Імянiны

Источник материала:  

Iмянiны — штогадовае свята, якое адзначаецца ў гонар хрысцiянскага святога, iмя якога далi дзiцяцi пры хрышчэннi. Звычайна дзень iмянiнаў супадаў з днём нараджэння, таму што iмя надавалi па святцах — календары ўшанавання святых.

   Асаблiвае значэнне надавалася першым iмянiнам. Першы год жыцця дзiцяцi вызначаўся як самы важны этап. Таму ў першыя iмянiны праводзiлi абрад пастрыжэння дзiцяцi. На патылiцы крыжападобна выстрыгалi валасы, якiя клалi за абразамi ў чырвоным куце. Лiчылася: пакуль валасы дзiцяцi ляжаць там, з iм нiчога не здарыцца.

   Калi сына забiралi ў войска, мацi даставала гэтыя валасы i з некалькiх валасiнак рабiла амулет ("каб дадому вярнуўся"): закатвала валасы ў воск грамнiчнай свечкi i хавала гэты застылы воск у адзеннi сына, астатнiя клала назад. Калi дачка выходзiла замуж, валасы ад першага пострыгу вымалi i аддавалi ёй назаўжды — "каб стварыла (звiла) сваё гняздо, свой дом, сваю сям'ю i дамоў не вярталася".

   У гэты дзень дзiця першы раз падпярэзвалi i апраналi панчохi. Праводзiць усе рытуальныя дзеяннi на iмянiнах дазвалялася хроснай мацi або бабулi.

   Часам у гэты дзень дзiця аднiмалi ад грудзей.

   У гэты ж дзень дзiця далучалi да дарослага жыцця, да працы: дзяўчынцы, напрыклад, у рукi першы раз укладвалi кавалак тканiны, хлопчыку — малаток i цвiкi, i тады ён заўсёды ў рабоце будзе спрытным.

   Абавязковым рытуалам на iмянiнах было выпяканне караваяў, якiя таксама звалiся "iмянiннiкамi".

   На iмянiнах дзiця падымалi за вушы, жадаючы, каб яно хутчэй расло.

   Iмянiны святкавалi звычайна тры днi: "Добры iмянiннiк да трох дзён".

   У сувязi з тым, што галоўнага прадстаўнiка хатняй жывёлы — карову — таксама звалi па iменi або клiчцы, то ў народнай традыцыi iснавала i такое паняцце, як "каровiны iмянiны". Разам з тым, i другая кармiцелька чалавека — зямля — ушаноўвалася як жывая iстота. У народзе казалi: "На Тройцу ў зямлi iмянiны".

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.

←812 человек ждут заселения в психоневрологические дома-интернаты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика