Пенсiйная прыбаўка ў звязцы з эканомiкай

Источник материала:  

У Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны не выключаюць, што павышэнне працоўных пенсiй можа адбыцца яшчэ да канца гэтага года. Аднак канчатковае рашэнне на гэты конт яшчэ не прынятае — як адзначыла падчас сустрэчы з журналiстамi намеснiк мiнiстра Валянцiна Каралёва, у гэтым выпадку ўсё будзе залежаць ад сiтуацыi ў айчыннай эканомiцы.

Паводле звестак мiнiстэрства, у сёлетнiх студзенi—вераснi адносна аналагiчнага перыяду летась памер сярэдняй пенсii па ўзросце павялiчыўся на 9,5, а мiнiмальнай пенсii па ўзросце — на 11,9 працэнта. Разам з тым гэты рост фактычна "з'ела" iнфляцыя. І больш за тое: папярэднiя разлiкi паказваюць, што рэальны, з улiкам змянення цэнаў на тавары i паслугi, памер сярэдняй пенсii па ўзросце зменшыўся на 3,9 працэнта.

Як заўважыла Валянцiна Каралёва, у Беларусi традыцыйна адзначаецца высокi паказчык суадносiнаў сярэдняй пенсii па ўзросце i сярэдняй зарплаты — не менш за 40 працэнтаў. Аднак тлумачэнне цяперашняй сiтуацыi — менавiта ў замаруджваннi тэмпаў росту заробкаў. У сваю чаргу гэта ўплывае на аб'ём паступленняў у Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва страхавых узносаў, якiя i з'яўляюцца крынiцай фiнансавання пенсiй. Так, варта нагадаць, што заканадаўства вызначае: падставай для павышэння працоўных пенсiй з'яўляецца больш чым 15-працэнтны рост сярэдняй зарплаты. Пакуль перавысiць гэтую "планку" не ўдалося. Праўда, пытанне, цi адбудзецца павелiчэнне працоўных пенсiй сёлета, усё ж застаецца адкрытым. I адказ на яго залежыць выключна ад эканомiкi.

А што далей?

Адна з папулярных апошнiм часам тэм — працуючыя пенсiянеры. Як заўважыла Валянцiна Каралёва, сiтуацыя, калi выплаты пенсiй такiм пенсiянерам робяцца па сутнасцi без значных абмежаванняў, працягвацца бясконца не можа. Iнакш кажучы, падыходы тут сапраўды могуць быць перагледжаныя. "Але гэта нi ў якiм разе не значыць, што калi-небудзь паўстане катэгарычны выбар — або пенсiя, або зарплата, — падкрэслiла намеснiк мiнiстра. — Варыянты змяненняў ёсць розныя, i, як падаецца, самы прымальны з iх — выплата пенсiй у залежнасцi ад сукупнага даходу. Прынамсi, пры такiм падыходзе не пацерпяць iнтарэсы пенсiянераў, якiя ўладкоўваюцца на не надта прэстыжныя i нiзкааплатныя вакансii".

Пры гэтым Валянцiна Каралёва адзначыла: нi сёлета, нi ў наступным годзе нiякiх прапаноў наконт працуючых пенсiянераў Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны вылучаць не будзе. Не варта таксама чакаць хуткiх рашэнняў i наконт пенсiйнага ўзросту. Аднак малюнак тут сапраўды неадназначны — паводле прагнозаў да 2030 года ўзрост больш за 60 гадоў будуць мець больш за 27 працэнтаў беларусаў. "Калi мы хочам мець высокiя пенсii ў старасцi, то гэта старасць не павiнна надыходзiць хутка, — зазначыла Валянцiна Каралёва. — Тым больш, што такi ж нiзкi пенсiйны ўзрост, як у Беларусi, застаўся ўсяго ў лiчаных краiнах свету".

Ад райцэнтраў — у вёску

Паступовае павелiчэнне долi пажылых грамадзян — рэалiя многiх дзяржаў. Як застаецца фактам i рост колькасцi адзiнокiх пенсiянераў. Сёння ў Беларусi 156 тыс. пажылых людзей не маюць дзяцей увогуле, а яшчэ 586 тыс. чалавек жывуць асобна ад тых жа дзяцей i iншых працаздольных сваякоў.

Як адзначыла Валянцiна Каралёва, апошнiм часам робiцца ўсё, каб старыя i адзiнокiя людзi маглi як мага больш заставацца дома. Зараз 81,7 тыс. чалавек наведваюць сацыяльныя работнiкi, прычым карыстацца iх паслугамi могуць жыхары прыкладна 96 працэнтаў населеных пунктаў краiны.

Адметна, што цi не 70 працэнтаў грамадзян, якiя атрымлiваюць сацыяльныя паслугi дома, з'яўляюцца вяскоўцамi. Зноў-такi збольшага на жыхароў сельскай мясцовасцi разлiчаныя i так званыя сацыяльныя пункты, пры якiх, у прыватнасцi, ствараюцца гаспадарчыя брыгады — для аднаразовых паслуг па апрацоўцы прысядзiбных участкаў, рамонце жылля, нарыхтоўцы дроў. Пры гэтым сацыяльных пунктаў становiцца ўсё больш — у цэлым па краiне iх налiчваецца 499.

Між тым, за апошнiя гады ў дамах-iнтэрнатах з'явiлася 718 дадатковых месцаў. Як вынiк, практычна лiквiдавана чарга ва ўстановы для пенсiянераў i iнвалiдаў. Аднак гэтага ж нельга сказаць у дачыненнi да ўстаноў для псiханеўралагiчных хворых — змяшчэння сюды яшчэ чакаюць 812 чалавек.

З улiкам гэтага ў мiнiстэрстве зазначаюць: укладаннi сродкаў у iнтэрнаты працягнецца. Як працягнуцца i iнвестыцыi ў спецыялiзаваныя санаторыi для ветэранаў i iнвалiдаў.

Для тых, каму больш цяжка

Як вядома, з 1 студзеня зменяцца некаторыя ўмовы аказання адраснай сацыяльнай дапамогi. Планка даходаў для штомесячных выплат застаецца ранейшай — 100 працэнтаў ад бюджэту пражытковага мiнiмуму. А вось планка даходаў для аказання аднаразовай падтрымкi ўзрасце з 120 да 150 працэнтаў БПМ. У тым лiку апошняя акалiчнасць павiнна паўплываць на агульную колькасць атрымальнiкаў адраснай дапамогi. У наступным годзе гэта колькасць можа ўзрасцi да 308 тыс. чалавек, дзеля справядлiвасцi, непасрэдна галоўныя "адрасы" выплат павiнны застацца без зменаў — няпоўныя i шматдзетныя сем'i.

Пры гэтым, нагадала Валянцiна Каралёва, таксама з 1 студзеня будзе вырашана i цi не самае балючае пытанне апошняга часу — з забеспячэннем сродкамi рэабiлiтацыi iнвалiдаў III групы i дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, якiя iнвалiдамi не прызнаныя, але, паводле медыцынскiх паказанняў, маюць патрэбу ў гарсэтах, артапедычным абутку, "распорках" i г.д. Узгаданыя катэгорыi грамадзян змогуць атрымлiваць неабходныя iм дапаможныя сродкi бясплатна.

Сяргей ГРЫБ.

←812 человек ждут заселения в психоневрологические дома-интернаты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика