Пакараць — пакаралi. Але за што?

Источник материала:  

Пасля пісьма

У "Звязду" звярнулася чытачка з Калiнкавiцкага раёна. Як вынiкала са слоў заяўнiцы, яна працуе ў сельскай школе настаўнiцай працоўнага навучання i фiзiкi i з'яўляецца адначасова адказнай за школьны вучэбна-доследны ўчастак памерам 20 сотак. Ён аплачваецца ёй як дадатковыя 3 гадзiны ў тыдзень. Работы на ўчастку праводзяцца восенню i вясной, а летам на iм павiнны праходзiць практыку вучнi 5—8 класаў. 22 чэрвеня настаўнiца пайшла ў водпуск. Праз пэўны час яна наведала ўчастак i ўбачыла, што яго трэба прапалоць. Патэлефанавала ўсiм класным кiраўнiкам, вучнi якiх павiнны былi праходзiць практыку. Але дзяцей, вiдаць па ўсiм, прыйшло няшмат, што цалкам зразумела, бо многiя летам зарабляюць разам з бацькамi грошы зборам ягад або працуюць у саўгасе. Некаторыя маюць даведкi, якiя вызваляюць iх ад цяжкай фiзiчнай працы, i гэтак далей. Да таго ж i напаўняльнасць класаў у школе невялiкая. Праз пэўны час ёй патэлефанавала дырэктар школы з патрабаваннем навесцi парадак на ўчастку. Настаўнiца патлумачыла, што зрабiла ўсё, што ад яе залежыць — папярэдзiла i класных кiраўнiкоў, i вучняў, але ж яна не можа дзейнiчаць прымусам. Да таго ж сама знаходзiцца ў законным адпачынку: у яе i свой агарод на 10 сотак ёсць, на якiм таксама трэба працаваць, i рамонт дома трэба рабiць. Няўжо ж ёй адной трэба iсцi i палоць "школьныя" 20 сотак? Пазней яна выпадкова даведалася ад бухгалтара школы аб тым, што на яе падрыхтаваны загад аб утрыманнi з яе заробкаў грошай за працу на ўчастку, пачынаючы са студзеня гэтага года. Па яе падлiках, за гэты час "накапала" прыблiзна 400 тысяч рублёў. Выходзiць, што настаўнiца ўвогуле на iм не працавала: нi вясной, нi ў чэрвенi... Дырэктар школы нават хацела ўтрымаць грошы, выплачаныя настаўнiцы, пачынаючы з верасня (г.зн. з пачатку навучальнага года), але ёй патлумачылi, што зрабiць гэта немагчыма, паколькi 2008 фiнансавы год — цалкам закрыты. Настаўнiцу цiкавiла: наколькi правамоцныя дзеяннi дырэктара школы i цi можа быць накладзена на яе матэрыяльнае пакаранне?

Адразу заўважым, што хоць зварот i быў ананiмны, але Гомельская абласная арганiзацыя прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi знайшла i навучальную ўстанову, пра якую згадвалася ў звароце, i настаўнiцу, якую на той момант ужо паспелi пакараць рублём. Па выкладзеных у звароце ў "Звязду" фактах абласной прафсаюзнай арганiзацыяй была арганiзавана праверка з выездам на месца, якая праводзiлася ў прысутнасцi старшынi раённага камiтэта прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi i галоўнага бухгалтара аддзела адукацыi Калiнкавiцкага райвыканкама. Пры праверцы вывучалiся лакальныя нарматыўныя акты ўстановы адукацыi. У ходзе праверкi факт незаконнага ўтрымання сродкаў з заработнай платы настаўнiцы пацвердзiўся.

У парушэнне артыкулаў 57, 107, 197 Працоўнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь кiраўнiк установы адукацыi "Каплiцкi вучэбна-педагагiчны комплекс дзiцячы сад—сярэдняя школа" незаконна ўтрымала заработную плату, якую наймальнiк абавязаны выплацiць работнiку за выкананую працу, i прымянiла меры дысцыплiнарнага спагнання ў выпадку, якi не прадугледжаны заканадаўствам.

Па вынiках праверкi загадчыкам аддзела сацыяльна-эканамiчнай работы Гомельскай абласной арганiзацыi прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi Шапавалавай I.Е. была праведзена нарада з работнiкамi цэнтралiзаванай бухгалтэрыi аддзела адукацыi Калiнкавiцкага райвыканкама. У размове з дырэктарам Каплiцкага вучэбна-педагагiчнага комплексу дзiцячы сад—сярэдняя школа было ўказана на незаконнае прыцягненне работнiка да адказнасцi.

Была таксама праведзена кансультацыйная работа з кiраўнiкамi ўстаноў адукацыi i прафсаюзным актывам раёна на пасяджэннi савета аддзела адукацыi Калiнкавiцкага райвыканкама i пленуме Калiнкавiцкага райкама прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi, дзе дадзены тлумачэннi аб мерах, парадку i тэрмiнах прымянення дысцыплiнарных спагнанняў, адказнасцi за незахаванне заканадаўства аб працы i абавязкаў па калектыўным дагаворы, аб асаблiвасцях рэгулявання працы педагагiчных работнiкаў i вырашэннi канфлiктных сiтуацый.

На падставе вынiкаў праверкi i ў адпаведнасцi з артыкулам 465 Працоўнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь за незахаванне заканадаўства аб працы i незаконнае прыцягненне работнiка да адказнасцi ўказана на неабходнасць прыцягнення вiнаватых службовых асобаў да дысцыплiнарнай адказнасцi ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

Як запэўнiлi ў Цэнтральным камiтэце Беларускага прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi, загад "Аб невыкананнi службовых абавязкаў" у дачыненнi да нашай заяўнiцы быў адменены. А 403 тысячы 650 рублёў настаўнiцы вярнулi.

Надзея НIКАЛАЕВА.

←Синоптики предупреждают: предстоящей ночью во многих районах нашей области ожидается сильный порывистый ветер до 15-20 метров в секунду.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика