Калі казалі ”быць бядзе”
06.10.2009
—
Новости Общества
07.10.2009
Сярод традыцыйных паданняў славянскіх народаў аб светабудове важнае месца займалі спосабы і сродкі атрымання інфармацыі аб няшчасці ў сям’і.
Такім прадказаннем маглі паслужыць самыя розныя прадметы, дзеянні або нявытлумачаныя на першы погляд з’явы:
Лічылася, калі чалавек выразна чуе, што яго паклікалі па імені, але пры гэтым не бачыць таго, хто кліча, то гэта душы продкаў даюць знак збірацца “ў дарогу” — у іншы свет. Сон, у якім у чалавека выпадае зуб з крывёй, прадвесціў пахаванне ў сваёй сям’і, калі зуб выпадаў без крыві — у далёкай радні або ў суседзяў. Лічылася, што бяду ў доме прадракае птушка: калі ў вёску залятала лясная птушка (крумкач, сава, пугач) і садзілася на канёк хаты; прылёт зязюлі ў вёску заўсёды лічылі дрэнным знакам: “Зязюля кукуе — гора вяшчуе”, асабліва калі зязюля пачынала кукаваць над чыёй-небудзь хатай. Казалі “быць бядзе”, калі ў хату або кватэру залятала або рэзка ўдаралася аб шыбу дробная птушка, часцей за ўсё сініца або ластаўка. Калі з печы выпала цагліна — бяда здарыцца з кімсьці з дамачадцаў. Прыкмячалі: калі стол стаў хістацца, бяда здарыцца з гаспадаром хаты; Пабітае, трэснутае люстэрка ў хаце (г.зн. разбурэнне нябачнай мяжы паміж гэтым і тым светам) заўсёды выклікала асцярогу і трывогу, лічылася прадвеснікам бяды, ад яго стараліся як мага хутчэй пазбавіцца. Калі без бачных прычын у садзе высыхала яблыня, хваляваліся за гаспадара сямейства. Калі ўначы сабака доўга і працягла вые, апусціўшы галаву да зямлі, або вырыў ля будкі вялікую яму — чакай няшчасця. Лічылася, што дамавік, які жыве ў ладзе з гаспадарамі, абавязкова папярэджвае аб бядзе або няшчасцях. Верылі, што той чалавек, якому было наканавана “пачуць” або “ўбачыць” гэтыя прадказанні, можа перайграць будучыя падзеі.