойку рабiць? За прэмiю. Не проста так...

— Ды з дарагой душою!.. Без прэмii! Людзям жа на карысць...

I трэба сказаць, што чалавек ад Хрушчова да Мiкалая Iванавiча сапраўды прыязджаў. Усё падрабязна распытваў, запiсваў — назвы траў, калi iх збiраць, як выкарыстоўваць... А адвiтваючыся дастаў з кiшэнi пакет:

— Вось, Мiкiта Сяргеевiч прасiў перадаць вам... А яшчэ ён прапануе гэтую настойку назваць "Белавежская". Вы не супраць?

...Цяпер гэты напой п'юць, вiдаць, нават у Францыi.

А мы з вамi ведаем, як ён з'явiўся.

Мiкалай Амельчанка,

г. Мiнск

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар.

←Этажи роста. Фирменные секреты от Вячеслава Денисенко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика