Нават сялянскi радавод можна вызначыць да дзясятага калена...

Источник материала:  

Шануй сваё!

Да якога калена вы ведаеце свой радавод? Прабабуля i прадзядуля?.. Раней у нашых продкаў лiчылася ганебным не ведаць свой радавод хаця б да пятага калена. Такога чалавека маглi нават выгнаць з племенi цi сям'i. Пра беларускiя радаводы мы гутарым сёння са слынным гiсторыкам, загадчыкам аддзела публiкацыi дакументаў Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi Змiцерам Яцкевiчам.

Нават сялянскi радавод можна вызначыць да дзясятага калена...— Спадар Змiцер, наколькi сур'ёзна нашы продкi ставiлiся да пытання радавой памяцi?— Вусная радавая памяць iснавала заўсёды, iснуе i зараз, можа, крыху ў парэзаным выглядзе. Сапраўды, раней людзi былi абавязаныя ведаць свайго продка да пятага калена. I самае галоўнае, што яны ведалi. Гэта ўсё перадавалася калi не з малаком мацi, то абавязкова iм пра гэта распавядалi бацькi, дзяды, прадзеды. Людзi заўжды ганарылiся сваiмi продкамi, iх нейкiмi здабыткамi. Гэта перадавалася нават у выглядзе разнастайных паданняў. У пiсьмовы час гэта пачало фiксавацца на паперы. Безумоўна, гэта было больш характэрна для багатых людзей, якiя мелi нейкiя кавалкi зямлi i перадавалi iх у спадчыну. Звесткi пра радавод перадавалiся разам са зброяй, нерухомасцю, маёмасцю — як частка сямейнага багацця, золата сямейнай памяцi. У найбольш заможных родах наймалi людзей, якiя пiсалi адмысловыя кнiгi, дзе распавядалася пра гiсторыю роду.— Вядома, што, напрыклад, род Радзiвiлаў вядзе сваю гiсторыю ад 1380 года. А да якога часу вядуць сваю гiсторыю iншыя нашыя шляхецкiя роды?

— Я так думаю, што каранi большасцi родаў сягаюць да ХIV стагоддзя — таго часу, калi пачалi з'яўляцца нейкiя больш цi менш дакладныя летапiсныя звесткi, часам нават мiфiчнага паходжання — як у выпадку з тымi ж Радзiвiламi. Быццам бы крыху лепш з вялiкiмi князямi, але там таксама ёсць свае пытаннi. Рэч у тым, што асаблiва ў ХVI стагоддзi стала моднае такое паўлегендарнае паходжанне, i вельмi шмат родаў, якiя траплялi ў нашы летапiсы i хронiкi, старалiся нейкiм чынам падоўжыць свой радавод. Менавiта тады з'явiлася абгрунтаванне паходжання родаў Вялiкага Княства ад старажытнарымскiх патрыцыяў...— Спадар Змiцер, да якога часу рэальна прасачыць свой радавод сённяшняму беларусу?

— Сёння беларусу даволi цяжка вызначыць свой радавод з тае прычыны, што ў ХХ стагоддзi вельмi моцна знiшчалi нашу радавую памяць, асаблiва калi ў чалавека былi якiя-небудзь шляхецкiя каранi. Усё гэта было нямодным, таму што была адпаведная сiстэма. I цяпер вялiкая праблема ў тым, што ў людзей не захавалiся родавыя архiвы — зрэдку знаходзяцца толькi асобныя дакументы, якiя людзi прыносяць i паказваюць нам. Рэшткi ўсiх архiваў — радавых, дзяржаўных, рэлiгiйных, грамадскiх — захоўваюцца сёння ў Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi. I — часткова па Гарадзенскай губернi — у Гродне, у гiстарычным архiве. У першую чаргу дзякуючы гэтым дакументам можна сёння ўзнавiць радаводы беларусам. А вось наколькi глыбока — залежыць ад захаванасцi дакументаў, ад сацыяльнага паходжання чалавека, ад зыходных звестак, якiя чалавек падае ў архiў. Калi хто сёння мае жаданне даведацца пра свой радавод, ён з дапамогай архiўных матэрыялаў можа дайсцi недзе да ХVI стагоддзя. Вядома, не заўсёды — сялянскiя радаводы абрываюцца недзе на мяжы ХVIII стагоддзя. Але ёсць такая магчымасць. Калi ўлiчыць, што кожнае стагоддзе дае недзе тры калены, то сялянскi радавод можна вызначыць да 9-10 калена. Калi шляхецкi, можа дадацца яшчэ шэсць цi пяць кален.— Спадар Змiцер, а да якога калена ведаеце свой радавод вы?

— Па мацi я ведаю свой радавод да дзявятага калена. Па бацьку — да шостага. Гэта звязана з тым, што былы Лiдскi павет уваходзiў у склад Вiленскай губернi, i асноўная частка ранейшых дакументаў захоўваецца сёння ў Вiльнi. Фiнансавыя мажлiвасцi не дазваляюць мне заняцца гэтым пытаннем i дакапацца да самых глыбiняў...   Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

КОШТ ПЫТАННЯ

"Цяпер прымаем замовы на сярэдзiну наступнага года..."Кошт генеалагiчнага запыту i парадак падачы заяў мы высветлiлi ў Дзянiса ЛIСЕЙЧЫКАВА, загадчыка аддзела навуковага выкарыстання дакументаў i iнфармацыi Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi.

— Для грамадзянiна Беларусi максiмальны кошт генеалагiчнага пошуку складае 1 мiльён 200 тысяч рублёў, для замежнiка — 1 500 000, — распавёў "Звяздзе" спадар Дзянiс. — Радуе, што вельмi шмат беларусаў цiкавяцца сваiмi каранямi. Настолькi шмат, што зараз мы прымаем запыты, якiя будуць выкананыя толькi ў сярэдзiне наступнага года. Вынiк такой працы — мы даем чалавеку ўсе знойдзеныя звесткi з метрычных кнiг, рэвiзских сказак i пасямейных спiсаў. Калi чалавек шляхетнага паходжання, удаецца знайсцi больш, сялянскага — менш. Для селянiна максiмальна глыбокiя звесткi датычацца 1795 года, калi была праведзеная першая рэвiзiя прыгонных сялян у Расiйскай iмперыi. Тое самае тычыцца i тэрыторыi пошуку — па Менскай губернi захавалася больш звестак, па Магiлёўскай цi Вiцебскай — менш...

— Што павiнен ведаць чалавек, якi iдзе ў архiў па свой радавод?

— Галоўны крытэр — ведаць сваiх продкаў, якiя жылi раней за 1917 год. Iнакш нам не ўдасца звязаць звесткi са сваiмi дакументамi. Дарэчы, калi названая сума завысокая для вас, ёсць i танны варыянт — шукаць звесткi самому. Для гэтага трэба напiсаць заяву, дзе пазначыць сваiх сваякоў, народжаных да 1917 года, рэгiён пошуку, а таксама мець пры сабе пашпарт. Абанемент на гадавую працу ў чытальнай зале каштуе 16  500 рублёў. Супрацоўнiк архiва пракансультуе вас, як весцi пошук. Далей вы знаходзiце метрычныя кнiгi цэркваў, куды маглi хадзiць вашыя продкi, i метадычна шукаеце патрэбныя звесткi.

←Вместо визы - только пропуск. Беларусь и Литва до конца года подпишут соглашение о приграничном движении.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика