Аляксандр ЛАШЫН: Трэба падняць кошт акцызу на спiрт

Источник материала:  

Нягледзячы на тое, што колькасць злачынстваў, учыненых сёлета нападпітку, знiзiлася больш як на 10 %, Генеральную пракуратуру Беларусi працягвае хваляваць праблема п'янства i алкагалiзму. І нядзiўна, бо з-за п'янства сёння распадаецца кожны другi шлюб. Яно ж стала прычынай жорсткiх забойстваў 339 чалавек. Па вiне п'яных кiроўцаў на дарогах рэспублiкi сёлета загiнула 130 чалавек i 689 параненыя. Ахвярамi пажараў сталi 479 нецвярозых. Ад хваробаў, звязаных з атручваннем алкаголем, у краiне памерла 1448 чалавек, з iх 1100 у працаздольным узросце. Якiм чынам можна адолець "зялёнага змея"? Пра гэта разважае намеснiк Генеральнага пракурора Беларусi Аляксандр ЛАШЫН.

 

Першы шлях — скарацiць выпуск "чарнiла"

  

— Дзяржаўнай праграмай нацыянальных дзеянняў па папярэджаннi п'янства i алкагалiзму прадугледжана штогадовае скарачэнне на 10 % аб'ёму выпуску пладовых мацаваных ардынарных вiнаў. Але, нягледзячы на патрабаваннi, шэраг прадпрыемстваў, у прыватнасцi ў Клецку i Пружанах, усё адно працягвалi павялiчваць выпуск таннай пладовай прадукцыi. Дзякуючы рабоце нашых пракурораў, сёлета за паўгода ўдалося дабiцца скарачэння выпуску вiна нiзкай якасцi ажно на 12, 6 % у параўнаннi з аналагiчным леташнiм перыядам. Некаторыя прадпрыемствы ў якасцi альтэрнатывы пачалi вырабляць безалкагольную прадукцыю, як правiла, сокi. Частка з iх перайшла на выпуск натуральных вiнаў больш высокай якасцi.

Другi — павысiць кошт акцызу на спiрт

— Даступнасць алкаголю i яго нiзкi кошт садзейнiчаюць росту ўжывання алкагольных напояў беларусамi, — пракаментаваў iнiцыятыву Мiнгарвыканкама перавесцi асобныя гандлёвыя пункты на кругласутачны рэжым працы Аляксандр Лашын. — Я лiчу, што ў першую чаргу неабходна выключыць даступнасць алкагольных напояў i памяняць цэнасную палiтыку ў гэтай сферы. Праўда, павышэнне кошту на алкаголь непазбежна выклiча павелiчэнне нелегальнага самагонаварэння i завоз вадкасцяў, якiя ўтрымлiваюць спiрт, з-за мяжы. Таму, мяркую, неабходна павысiць кошт акцызу на спiрт, тады вытворчасць слабаалкагольных напояў стане для прадпрыемстваў нявыгаднай. Прычым гэта новаўвядзенне не выклiча павышэння кошту на напоi дастаткова высокай якасцi.

Трэцi — павялiчыць колькасць рэабiлiтацыйных цэнтраў для былых асуджаных

— З п'янствам i алкагалiзмам цесна звязана праблема рэцыдыўнай злачыннасцi — кожнае другое паўторнае злачынства ўчыняецца ў стане алкагольнага ап'янення. За 8 месяцаў гэтага года ў параўнаннi з аналагiчным леташнiм перыядам рэцыдыўная злачыннасць у Беларусi вырасла на 8,5 %. Мы мяркуем, што стварэнне рэабiлiтацыйных цэнтраў, прызначаных дапамагаць былым асуджаным у сацыяльнай адаптацыi, дазволiць знiзiць рэцыдыў у краiне. Пра неабходнасць стварэння такiх цэнтраў гаварылася ў лiсце Генеральнага пракурора Беларусi, адрасаваным прэм'ер-мiнiстру краiны, у лiпенi 2008 года. Зрабiць захады па стварэннi рэабiлiтацыйных цэнтраў было даручана старшыням аблвыканкамаў, Мiнскага гарвыканкама i МУС. Аднак дадаткова за гэты перыяд не з'явiлася нi аднаго цэнтра. У рэспублiцы працягваюць дапамагаць асобам, якiя вярнулiся з турмы, толькi раней створаныя 4 рэабiлiтацыйныя цэнтры.

Чацвёрты — узмацнiць выкананне нормаў заканадаўства

— Мясцовыя органы ўлады недастаткова актыўна праводзяць прафiлактычныя мерапрыемствы, накiраваныя на папярэджанне п'янства i алкагалiзму, а таксама рэцыдыўнай злачыннасцi. Падчас праверак, якiя Генеральная пракуратура правяла ў 15 раёнах чатырох абласцей рэспублiкi, высветлiлася, што шэраг работнiкаў мясцовых органаў улады ў поўнай меры нават не ведаюць сваiх абавязкаў. Большасць праграм прафiлактычных мерапрыемстваў у рэгiёнах распрацаваныя без улiку рэальнага становiшча спраў, а iх выкананне нiхто не кантралюе. Так, сёлета было забранiравана больш за 2 тысячы працоўных месцаў для асобаў, якiя вярнулiся на волю. Аднак працаўладкаваныя толькi 774 чалавекi. Гэта можна патлумачыць як адсутнасцю ў вызваленых жадання працаваць, так i фармалiзмам мясцовых органаў у iх працаўладкаваннi.

Надзея ДРЫла.

←Синоптики предупреждают: предстоящей ночью во многих районах нашей области ожидается сильный порывистый ветер до 15-20 метров в секунду.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика