...Зелень маецца ў жанчын ды не роўня доларам

Источник материала:  

Хто каго?

Што было, — было, хоць i не ўчора, пры камунiстах. Даiшнiкi, значыць, машыну ў Аўцюках спынiлi. За рулём — мужык. Мякка кажучы, не цвярозы... Паўшчувалi яго, склалi акт, сказалi, каб на камiсiю заўтра прыехаў.

Той — само сабою — з'яўляецца. Бачыць — пад дзвярыма цэлы натоўп з такiх жа парушальнiкаў; у кабiнет iх па адным запускаюць. І выпускаюць праз нейкi час, прычым сумнымi-сумнымi, гаротнымi-гаротнымi, бо ў таго — на 24 месяцы правы забралi, у таго на ўсе 36...

Да аўцюка чарга падышла, i ён заходзiць.

— Ну расказвай, — загадвае мiлiцэйскi начальнiк, — колькi выпiў, якога ражна за руль потым сеў?

А аўцюк — мужык прастадушны: ён нават жонцы нi разу не манiў! Вось i тут стаў праўды трымацца: так i так, маўляў, слесарам на стане працую, i ў нас там цешча ў аднаго памерла — трэба было памянуць. Выпiлi ўпяцёх тры бутэлечкi. Праўда, першаку... Падалося, мала. Я ўсiх да крамы давёз — накацiлi дзве "сямсоткi" вiна. I ўжо спынiлiся б... Але да нас ветэрынар далучыўся. Я яго потым дадому адвёз, ён паўлiтроўку праставiў... А забралi мяне, калi ўжо дахаты вяртаўся.

— I як жа ты ехаў, як машыну вёў?! — жахнуўся хтосьцi з камiсii.

— Як-як? Акуратненька!.. Хай во хлопцы вашыя скажуць.

Тыя — ад нечаканасцi — аж знямелi, маўчаць. Падпалкоўнiк гаворыць:

— Ну i цёмнiк ты, мужык, ну i паганец... Па табе ж турма плача!.. А з другога боку — хвалю... Iншыя за...цы: "Я фужер шампанского выпил, позавчера...", "Я бокальчик пива"... Ты — усю праўду сказаў... Пяцьдзясят рублёў штрафу... I каб я цябе не бачыў больш!..

Аўцюк — куляю... З кабiнета...

Ён, казалi, нават пiць кiнуў — ад радасцi... А вось распавядаць, як выгадна праўду казаць — не: уся Гомельшчына ведае!..

Iншая справа, цi кажа?

Зрэшты, абмяркоўваць гэтую складаную маральна-этычную праблему мы не будзем. Будзем, як заўжды, чытаць подпiсы, якiя нашы чытачы прыдумалi да здымка. Тым больш што ў iх — таксама праўда.

Зрэшты, абмяркоўваць гэтую складаную маральна-этычную праблему мы не будзем. Будзем, як заўжды, чытаць подпiсы, якiя нашы чытачы прыдумалi да здымка. Тым больш што ў iх — таксама праўда.

...Зелень маецца ў жанчын ды не роўня доларам

  Праўда (прабачце за паўтор) у кожнага — свая. Ну мяркуйце самi: спадарыня Лабажэвiч з Клецка ўсклiкае:

Гараджанкi, бач, на лаве

(Бо ў вёсцы ўсе пры справе).

Хоць панамак не куплялi,

Выглядаюць — нiбы кралi!

I далей:

Дзеўкi — проста на падбор!..

Грышка — згледзеў

I папёр

Па бутэльку самагонкi:

Мо, якая пойдзе ў жонкi?

Для нейкага Грышкi, трэба разумець, гэтая згода, за шчасце была б? А вось для Вiктара Лукшы з вёскi Лынтупы Пастаўскага раёна — нi ў якiм разе! Ён, карыстаючыся выпадкам, да ўсiх нашых мужчын звяртаецца:

Каб рост насельнiцтва ўзняць,

Заўжды трымайцеся ў "гусце"...

Малых спяшайцеся шукаць,

Але...

Не ў гэтакай капусце.

Не падабаецца яна, значыць? Спадар Дубовiк з вёскi Арэшкавiчы Бярэзiнскага раёна ведае, чаму:

Пасля хмельнай вечарынкi

З галавою — справы дрэнь...

Вось i лекуюць жанчынкi,

Хто "ўдаўленне", хто мiгрэнь.

Не здаровыя яны... Да таго ж — не вельмi маладыя, бо iх, па меркаваннi спадара Гарачова з вёскi Даўнары Iўеўскага раёна:

Адправiлi на пенсiю

З музыкаю, з песняю...

Яшчэ i з падарункамi —

Рознымi ласункамi:

З сушамi, лангустам

I лiстом капусным.

Iншыя за апошняе маглi б i пакрыўдзiцца, а гэтыя — не, iм ён, як бачыце, да галавы! А ўсё таму, што

Нашы бабы ў сорак пяць

Могуць дзеўкам фору даць!..

Каб хлопцы гэта ўгледзелi,

"Ярмолкi" ў краме згледзелi.

I купiлi. Во якiя вынаходлiвыя, заўважае спадар Дземчанка з в. Машканы Сенненскага раёна. I пры гэтым, мусiць, ведае, чаму гэтыя галаўныя ўборы менавiта з капусты?

З ёй сябруе наш народзе:

Ужывае — кожны дзень...

Сокам смагу ён "выводзiць"

I вылечвае мiгрэнь,

Варыць, квасiць, прыпраўляе...

Само слова вабiць слых!

Ды найлепей паважае

Пашукаць у ёй малых.

Пiша так спадар Гаўрыш з Пастаўшчыны. Ды што там — ён гэтаму прадукту цэлую оду пяе! Успамiнае, як у дзяцiнстве захапляўся казкамi, як рады быў за беднага Янку, якому дзядок з барадой па прозвiшчы "Ох" прынёс не нейкiя там "сушы з лангустам", а мiску капусты i лусту хлеба. Да таго ж менавiта ёй, не чым iншым, дзеўка Геба з "Тараса на Парнасе" частавала тамтэйшых багоў (!). Помнiце:

Найперш дала яна капусту,

Тады са шкваркамi кулеш...

Актуальныя — асаблiва перад зазiмкам — i радкi любiмага Караткевiча пра цэлы рытуал, якi называецца "ставiць капусту". Ну вось "убачце":

Жанчыны сечкамi таўкуць бадзёра,

Як быццам спора выбiваюць такт

Для нейкай небывала хуткай полькi.

У распараныя глоткi цёмных бочак

Плыве капуста белаю гарой.

Яе засыплюць соллю

з чорным кменам

I зоркамi чырвонай

смачнай морквы,

Там-сям антонаўку для духу кiнуць

I зноўку пачынаюць

дружна стукаць.

Пачатак лiстапада.

Ноч глухая

Ляжыць за вокнамi самотнай хаты,

I плачацца на горкую нядолю

За мокрым шклом

раздзеты чорны сад...

Во як!

Але ж у нас зусiм не ён "на парадку"... Хоць i нешта блiзкае. Ну мяркуйце самi (услед за Мiколам Старых з Гомеля):

Нi Ганульку, нi Марусю

Не прыносiў белы бусел.

I Таццяначкi з Аўгустай

Не было ў радках з капустай...

Там не будзе й жанiхоў,

То не псуйце качаноў, —

павучае кабет Мiкола, вiдаць, мяркуючы, што яны шукаюць, чакаюць, выглядаюць сабе абраннiкаў. А рабiць гэта, на думку спадарынi Лабажэвiч з Клецка, зусiм не трэба:

Хто паклiча к сельсавету?..

Вы "не парцеся" пра гэта.

Лепш працуйце ў агародзе, —

Грамадзянскi шлюб у модзе!

На жаль...

Як i тое, што ў пэўным ўзросце асобныя (i мужчыны i жанкi) згаджаюцца на любы (шлюб). Пра гэта радкi Вольгi Сяргееўны Хiльман з Мядзельшчыны:

Не магу я памылiцца:

Гэта ж клуб "Каму за трыццаць"?

Надакучыла чакаць —

Як сцямнее будзем браць.

I нiкога не адпусцiм,

Будзе хлопцам, як капусце!

Што (канкрэтна) было ёй, ведае спадар Гарбачоў з г. Сянно:

Як у Ганны, як у Нюркi

Не лiсцё ў капусце, — дзюркi...

Правялi агульны сход —

На "павестцы" — агарод.

I абралi старшыню —

Дасць ён вусеню вайну.

Вось толькi...

На яе бухгалтар Вера

Паглядае з недаверам:

Ведае, не чутае —

Пра рэкорды дутыя, —

заўважае спадарыня Чыгрынава з Вiлейшчыны.

Туды ж спадар Гарачоў з Iўеўшчыны:

Цi не праўду я кажу:

Час мяняе густы

Уперад — "вешали лапшу"

Зараз — лiст капусны.

Дарэчы (i па прызнаннi абсалютнай большасцi чытачоў), гэта вельмi... карысна. Ну па-першае:

Якiм чынам нам, жанчынам,

Пазбаўляцца ад маршчынак?

Як параiў дзед Пахом:

Прыкрыць цемечкi лiстом

I затым — "балдзець" пад плотам,

Пазакiдваўшы работу...

Па меркаваннi Раiсы Васiльевай з Гомеля, жанчыны (са здымка) менавiта гэта i робяць: хоць ад спёкi млеюць, але ж маладзеюць!

Ды каб толькi гэта! Не, як лiчыць спадарыня Гудачкова з Жыткавiчаў:

Згаварылiся сяброўкi —

Упрыгожылi галоўкi.

Так i промнi не дастануць,

I сурокi не прыстануць.

Вось гэта, апошняе, надзвычай важна, бо Анатоль Гарачоў з Iўеўшчыны пра сябе-не пра сябе, але выдаў:

Калi побач крочылi

Бабы нас сурочылi...

Каб не тыя вочы,

Мы б не спалi ўночы.

А гэта, трэба разумець, не робiць гонару — нi той парачцы, нi "бабам". Ды што там

Гэты здымак i ў мужчын,

Не падыме гонару:

Зелень маецца ў жанчын

Ды не роўня доларам!

А яна каб была (тая "роўня", тая правiльная, "зелень" альбо "капуста") то, як лiчыць Валерый Гаўрыш, не сядзелi б жонкi ў Лiдзе, а гулялi б па Фларыдзе.

Па Фларыдзе, пагуляць, зразумела ж, заманлiва! I трэба! Бо, як зазначаюць сужэнцы Астроўскiя з Мiнска:

Мужыкоў ужо даўно

Ў двор збiрае дамiно.

У жанчын — другая справа —

Папляткарыць клiча лава.

Бач, расселiся "нявесты"...

Абмяркуюць шоу, фэсты...

Праўда, усё ж на iх плячах

Праца, дзецi, хатнi дах...

Значыць, каму-каму, а iм, жанчынам, трэба гуляць, трэба адпачываць. Што, па меркаваннi Мiкалая Уласавiча Гарбачова з г. Сянно, яны i робяць:

У настроi ўсе геройкi

Сэрцы — поўны песнямi:

Аб пачуццях светлых мроi,

I... прыбаўцы к пенсii.

Зрэшты, тут, як лiчыць спадар Гаўрыш, мроiць, марыць мала, трэба i нешта рабiць, таму на здымку

Не гандляркi-моднiцы, —

Бабы-агароднiцы:

Берагуць ад сонца твар,

Ды й рэклама... На тавар...

Хто яго купiць?.. Пасля гэткай рэкламы...

Ой, не скажыце — за мяжой пакупнiкi спецыяльна сноўдаюць па рынках — шукаюць чарвiвыя грушы, яблыкi (экалагiчна чыстыя, значыць!). Да таго ж (радкi Вiктара Лукшы) —

Мода з Францыi iдзе

I заместа хустак

Прапануе грамадзе

У дзiрку лiст капусны.

Вось i атрымлiваецца, што змагацца з вусенем трэба, але асцярожна. I крый Бог — не перамагаць.

...Завяршыць жа гэты агляд хочацца задуменнымi радкамi спадара Гарачова:

Гляджу я на здымак

Iзноў i iзноў

Пытанне даймае ўпёртае:

Ёсць Вера, Надзея i нават Любоў

А як жа завецца чацвёртая?

Дык мо яна ўжо пазнала сябе i паведамiць? Добра было б!

А яшчэ лепей, каб напiсала, чые вершы-радкi ёй спадабалiся болей. Тады маленькаму рэдакцыйнаму журы было б прасцей вызначыць пераможцу. На гэтым этапе.

А што да папярэдняга (на здымку, калi памятаеце, былi двое: дзяўчына глядзелася ў люстэрачка, папраўляючы макiяж, конь з сумам назiраў), — то найлепшыя радкi пра iх, па меркаваннi вялiкага чытацкага журы, склалi Ала Тарасiк i сужэнцы Астроўскiя з Мiнска, Уладзiмiр Сiтнiк са Старадарожчыны, Валерый Гаўрыш з Пастаўшчыны, Уладзiмiр Барысёнак з Ушаччыны, Анатоль Гарачоў з Iўеўшчыны i Вольга Лабажэвiч з Клецка. З чым пагадзiлася i журы рэдакцыйнае. Так што прыз у выглядзе падпiскi на дарагую сэрцам газету накiроўваецца ў Клецк. Застаецца толькi павiтаць першую падпiсчыцу на новы 2010 год i нагадаць iншым, што далучыцца да кола чытачоў "Звязды" варта i нiколi не позна.

Да ўдзельнiкаў конкурсу на лепшы подпiс да здымка — таксама. Фота, як заўжды дадаецца. Умовы ранейшыя: коратка (не больш за 8 радкоў) i дасцiпна. Поспехаў!

Валянцiна Доўнар.

←«Авторадио» пригрозили закрытием

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика