Дзяўчаты ў палiтыцы

Источник материала:  

Вока-на-вока з дэпутатам

Самая маладая дэпутат Iнэса Кляшчук аддае перавагу беларускай лiтаратуры i марыць пра вялiкую сям'ю

Любiмая кiнастужка народнай абраннiцы — "Дзяўчаты", i мне яна падалася ў многiм падобнай да Тосi. Гэткай жа адкрытай, прастадушнай, шчырай i жыццярадаснай. Тыпаж нехарактэрны для палiтыка, пагадзiцеся. Ох, i дастаецца ж ёй, вiдаць, ад працоўнага атачэння. Самой нярэдка даводзiцца чуць "паслухай, дзяўчынка"... Чамусьцi гэтак жа часта, як чалавека бяруцца ацэньваць па знешнасцi i сацыяльным статусе, на ўзбраенне бярэцца i яго ўзрост. А "сталы чалавек", прашу заўважыць, — гэта не заўсёды раўназначна паняццю "бездакорны прафесiянал", таксама як i "малады спецыялiст" — не заўжды "няўмека"... Аднак паводле слоў Iнэсы Кляшчук, яна асаблiвага скепсiсу ў свой адрас не адчувае:

Дзяўчаты ў палiтыцы

  — У парламенце вельмi добразычлiвая атмасфера, мае старэйшыя калегi дапамагаюць мне i падтрымлiваюць. Калi ў мяне была перадвыбарная агiтацыя, у насельнiцтва сапраўды было дваякае меркаванне. Некаторыя казалi: "Во, яшчэ маладая, куды ёй!" А iншыя, наадварот, ухвалялi: "Маладая, перспектыўная, далёка пойдзе". Я старалася пераканаць iх, што на мяне можна спадзявацца, я адчуваю адказнасць. Мяркую, што сваёй работай змагу ўпэўнiць людзей у тым, што маладосць не недахоп, а ў нечым, наадварот, перавага. У цяперашняй моладзi (дарэчы, паводле беларускага заканадаўства, 31-гадовая дэпутат роўненька падпадае пад катэгорыю моладзi — гэта верхняя ўзроставая мяжа. — Аўт.) вельмi шмат iдэй, iншае мысленне, яна ўмее лавiраваць у сiтуацыях, адыходзiць ад стэрэатыпаў i звычных схем. Гэта вялiкi плюс. А калi пры гэтым улiчваць досвед папярэднiх пакаленняў i абапiрацца на сваё новае мысленне, скарыстоўваць новыя падыходы, метады — то i зусiм цудоўна. Чаму б такiм, як кажуць у народзе, хваткiм людзям i не займаць адказныя пасады?

Дзеля гармонii вопыту i наватарства Iнэса абрала сабе ў памочнiцы сталага чалавека.

— Мая памочнiца доўгi час працавала старшынёй раённага Савета дэпутатаў. З усiмi мясцовымi праблемамi добра знаёмая. Так у нас i атрымлiваецца залатая сярэдзiна, — кажа дэпутат.

Саму Iнэсу на малой радзiме, Случчыне, добра ведаюць як настаўнiцу i актывiстку БРСМ. Яна выкладала ў сельскай школе матэматыку i iнфарматыку, была першым сакратаром спачатку райкама, а пазней, пасля аб'яднання горада i раёна, i гаркама рэспублiканскага саюза моладзi. Цяпер жа да яе са сваiмi праблемамi iдзе i стары, i малы.

— Вядома ж, у раёне ёсць праблемы. Вельмi шмат звяртаюцца наконт добраўпарадкавання вулiц, устаноўкi "ляжачых палiцэйскiх". Апошнiм часам пешаходы ўсё часцей скардзяцца на тое, што ўцiскаюць iх кiроўцы. Цеплавы рэжым у дамах не задавальняе некаторых выбаршчыкаў. Як дэпутат я звяртаюся ў адпаведныя службы i дапамагаю вырашыць праблему, дапамагаю жыхарам быць пачутымi. "Гарачы" сезон выдаўся летам — вой, якi тады быў ажыятаж са скаргамi — у горадзе гарачую ваду падавалi абмежавана. Але потым, нягледзячы на крызiс i недахоп бюджэтных сродкаў, мясцовыя ўлады знайшлi магчымасць вырашыць сiтуацыю.

Большасць зваротаў грамадзян менавiта па жыллёва-камунальнай гаспадарцы, — адзначае Iнэса Кляшчук. Ну, гэта i не слуцкае ноу-хау, так па ўсёй краiне.

Глабальная праблема Слуцка, як расказала нам дэпутат, — каналiзацыйная сiстэма.

— Будавалася ўсё даўно, на многае тады не разлiчвалi. Да таго ж, такая адметнасць ёсць у Слуцка — горад стаiць у нiзiне. I сёлета, калi iшлi дажджы, больш за ўсё пацярпеў Слуцк. Вельмi шмат было зваротаў ад тых, у каго затапiла прысядзiбныя ўчасткi. Калi б пераабсталяваць усю гэту сiстэму, то, зразумела, гэта была б вельмi вялiкая палёгка для нашага горада, — кажа Iнэса Кляшчук.

— Ёсць звароты па ахове здароўя, былi кансультацыйныя звароты па паляпшэннi жыллёвых умоў, — працягвае аповед дэпутат, — каму правесцi водаправод трэба, каму — дапамагчы ў працаўладкаваннi. Вось нядаўна дапамаглi дзяўчыне-сiраце з пераразмеркаваннем: яе размеркавалi пасля заканчэння адной з вышэйшых навучальных устаноў не ў Слуцкi раён (дзе жыве бабуля-апякун, iнвалiд другой групы), дык мы, улiчваючы такую складаную сiтуацыю, знайшлi выпускнiцы пры дапамозе мясцовай улады месца працы ў Слуцку, аформiлi пераразмеркаванне. Увогуле з працаўладкаваннем на Случчыне сёння ёсць некаторыя праблемы, мала хто хоча працаваць у сельскай мясцовасцi, не ва ўсiх хапае адукацыi для таго, каб працаваць на жаданых пасадах. Сёння недахоп слесараў, электрыкаў, прадаўцоў...

Аднак больш за ўсё раёну не хапае грошай, — мяркуе народная абраннiца, — каб адбудаваць усё тое, аб чым мараць мясцовыя жыхары.

— Падлеткi хочуць пляцоўку для катання на скейт-бордах, БРСМ абяцаў дапамагчы з гэтым. Маладыя людзi просяць, каб быў прыгожы Палац шлюбу, бо ў нас распiсваюць у Доме культуры, а ўсiм хацелася б урачыстай цырымонii ў адмысловай зале...

Сям'я для Iнэсы Кляшчук — святое, яна вырасла ў каханнi i клопаце. Бацькi ганарацца Iнай, але ж не прапускаюць магчымасцi i "падкалоць" па-добраму, маўляў, "час абедаць, дэпутат". Маладзейшы на пяць гадоў брат Сяргей — найлепшы сябар.

— Мяне заўжды шакiруе, калi звяртаюцца сваякi, якiя не могуць падзялiць мiж сабой плот, ледзь не нейкую канаву. Думаеш, ну як жа так — родныя людзi не могуць памiрыцца, — бядуе Iнэса. — Сям'ю трэба цанiць.

У парламенце Iнэса Кляшчук занятая ў рабоце пастаяннай камiсii па заканадаўстве i судова-прававых пытаннях. I хоць матэматычны склад розуму шмат у чым дапамагае ў заканадаўчай працы, аднак маладая дэпутат задумваецца пра атрыманне юрыдычнай адукацыi. Баявое хрышчэнне прайшла яшчэ на мiнулай сесii — законапраектам, за якi была адказная i рыхтавала да разгляду калегамi. Ён уносiў папраўкi ў некаторыя законы па пытаннях дакументавання насельнiцтва Беларусi.

— Рыхтаваць законапраект, нават прэзентаваць яго ў Авальнай зале — гэта вялiкае хваляванне, вялiкая адказнасць. I калi праз гэта пройдзеш, больш упэўнена ўжо сябе адчуваеш. Калi працуеш над праектам закона, унiкаеш ва ўсю гэту "кухню", прапускаеш кожнае слова праз сябе.

А ў цэлым сваю мiсiю дэпутат бачыць так:

— Як у народзе кажуць, "пiшыце такiя законы, каб нам было добра". Што ж, будзем старацца. Вельмi важны кiрунак — работа з выбаршчыкамi, як iнакш даведацца пра эфект ад законаў?

Цi не самы лепшы адпачынак для Iнэсы Кляшчук — той, што праведзены на выставах, у тэатрах, музеях. Нават запытаўшыся ў яе пра мясцiны, у якiх яна марыць пабываць, вы не пачуеце геаграфiчных назваў:

— Я вельмi хачу пабываць у Эрмiтажы, Луўры, пабачыць знакамiтую Сiксцiнскую мадонну ў Дрэздэнскай карцiннай галерэi...

Яна аддае перавагу цiхаму, спакойнаму адпачынку ў коле сяброў:

— У мяне шмат сяброў — i на Случчыне, i тут, у Мiнску, — яшчэ з тых часоў, як вучылася ў педагагiчным унiверсiтэце. Яны вельмi рады за мяне.

А тэатральныя пастаноўкi часам глядзiць разам з выбаршчыкамi:

— Неяк захацелася мне пасля працы схадзiць у тэатр, абрала прэм'еру — камедыю "Праўда — добра, а шчасце лепш" у тэатры Горкага. У касе бiлетаў не было, думаю, паспытаю шчасця, можа, хто будзе з рук прадаваць перад самым спектаклем. Мне пашанцавала. I раптам у тэатры сустракаю жыхароў сваёй акругi — спецыяльна на спектакль у Мiнск прыехалi. Такая вось спантанная выязная прыёмная атрымалася! (Смяецца).

Па звычцы асаблiва трывалыя сувязi падтрымлiвае дэпутат з сакратарамi першасных арганiзацый БРСМ, моладзь са Случчыны возяць на сталiчныя тэатральныя пастаноўкi, выставы, у музеi. Абмяркоўвала Iнэса Кляшчук з юнымi случчанамi i праект закона "Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палiтыкi".

— У iх было вельмi шмат прапаноў, я iх аформiла, падала ў профiльную камiсiю (па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям'i i моладзi). I ведаеце, гляджу, многiя прапановы ўвайшлi ў праект. Ну, напрыклад, тое, што рэгiянальныя праграмы ў сферы дзяржаўнай моладзевай палiтыкi павiнны прымацца i на раённым узроўнi (у прапанаваным праекце закона размова iшла толькi аб рэспублiканскiм i абласным узроўнях). Многае з прапанаванага нельга ўключыць у законапраект, бо там закладваюцца толькi асновы дзяржаўнай палiтыкi ў гэтай сферы, аднак iдэi будуць карысныя ў працы над iншымi законапраектамi. Напрыклад, нашы актывiсты лiчаць, што трэба забаранiць продаж алкагольных напояў маладым людзям да 21 года. I я цалкам з гэтым згодная — большасць падлеткаў, якiмi займаюцца камiсii па справах непаўналетнiх, былi злоўленыя менавiта на ўжываннi спiртных напояў. У дачыненнi да гэтага законапраекта наша моладзь нагадала пра адзiн з такiх кiрункаў грамадска-патрыятычнага выхавання, як работа з ветэранамi. Прапанавалi прадугледзець у законапраекце, каб спецыялiсты па рабоце з моладдзю былi заахвочаныя матэрыяльна, заканадаўча замацаваць iх статус. Прапануюць актывiзаваць практыку льготнага крэдытавання маладых сем'яў, запусцiць сацыяльную рэкламу паспяховых маладых сем'яў, актыўна пiярыць iх у СМI.

Блiц пераваг Iнэсы Кляшчук:

Кiно: Самы любiмы фiльм — "Дзяўчаты": сто разоў глядзела i сто першы пагляджу з задавальненнем.

Самы любiмы фiльм — "Дзяўчаты": сто разоў глядзела i сто першы пагляджу з задавальненнем.

Лiтаратура: больш за ўсё люблю кранальныя рамантычныя гiсторыi, кнiгi пра каханне. Мне заўжды больш падабалася беларуская лiтаратура, зачытвалася творамi Мележа i Шамякiна.

больш за ўсё люблю кранальныя рамантычныя гiсторыi, кнiгi пра каханне. Мне заўжды больш падабалася беларуская лiтаратура, зачытвалася творамi Мележа i Шамякiна.

Спорт: плаванне.

плаванне.

Захапленне: збiраць ягады ды грыбы.

збiраць ягады ды грыбы.

Падарожжы: Беларусь з'ездзiла ўздоўж i ўпоперак, цяпер мару пра далёкае замежжа. Аднак куды б нi паехала, самае вялiкае праз два тыднi пачынаю моцна сумаваць па Радзiме, бо ўсё адно лепшай краiны, чым наша Беларусь, я не ведаю.

Беларусь з'ездзiла ўздоўж i ўпоперак, цяпер мару пра далёкае замежжа. Аднак куды б нi паехала, самае вялiкае праз два тыднi пачынаю моцна сумаваць па Радзiме, бо ўсё адно лепшай краiны, чым наша Беларусь, я не ведаю.

Зоя ВАРАНЦОВА.

←Вместо визы - только пропуск. Беларусь и Литва до конца года подпишут соглашение о приграничном движении.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика