Айчынныя прадпрыемствы: цэны ад вытворцы i вялiкi асартымент

Источник материала:  

Упершыню толькi арганiзаваную пастаянную выставу-кiрмаш для дробнарознiчнага i рознiчнага гандлю таварамi айчыннай вытворчасцi, арганiзаваную на базе КУП "Мiнскi аптовы рынак" у вёсцы Таборы Мiнскага раёна, мы наведалi ранiцай 24 верасня, калi туды павiнны былi заехаць першыя пяць беларускiх прадпрыемстваў. Матэрыял на гэтую тэму чытачы змаглi прачытаць у нумары "Звязды" за 26 верасня. Калi шчыра, пiсаць тады асаблiва не было пра што: многiя выдзеленыя вытворцам гандлёвыя боксы яшчэ ўвогуле пуставалi, у iх адсутнiчалi не тое каб узоры прадукцыi — не было нават сталоў для работнiкаў, мы практычна нiкога не сустрэлi з персаналу складоў-крамаў, паколькi гэтыя калектывы яшчэ фармiравалiся i ў лепшым выпадку мы бачылi часова камандзiраваных з прадпрыемстваў спецыялiстаў... Натуральна, гэта былi звычайныя арганiзацыйныя моманты, тым больш, што было агучана — выстава-кiрмаш айчынных тавараў запрацуе з 1 кастрычнiка, калi сюды пераедуць дзесяць беларускiх прадпрыемстваў.

...Ранiцай 1 кастрычнiка тая частка гандлёвага павiльёна, дзе ўласна i месцiлася выстава-кiрмаш, сустрэла нас куды больш ажыўлена, чым у папярэднi раз. Сноўдалi не толькi грузчыкi, але i iншыя работнiкi, што мелi дачыненне да таго цi iншага прадпрыемства, шырокi праход быў застаўлены каробкамi з прадукцыяй, у большасцi боксаў, на якiх, дарэчы, з'явiлiся пастаянныя шыльды з назвай i рэжымам працы, тавар быў раскладзены i развешаны навiдавоку з цэтлiкамi. Як да старой знаёмай накiроўваемся адразу да прадаўца ААТ "Палессе" Наталлi ШУЛІПЫ, якая была накiравана на выставу-кiрмаш часова, i з якой мы першай пазнаёмiлiся ў мiнулы прыезд.

Айчынныя прадпрыемствы: цэны ад вытворцы i вялiкi асартыментВысвятляецца, што пакуль з усяго патрэбнага калектыву на працу ўзялi толькi загадчыка, а яшчэ патрэбныя два кладаўшчыкi ў бокс. Суразмоўнiца зазначае, што для персаналу ў куце выдзеленай прасторы павiнны абсталяваць нешта накшталт кабiнета (зазначым, што вышыня павiльёна складае дзевяць метраў, сцены бокса з кратаў, таму працаўнiкам можна толькi паспачуваць — тут яўна не горача).

— Так, ужо наведвалiся прадпрымальнiкi, цiкавiлiся найперш нават не асартыментам, а спосабам разлiку за тавар — наяўны цi безнаяўны. Касавы апарат мы пакуль яшчэ не паставiлi, — тлумачыць Наталля Шулiпа. — А цэны ўжо вядомыя, за кошт знiжэння гандлёвай надбаўкi яны будуць меншымi на 10 працэнтаў, калi параўноўваць з аналагiчнымi коштамi ў звычайным гандлi. Пакуль у нас прапанаваны дзiцячы асартымент, але ўжо едзе машына з мужчынскiм i жаночым трыкатажам. Дарэчы, учора тут быў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнiкаў, абяцаў па сваiх каналах распаўсюдзiць iнфармацыю пра выставу-кiрмаш.

Знiжкi на прадукцыю Аршанскага льнокамбiната, за кошт адмены гандлёвай нацэнкi, складуць 25—30 працэнтаў. У боксе будзе прапанаваны амаль увесь асартымент прадпрыемства, а гэта каля тысячы найменняў тавараў, у тым лiку з цягам часу навiнкi — сучасныя мадэлi адзення з чыстага лёну моладзевага кiрунку (ну не зiмой жа iмi гандляваць).

— Пакуль жа мы прапануем шырокi спектр пасцельнай бялiзны, ручнiкоў, сурвэтак, у тым лiку i ў сувенiрным выкананнi, — распавяла нам загадчык крамы-склада Алена ГАРНАК. — Шкада, што гандлёвае месца малое па плошчы.

Дарэчы, бокс ад Аршанскага льнокамбiната змянiў "прапiску" — падчас нашага наведвання грузчыкi Мiхаiл МАРЧАНКА i Iгар ЛЯДЗIНСКI якраз перавозiлi прадукцыю. Iх спецыяльна накiравалi для гэтага з Оршы, сам жа калектыў крамы-склада пакуль да канца не сфармiраваны. Патэнцыяльным работнiкам прапанаваны заробак на ўзроўнi 850—880 тысяч рублёў.

— Гандляваць прадукцыяй мы будзем як дробным, так i буйным оптам. Опт — гэта, як мы папярэдне вызначылiся, калi пакупнiк набывае тавараў на суму ад 1 мiльёна рублёў. Будзем працаваць як па безнаяўным, так i па наяўным разлiку, як з юрыдычнымi, так i з фiзiчнымi асобамi, — адказвае на пытаннi Алена Гарнак. — Што перашкаджае тым жа некалькiм простым пакупнiкам аб'яднацца i набыць тавар на мiльён рублёў: для сябе, у якасцi падарункаў? Патэнцыяльныя пакупнiкi да нас ужо наведвалiся, цiкавiлiся асартыментам, думаю, лiтаральна з наступнага тыдня пачнём паўнацэнна працаваць.

У боксе Баранавiцкай швейнай фабрыкi "Бараўчанка" ўжо развешана i раскладзена 2,5 тысячы найменняў прадукцыi прадпрыемства — касцюмаў для хлопчыкаў i дзяўчатак, спаднiц, куртак, палiто. правяла для нас своеасаблiвую экскурсiю па гандлёвым месцы старшы кладаўшчык крамы-склада Вольга ХАМАНЕЦ. На гэтай пасадзе яна працуе ўсяго толькi тыдзень, зрэшты, кладаўшчык Сяргей ЯНЧЭЎСКI — усяго толькi дзве... гадзiны на той момант, калi мы завiталi ў бокс.

— Працаваць мы будзем пакуль толькi па безнаяўным разлiку i толькi оптам. На гэтым тыднi павiнна ўжо быць пячатка. Клiент выбiрае тавар, аплачвае яго ў банку, прыносiць да нас пацвярджэнне i мы адгружаем яму прадукцыю прама адсюль. Да нас ужо падыходзiлi, цiкавiлiся прадукцыяй, пакiдалi свае вiзiткi. Што пачым? Самы дарагi мужчынскi касцюм, сучасны, з адлiвам, у такiх цяпер усе жанiхi бываюць на вяселлях — 118 тысяч рублёў, — распавядае далей Вольга Хаманец.

Касцюм i сапраўды выглядае вельмi годна. Як i мноства iншых рэчаў з добрых тканiн, сучасных мадэляў, у тым лiку i для маленькiх дзетак. Ды i цэны падаюцца цалкам прымальнымi. Тут жа можна пабачыць i асенне-зiмовы асартымент, напрыклад, мужчынскiя курткi i палiто, плашчы i курткi для хлопчыкаў-падлеткаў. Скажам, адна з мадэляў мужчынскай курткi на сiнцiпоне каштуе 56 тысяч рублёў, палiто — 64 тысячы, мадэль курткi для падлетка — амаль 84 тысячы рублёў.

— Так, для прадпрымальнiкаў першы плюс — гэта цэны ад вытворцаў. На нашу прадукцыю яны за кошт адмены гандлёвай надбаўкi будуць меншымi на 30 працэнтаў, — дапаўняе папярэднюю суразмоўнiцу начальнiк аддзела маркетынгу "Белкельме" Вiктар МАКОЎЧЫК. — Другi плюс: пакупнiку не трэба будзе ехаць да нас па тавар за 300 кiламетраў, усё патрэбнае ён зможа набыць тут, блiжэй да дома.

Распачаць паўнацэнную працу бокс ад гэтага прадпрыемства плануе з наступнага тыдня. Тэхнiчна ўсё гатова ўжо цяпер, ёсць i бланкi, i штампы. Адзiнае, замiнае так званы чалавечы фактар — пакуль не сфармiраваны калектыў крамы-склада, хоць, па словах суразмоўцы, кандыдатуры ўжо ёсць. Дарэчы, "Белкельме" будзе месцiцца ў адным боксе яшчэ адразу з двума прадпрыемствамi — з Крычаўскiм заводам гумавых вырабаў i Лiдскай абутковай фабрыкай. Так пакуль вырашыла кiраўнiцтва канцэрна "Беллегпрам" — сабраць на выставе-кiрмашы пад "адным дахам" усе абутковыя прадпрыемствы, маўляў, так пакупнiку будзе больш зручна. Наколькi зручна, вiдавочна, пакажа час, аднак для самiх прадпрыемстваў карысць будзе адразу — за кошт скарачэння колькасцi штату работнiкаў, умоўна кажучы, калi на ўвесь бокс, дзе месцяцца адразу тры прадпрыемствы, будзе наняты адзiн кладаўшчык.   — Наяўны разлiк у нас выключаецца, яго можна будзе зрабiць толькi праз аддзяленне "Беларусбанка", што месцiцца лiтаральна побач. Касавы апарат мы набылi, але пакуль не хочам яго ўстанаўлiваць, паколькi ўзнiкае праблема iнкасацыi наяўных грошай. Прадаваць прадукцыю будзем дробным i буйным оптам. Дробны — гэта адна каробка, 12 пар абутку адной мадэлi. Буйны — ад 300 пар, там ужо прапануем асаблiвыя ўмовы для пакупнiка, — расказаў Вiктар Макоўчык.

Мы пацiкавiлiся, а як быць фiзiчным асобам, калi ў каго ўзнiкне жаданне наведаць выставу-кiрмаш i прыдбаць якi абутак дробным оптам?

— Сяброўства i ўзаемадапамога — лепшы спосаб выйсця з крызiсу, — усмiхнуўся суразмоўца. — Грамадзяне ж могуць скааперавацца, тым больш што грашовыя сродкi ад фiзiчных асобаў за тавар таксама могуць быць пералiчаны на наш разлiковы рахунак — гэта звычайная практыка.

— Вокны ўсёй Еўропы да крызiсу былi "апранутыя" ў гардзiны i шторы магiлёўскай "Стужкi", — у словах прадаўца крамы-склада ад гэтага прадпрыемства Алы ЛУФІРАВАЙ красамоўна адчуваецца гонар за прадукцыю прадпрыемства. — Прыгажэй за нашу прадукцыю ў свеце няма!

Полiэфiрнае палатно апрацоўваецца спецыяльным саставам (гэта, дарэчы, ноу-хау прадпрыемства, зазначыла суразмоўнiца, больш у Беларусi яго нiхто не выкарыстоўвае), якi "адштурхоўвае пыл, бруд. Гаспадынi дастаткова спаласнуць выраб у нейтральным мыйным сродку i ён зноў будзе як новы. Цяпер на прадпрыемстве вырабляюць гардзiны не толькi традыцыйнага белага, але i iншых колераў. Яшчэ нам падалася цiкавай навiнка, разлiчаная для дзiцячых пакояў: з выявамi лiчбаў, падручнiкаў, а таксама прыгожых матылькоў. Кошт — 4—6 тысяч за пагонны метр палатна, што, пагадзiцеся, не дорага. "Тым больш што турэцкая арганза ўжо многiм надакучыла, да нас апошнiм часам пачалi звяртацца нават прафесiйныя швачкi, што шыюць гардзiны i шторы для заможных катэджаў". Тым больш зразумелае шкадаванне Алы Луфiравай, што пакуль патэнцыяльныя пакупнiкi не надта валодаюць iнфармацыяй пра знаходжанне на выставе-кiрмашы крамы-склада ад "Стужкi".

— Пакуль мы хутчэй вывучаем попыт па замовах. Працаваць напачатку думаем оптам — па безнаяўным разлiку. Магчыма, з цягам часу з'явiцца i касавы апарат. Ужо зараз мы можам прапанаваць не толькi палатно, але i гатовыя вырабы — камплекты штораў для вокнаў гарадскiх i вясковых дамоў, камплекты абрусаў i сурвэтак, — дэманстравала нам узоры прадавец.

...Напрыканцы хацелася б выказаць некаторыя асабiстыя заўвагi, што з'явiлiся па вынiках наведвання выставы-кiрмашу айчынных тавараў двойчы. Першапачаткова яна пазiцыянавалася ў тым лiку як i пляцоўка, дзе будзе весцiся рознiчны гандаль. Як паказалi нашы стасункi з прадстаўнiкамi прадпрыемстваў, пакуль не ўсе яны гатовыя весцi такi гандаль. Асноўная праблема — iнкасацыя наяўных сродкаў, што патрабуе дадатковых намаганняў. Магчыма, надалей гэта i будзе вырашана, але iнфармацыя пра магчымасць рознiчнага гандлю ўжо пайшла "ў народ" i ёй могуць зацiкавiцца не толькi прадпрымальнiкi. Выходзiць, грамадзяне рызыкуюць проста змарнаваць свой час? (Зразумела, што зацiкаўлены прадпрымальнiк, хутчэй за ўсё, будзе дабiрацца сюды на ўласным аўтатранспарце). Варта звярнуць увагу i на транспартныя зносiны з рынкам. Сёння туды ходзiць аўтобус, але па раскладзе — праз 1,5—2 гадзiны, што не вельмi зручна, асаблiва калi браць пад увагу згаданы вышэй рознiчны гандаль. Ды i самiм прадаўцам, як многiя прызнавалiся, гэта дадае клопатаў. Дарэчы, цi не таму ў тым лiку так марудна вырашаецца пытанне з камплектаваннем працоўных калектываў гандлёвых боксаў? Паводле слоў аднаго з загадчыкаў, транспартнiкам пададзена прапанова аб арганiзацыi руху аўтобусаў на рынак праз кожныя 15 хвiлiн. Падаецца, вельмi слушная заўвага. I апошняе. Як мы зазначалi раней, добра было б на тэрыторыi ўсталяваць якiя-небудзь паказальнiкi — дзе ўласна месцiцца выстава-кiрмаш айчынных тавараў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

 

←Синоптики предупреждают: предстоящей ночью во многих районах нашей области ожидается сильный порывистый ветер до 15-20 метров в секунду.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика