Карона едзе ў Венесуэлу, а беларуска — лепшая ў Еўропе

Источник материала:  

Гэтай перамогi чакалi. Пра яе шапталiся ў кулуарах журналiсты, абмяркоўвалi ў грамадскiм транспарце аматары, iншымi словамi яшчэ да пачатку фiналу менавiта Ханэлi Куэнтэра Ледзма, прыгажуня з Венесуэлы, лiчылася фаварыткай конкурсу "Мiс iнтэркантыненталь-2009".

 

Не ведаю, накаркалi мы цi не, але ў вынiку яно так i атрымалася. Ханэлi Куэнтэра Ледзма стала чацвёртай венесуэлкай, якой за ўсю гiсторыю конкурсу прысуджалi тытул "Мiс Iнтэркантыненталь".

Не ведаю, накаркалi мы цi не, але ў вынiку яно так i атрымалася. Ханэлi Куэнтэра Ледзма стала чацвёртай венесуэлкай, якой за ўсю гiсторыю конкурсу прысуджалi тытул "Мiс Iнтэркантыненталь".

Першы раз карону ў гэту паўднёва-амерыканскую краiну прывезла Марыя Эмiлiя дэ лос Рыаз у далёкiм 1974-м. Пазней пасля вялiкага перапынку гэта ўдалося зрабiць венесуэлцы Лiджыi Фернандзе Пэцiт Варгас у 2001 годзе. У 2005-м у горадзе Гуаньгшань (Кiтай), дзе праводзiўся конкурс, дасягненне суайчыннiцы паўтарыла Эмарыс Пiнта.

Ханэлi Куэнтэра — прафесiйная тэлевядучая i мадэль, ёй 23 гады, рост 177 см. Ханэлi любiць танцаваць, хадзiць у кiно, валодае iспанскай i англiйскай мовамi.

Да конкурсу дзяўчына не ведала пра нашу краiну нiчога, аднак чула, што памiж урадамi Венесуэлы i Беларусi цёплыя сяброўскiя ўзаемаадносiны. У Беларусi дзяўчыне найбольш запомнiлiся гасцiннасць i салiгорскiя шахты. На пытанне, што ёй дапамагае захоўваць прыгажосць, дзяўчына прызналася, што шмат добрай касметыкi: крэмы для твару, рук. А вось у планах галоўнай iнтэркантынентальнай прыгажунi выйсцi замуж i нарадзiць дзяцей. Акрамя кароны пераможцы i грашовага прыза ў $35 тысяч, Ханэлi атрымала таксама тытул "Мiс Iнтэркантыненталь-Амерыка".

— Новая Мiс Iнтэркантыненталь напэўна дасягне такога ж поспеху, як i 37 пераможцаў мiнулых гадоў, якiя праявiлi сябе ў рознабаковых сферах, уключаючы кiно, бiзнэс, хатнюю гаспадарку, журналiстыку, дзяржаўную службу i мадэльны бiзнэс, — упэўнены еўрапейскi дырэктар Сусветнай арганiзацыi прыгажосцi Дзiтлаф Тэрсiс.

Як усё пачыналася

Самой пiшучай i здымаючай братыi на конкурс было акрэдытавана каля сотнi. Сам конкурс "Мiс iнтэркантыненталь-2009" трансляваўся ў 34 краiны свету. Тэлеканал АНТ паставiў сапраўднае шоу.

Сцэна ў Футбольным манежы манцiравалася на працягу месяца i заняла 700 кв.м, яе галоўнымi сюрпрызамi стала адмысловая пляцоўка пад вадаспад i трубы, якiя ў самыя напружаныя моманты дзеяння выкiдвалi агонь i стралялi феерверкам. Седзячы ў першым шэрагу, моц i тэмпература гэтых феерверкаў адчувалася асаблiва моцна.

— Мы тут хутка абвуглiмся, — трапна заўважыла неяк мая калега, калi на сцэне пад трэск феерверка чарговы раз падскочыў Дзiма Бiлан.

Быў феерверк i пазней, калi на сцэне рваў струны на смычку малады хлопец у джынсах, спяваючы так душэўна, нiбыта якi Васiль з палескай вёскi Куранi. Вось толькi звалi хлопчыка Аляксандр Рыбак, i яго Куранi называлiся Нарвегiяй...

Увогуле, пры выступленнi масцiтых зорак гледачы ў Футбольным манежы ўваходзiлi ў сапраўдны экстаз: крычалi, махалi рукамi, спявалi, пляскалi ў далонi i расплывалiся ва ўсмешках да самых скроняў...Самае цiкавае, што большасць умудралася паралельна здымаць усё дзейства на вiдэа i шчоўкаць мыльнiцамi.

Не цуралiся мыльнiцаў i журы конкурсу. Ды i навошта цурацца — самi ў адкрытую здымалi i фатаграфавалi. Фотаапаратаў не было хiба што толькi ў Вольгi Хiжанковай i Дзiтлафа Тэрсiса: яны сумленна глядзелi, слухалi i аналiзавалi. Сярод журы, дарэчы, Мiс Беларусь-2008 выдзялялася асаблiва. Яе белая сукенка а-ля Мэрылiн Манро вельмi пасавала пад яе прычоску i адразу прыкоўвала позiрк.

Але самая вiдовiшчная рэч адбывалася пры выхадзе дзяўчат у вячэрнiх строях. Музыка. Свет. Подыум. I дзяўчаты, бы тыя гусi на вадапой, iшлi адна за адной грацыёзна i велiчна... Нетаропка, стройна, прыгожа, з высока паднятай галавой, з усмешкай на твары i агеньчыкам у вачах.

Прызнаюся шчыра, мне гэта адразу нагадала паказ новай калекцыi ад якога-небудзь сусветна вядомага куцюр'е. Шыкоўныя сукенкi сядзелi на дзяўчатах, як на сапраўдных мадэлях (вядома, што не ўсе з канкурсантак прафесiйныя мадэлi). А дзяўчаты, падымаючы шыкоўныя шлейфы ад сваiх сукенак, пад гукi музыкi, задаволеныя сабою, нават не iшлi, а плылi, свецячыся ад шчасця i расплываючыся ва ўсмешцы. Гэта было свята! Карэспандэнт "Звязды" нават не вытрымаў i памахаў дзяўчыне з Венгрыi, якая якраз праходзiла з яго боку. Прыгажуня ўсмiхнулася яшчэ шырэй i памахала ў адказ.

А хварэлi мы за Машу, а чаму? Бо яна наша!

Яшчэ падчас паездкi ў Салiгорск, калi iнтэркантынентальныя прыгажунi наведвалi горад шахцёраў, я запытаў у Марыi Есьман, цi адчувае яна сябе гаспадыняй. Прызнацца, быў упэўнены, што беларуска адкажа: так, натуральна, я гаспадыня i бяру ад гэтага па-максiмуму. Але Маша адказала адваротнае: "Я не адчуваю сябе тут у больш прывiлегiяваным становiшчы: маўляў, раз гаспадыня, значыць усё дазволена. Я такая ж, як i астатнiя дзяўчаты. I нiчым не лепшая".

У паездках наша Маша сядзела з расiянкай Ганнай Мезенцавай, а вось найбольш пасябравала з украiнскай прыгажуняй Кацярынай Бойка... Але нiколi беларуска ў стасунках з прэсай не пагарджала iншымi канкурсанткамi. Вiдаць, за наш талерантны менталiтэт i прагаласавалi дзяўчаты, прысудзiўшы тытул "Мiс Кангенiяльнасць" беларусцы. Бо гэты тытул, як вядома, прыгажунi выбiраюць самi.

Але на гэтым колькасць тытулаў у беларускай прыгажунi не скончылася. Марыя Есьман стала "1-й вiцэ-мiс Iнтэркантыненталь-2009", а таксама "Мiс Iнтэркантыненталь-Еўропа", пацвердзiўшы леташнi поспех Любовi Яковiнай, якая атрымала такi ж тытул. Беларускiя дзяўчаты другi год запар прызнаюцца найпрыгажэйшымi ў Еўропе!

Да пачатку конкурсу заставалася таямнiцай, каму ж тэлеканал АНТ прысудзiць дадатковы прыз. Як зазначаў падчас першай прэс-канферэнцыi першы намеснiк старшынi праўлення ЗАТ "Другi нацыянальны тэлеканал" Сяргей Хомiч, адна з дзяўчат атрымае таксама адмысловы падарунак ад тэлеканала АНТ. Гэтым падарункам стала спецыяльнае калье, упрыгожанае iзумрудамi, вырашчанымi ў Акадэмii навук. Яго распрацоўкай займалiся ювелiры Дзiянавы з Полацка. У калье ўвайшло 100 грамаў срэбра i 20-каратныя iзумруды, штучна вырашчаныя нашымi вучонымi. I падарылi гэтае калье беларусцы!..

Ужо пасля фiналу, калi пераможцу i двух вiцэ-мiс вывелi да журналiстаў, Марыя расказала, што вельмi задаволена сваiм выступленнем: "Адчуваю я сябе добра, хвалявання ўжо трохi менш. I вялiкi дзякуй усiм, хто за мяне хварэў". Не шмат пытанняў паспелi задаць журналiсты — дзяўчат павялi ў грымёрку. Але аўтограф для маленькай дзяўчынкi Маша даць паспела. А дзяўчо з нататнiкам i ручкай, атрымаўшы жаданае, аж падскочыла ад радасцi!

Побач з журналiстамi стаялi i бацькi Машы: Святлана Трыфанаўна i Аляксей Аляксеевiч. Сцiпла i трохi ўбаку. Яны не лезлi наперад, але з дачкой усё ж пагаварылi. Пазней, размаўляючы з карэспандэнтам "Звязды", Святлана Трыфанаўна прызнаецца:

— Ставiлiся да гэтага спакойна, без фанатызму. Хваляванне перамешвалася i з гонарам, i з перажываннем. Але мы ведалi, што ўсё ў Божых руках. Мы падтрымлiвалi Машу, кожны вечар прыязджалi ў гасцiнiцу, бо Маша павiнна была жыць разам з iншымi канкурсанткамi ў гатэлi.

— Усе мы хвалявалiся, — дадае тата Аляксей Аляксеевiч. — I асаблiва за тое, каб Беларусь не ўдарыла тварам у гразь.

— Асаблiва прыемна, што Маша атрымала тытул "Мiс Еўропа". Гэта ганарова i адказна ўдвайне.

— Цi думалi вы калi-небудзь, што Маша будзе ў такой адказнай ролi?

— Я больш была настроена на вучобу, — кажа Святлана Есьман. — Дзяўчынка здольная. Была энергiчным дзiцем. Вось так мы спачатку ў гiмнастыку, затым у бальныя танцы, а пасля я гляджу — спраўляецца Маша i з вучобай паспявае, то тады яшчэ i на скрыпку аддалi. А ўвогуле больш думалi ў вучэбным плане. Скончыць БДУ, затым, калi атрымаецца, аспiрантуру. А ўдзелу ў такiм прэстыжным конкурсе я не чакала... Але мы вельмi радыя i ганарымся сваёй дачкой.

Яшчэ да пачатку конкурсу на он-лайн канферэнцыi ў Машы запыталi, цi збiраецца яна далей звязваць сваё жыццё з мадэльным бiзнэсам. На што беларуска адказала: "На конт будучынi не магу нiчога сказаць. У першую чаргу хачу скончыць унiверсiтэт. Калi змагу сумяшчаць з мадэльным жыццём — чаму б i не". Нагадаю, што конкурс "Мiс Iнтэркантыненталь" стаў першым конкурсам прыгажосцi ў жыццi беларускай прыгажунi.

* * *

Фiнал мiжнароднага конкурсу прыгажосцi "Мiс Iнтэркантыненталь-2009", якi ў гэтым годзе прайшоў у Мiнску, наведаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка. Конкурс "Мiс Iнтэркантыненталь" вядзе сваю гiсторыю з 1971 года i ўваходзiць у пяцёрку самых прэстыжных спаборнiцтваў прыгажосцi ў свеце.

Iлья Лапато.

←812 человек ждут заселения в психоневрологические дома-интернаты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика