Хрустальны журавель паляцеў на Брэстчыну

Источник материала:  

Дырэктару ганцавiцкай школы ўдалося даказаць, што i настаўнiк ён — таксама выдатны...

Уявiце сабе сiтуацыю: настаўнiца iдзе па школьным калiдоры на ўрок, а вучнi лiтаральна засыпаюць яе камплiментамi, параўноўваюць з Клаўдзiяй Шыфер, кажуць, што выглядае тая проста ашаламляльна. Як рэагаваць на гэта педагогу? Цi вось яшчэ адна класiчная педагагiчная задачка. У клас заходзiць настаўнiца, вiтаецца з дзецьмi, падыходзiць да свайго стала, бярэ класны журнал i бачыць пад iм...белую мышку. У гэты момант за рэакцыяй настаўнiцы ўважлiва сочаць трыццаць пар дзiцячых вачэй, якiя нецярплiва чакаюць кульмiнацыi спектакля. Як выйсцi з сiтуацыi педагогу? На роздум суперфiналiстам рэспублiканскага конкурсу "Настаўнiк года Рэспублiкi Беларусь" давалася ўсяго 20 секунд, але ў рэчаiснасцi 20 секунд для настаўнiка — сапраўдная раскоша. Рэакцыя павiнна быць iмгненнай. І тут без пачуцця гумару настаўнiку дакладна не абысцiся... Забягаючы наперад, мусiм прызнаць, што ў новага ўладальнiка "Хрустальнага жураўля" пачуццё гумару i сапраўды выдатнае...

Хрустальны журавель паляцеў на БрэстчынуАле аб ўсiм па парадку. Суперфiналу конкурсу прафесiйнага майстэрства педагогаў, якi адбыўся напрыканцы мiнулага тыдня, папярэднiчалi два напружаныя тыднi фiнальнай часткi спаборнiцтваў. Нагадаем, што ў фiнале за ганаровае званне "Настаўнiк года" змагаўся 21 педагог — усе яны ўжо сталi пераможцамi абласных i мiнскага гарадскога этапаў рэспублiканскага конкурсу. У фiнале членам журы давялося ацэньваць самапрадстаўленне педагогаў, iх адукацыйны праект i два ўрокi ў незнаёмай аўдыторыi. Тэму аднаго ўрока выбiраў сам канкурсант, а другую тэму яму прапаноўвала журы. Гэта, бадай, адно з самых складаных конкурсных выпрабаванняў, паколькi ўдзельнiкам толькi напярэдаднi правядзення ўрока становяцца вядомымi яго тэма, клас i школа, у якой яны будуць даваць свой конкурсны ўрок. Лiтаральна за адзiн вечар i адну ноч педагогам трэба падрыхтавацца i ўжо ранiцай прадэманстраваць членам журы план-канспект урока. Акрамя таго, усе фiналiсты прайшлi сур'ёзнае педагагiчнае i псiхалагiчнае тэсцiраванне. Па словах прарэктара Акадэмii паслядыпломнай адукацыi Галiны Нiкалаенкi, якая не першы раз узначальвае журы конкурсу, нiякiх праблем з тым, як параўнаць педагагiчны талент настаўнiка музыкi, i, скажам, настаўнiка фiзiкi цi бiялогii, у журы няма.

Шэсць уладальнiкаў самых высокiх балаў па вынiках фiнальных спаборнiцтваў трапiлi ў суперфiнал, прычым разрыў у балах трох суперфiналiстаў быў зусiм мiнiмальны i складаў усяго некалькi сотых бала. Такiм чынам, у суперфiнале сустрэлiся настаўнiк беларускай мовы i лiтаратуры вiцебскай гiмназii № 5 Галiна Анатольеўна Сухава, настаўнiк бiялогii мiнскага лiцэя № 2 Таццяна Мiкалаеўна Сагаль, настаўнiк фiзiкi сярэдняй школы №10 горада Жлобiна Алег Анатольевiч Купрацэвiч, настаўнiк музыкi магiлёўскай сярэдняй школы № 37 Вольга Генадзьеўна Бонiч, настаўнiк матэматыкi Светлагорскай гiмназii Вiкторыя Вiктараўна Бандарэнка i дырэктар ганцавiцкай агульнаадукацыйнай школы № 2 Юрый Мiкалаевiч Андрэйчык, якi выкладае ў школе бiялогiю.

У суперфiнале галоўных прэтэндэнтаў на ганаровае званне чакалi не менш сур'ёзныя выпрабаваннi. Напрыклад, урок-сюрпрыз. Для прыкладу, настаўнiцы беларускай мовы i лiтаратуры было прапанавана правесцi ўрок матэматыкi ў трэцiм класе па тэме "Дзяленне з астачай". Настаўнiцы матэматыкi — урок па хiмii на тэму "Прырода i сутнасць хiмiчных сувязяў". Настаўнiку музыкi — урок па бiялогii на тэму "Размнажэнне i развiццё голасемянных". А "бiёлагу" — урок па гiсторыi на тэму "Жанчыны ў гiсторыi Францыi: выпадковасць цi заканамернасць". На падрыхтоўку iмправiзацыi пачатку ўрока давалася ўсяго 2 хвiлiны.

У суперфiнале сапраўдным святам стаў 20-хвiлiнны мiнi-ўрок на сцэне. Тэма ўрока Таццяны Сагаль гучала так: "Паспяховы той, хто ...". Адказ на гэта пытанне настаўнiца шукала разам з "вучнямi", у ролi якiх выступалi калегi-фiналiсты, якiя хоць i не здолелi трапiць у суперфiнал, тым не менш абсалютна шчыра i вынаходлiва падыгрывалi сваiм больш шчаслiвым канкурэнтам. Юрый Андрэйчык правёў урок бiялогii на тэму "Школьныя гады цудоўныя". Яго ўрок быў апошнiм для выпускнiкоў i стаў своеасаблiвым наказам на дарослае жыццё. Разам з настаўнiкам "вучнi" майстравалi макет дрэва, на галiнках якога пiсалi, чаго яны хочуць дасягнуць у жыццi, а затым з лепшых чалавечых якасцяў складвалi фундамент дома, з гармонii i дабрынi "будавалi" сцены, а з кахання i сiлы — дах. Тэма ўрока настаўнiцы матэматыкi Вiкторыi Бандарэнкi гучала так: "Навучыць чалавека быць шчаслiвым нельга, але...". "Але можна гэтаму навучыцца", — да такой высновы "дзецi" прыйшлi напрыканцы ўрока.

Мiнi-ўрок настаўнiка фiзiкi Алега Купрацэвiча пераўтварыўся ў сапраўдны банк iдэй i вельмi парадаваў гледачоў у зале, паколькi "вучням" давялося праявiць выключную вынаходлiвасць, каб прадэманстраваць закон Архiмеда, адкрыццё Ньютана (закон сусветнага прыцягнення), вынаходнiцтва радыё i геацэнтрычную сiстэму Капернiка. Адгадаць, што паказваюць настаўнiкi, павiнны былi балельшчыкi ў зале. А калi настаўнiк прапанаваў "вучням" закончыць фразу, якая i стала тэмай урока, "Не май сто рублёў", давялося пачуць самыя нечаканыя варыянты ад "Не май сто рублёў, а май 100 балаў на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi" да "Не май сто рублёў, а май сто гектараў зямлi на чарнаморскiм узбярэжжы". "Лепш мець не сто рублёў, а сто iдэй", — рэзюмаваў напрыканцы педагог.

Самым жа пранiкнёным стаў урок настаўнiцы беларускай мовы i лiтаратуры Галiны Сухавай, якая падзялiла свой iмправiзаваны клас на дзве групы: "Кахаю" i "Люблю". У чым рознiца памiж двума гэтымi словамi? Цi кожны, хто ўдала рыфмуе словы, можа быць паэтам? Як успрымае свет паэт? Цi можна ўбачыць незвычайнае ў звычайным? Як можна тактоўна перадаць стогадовы ўзрост чалавека? Адказы на гэтыя пытаннi "вучнi" шукалi ў прыгожых вершаваных радках Рыгора Барадулiна, якiя лiлiся з вуснаў настаўнiцы:

Хай снег гадоў асядзе ў валасах,

Хай будзе мне

хоць пяць разоў па дваццаць —

Усмешкай палахлiвай на губах,

Ты школьнiцай мне будзеш

ўсміхацца.

Прычым не проста шукалi, але i спрабавалi ўдзельнiчаць у вершавальнай "дуэлi" з лiтаратурным класiкам.

Апошнiм выпрабаваннем для педагогаў стала абарона адукацыйнага праекта. Безумоўна, у кожнага, хто быў сведкай суперфiналу, быў свой фаварыт, але канчатковы вердыкт выносiла ўсё ж прафесiйнае журы. I па яго рашэннi галоўны прыз конкурсу — "Хрустальны журавель" — дастаўся дырэктару ганцавiцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы " №2, настаўнiку бiялогii Юрыю Андрэйчыку. Як прызнаецца пераможца, на ўдзел у конкурсе прафесiйнага майстэрства педагогаў яго падштурхнула iмкненне развеяць распаўсюджанае меркаванне аб тым, што кiраўнiк навучальнай установы — гэта толькi гаспадарнiк. На думку педагога, дырэктар у першую чаргу павiнен быць настаўнiкам настаўнiкаў i ўласным прыкладам гэта пацвярджаць. Дзеля справядлiвасцi зазначым, што Юрый Андрэйчык — першы ў гiсторыi правядзення рэспублiканскага конкурсу прафесiйнага майстэрства педагогаў кiраўнiк школы, якi заваяваў ганаровае званне "Настаўнiк года Рэспублiкi Беларусь". За конкурсны ўрок на тэму, прапанаваную журы, ён атрымаў самую высокую суму балаў з усiх фiналiстаў. А на абласным этапе яму ўдалося заваяваць не толькi дарослае, але i дзiцячае журы i перамагчы ў намiнацыi "Вучнёўская авацыя". Выключнае пачуццё гумару i яркiя артыстычныя задаткi ён прадэманстраваў i ў суперфiнале конкурсу, што, не выключана, у немалой ступенi дапамагло яму перамагчы не менш моцных за яго канкурэнтаў.

Галоўнай мэтай сваёй працы ў школе пераможца лiчыць фармiраванне i выхаванне актыўнай асобы. Галоўнае, каб кожны выпускнiк знайшоў сябе, i не важна, кiм ён стане — прафесарам цi слесарам. Своеасаблiвым эпiграфам да сваёй педагагiчнай дзейнасцi ён абраў словы К.  Ушынскага: "Дзiця патрабуе дзейнасцi пастаянна. Стамляецца ж не ад дзейнасцi, а ад яе аднастайнасцi". Таму свае ўрокi бiялогii настаўнiк iмкнецца як мага больш разнастаiць, квалiфiкавана спалучае традыцыйныя метады i прыёмы навучання з элементамi iнфармацыйных тэхналогiй, развiццёвага, модульнага, праблемнага навучання. Яго вучнi — актыўныя ўдзельнiкi i прызёры раённых алiмпiяд па бiялогii, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў i фестываляў эколага-бiялагiчнай накiраванасцi.

Мiж iншым, перамога Юрыя Андрэйчыка цалкам упiсалася ў адну даўнюю традыцыю: у Беларусi (як, дарэчы, i ў нашых суседзяў-расiян) на конкурсах прафесiйнага майстэрства педагогаў перамагаюць, як правiла, настаўнiкi-мужчыны, хоць прафесiя настаўнiка i носiць яскрава выражаны жаночы характар. Толькi ў 1997 годзе ўладальнiцай "Хрустальнага жураўля" стала настаўнiца гiсторыi з ашмянскай СШ №  2 Валянцiна Гiнчук, а ў 2006 годзе — настаўнiца бiялогii са смаргонскай гiмназii № 1 Iрына Клявец. Конкурс, дарэчы, праводзiцца раз у тры-чатыры гады. Пачынаючы з 1991 года, у пяцi з сямi конкурсаў перамагалi прадстаўнiкi Брэстчыны. Такiм чынам Юрый Андрэйчык стаў шостым прадстаўнiком сiстэмы адукацыi Брэстчыны, якi здолеў дамагчыся звання "Настаўнiк года".

Надзея НIКАЛАЕВА.

Фота Марыны Бегунковай.

←Вместо визы - только пропуск. Беларусь и Литва до конца года подпишут соглашение о приграничном движении.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика