Над якiм i расставiць кропкi, або Заваруха з двухмоўнымi недарэчнасцямi геаграфiчных назваў у пытаннях i адказах

Источник материала:  

Па вiртуальнай прасторы панеслiся чуткi — Нацыянальнае кадастравае агенцтва (НКА) хоча русiфiкаваць геаграфiчныя назвы, адмаўляецца ад транслiтарацыi iх на лацiнку з беларускай мовы. Прыгадвалася дакладная запiска агенцтва ў Дзяржаўны камiтэт па маёмасцi. Карэспандэнт "Звязды" выправiўся напрасткi ў месца ўцечкi гэтай службовай iнфармацыi, каб разабрацца ў сiтуацыi. А цяпер i вы, чытачы, зможаце азнаёмiцца з вынiкамi праведзенага "расследавання" i iнфармацыяй з першых вуснаў.

Даведка НКА

Карэспандэнта "Звязды" добразычлiва сустрэлi старшыня Дзяржкаммаёмасцi Георгiй Iванавiч Кузняцоў, намеснiк старшынi Гаеў А.А., начальнiк аддзела картаграфii Кляшчоў В.Б., генеральны дырэктар НКА Фiлiпенка А.А. i адмiнiстратар Рэестра АТА i ТА Павiлан Г.П. i расказалi пра тое, якiмi структурамi i якая работа праводзiцца ў частцы рэгулявання пытанняў, звязаных з найменнем геаграфiчных аб'ектаў, да якiх адносяцца i назвы населеных пунктаў.

Цяпер вядзецца распрацоўка законапраекта "Аб найменнях геаграфiчных аб'ектаў". Закон распрацоўваецца нацыянальным цэнтрам заканадаўства i прававых даследаванняў РБ пры ўдзеле спецыялiстаў Акадэмii навук РБ, Дзяржкаммаёмасцi, БДУ, Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый i iнш. мiнiстэрстваў i ведамстваў.

Найменнi геаграфiчных аб'ектаў, да якiх адносяцца i адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльныя i тэрытарыяльныя адзiнкi, фiзiка-геаграфiчныя аб'екты, аб'екты транспартнай iнфраструктуры, складаныя часткi населеных пунктаў, выкарыстоўваюцца для вырашэння многiх задач. У тым лiку для забеспячэння картаграфiчнай дзейнасцi, адрасацыi аб'ектаў i г.д.

У Рэспублiцы Беларусь каардынацыю дзейнасцi па фармiраваннi адзiнага падыходу да наймення i перайменавання геаграфiчных аб'ектаў здзяйсняе Тапанiмiчная камiсiя пры Савеце Мiнiстраў РБ (Камiсiя), у адпаведнасцi з палажэннем "Аб Тапанiмiчнай камiсii пры Савеце Мiнiстраў РБ", зацверджаным пастановай Саўмiна ад 05.08.1998 № 1238. Камiсiя ў сваёй дзейнасцi кiруецца Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, мiжнароднымi дагаворамi i заканадаўствам.

Адна з функцый Камiсii — гэта ўзгадненне найменняў i перайменаванне геаграфiчных аб'ектаў, у тым лiку населеных пунктаў.

У адпаведнасцi з п.18 палажэння "Аб парадку наймення i перайменавання геаграфiчных аб'ектаў", зацверджанага пастановай №1238, Камiсiя разглядае прапановы аб найменнi цi перайменаваннi населеных пунктаў i падрыхтоўвае адпаведнае заключэнне ў выпадку ўтварэння новага населенага пункта цi пры перайменаваннi наяўнага. Яно можа быць як станоўчае, так i адмоўнае.

Патрабаваннi да наймення вызначаныя Палажэннем "Аб парадку наймення i перайменавання геаграфiчных аб'ектаў", зацверджаным пастановай Саўмiна № 1238 ад 05.08.1998. У прыватнасцi, прысваенне найменняў аб'ектам здзяйсняецца з улiкам геаграфiчных, гiстарычных, нацыянальных, побытавых i iншых умоў, найменнi прысвойваюцца аб'ектам простыя, нешматслоўныя i павiнны адпавядаць патрабаванням тапанiмiкi.

Таксама адной з функцый Камiсii з'яўляецца распрацоўка i стварэнне даведнiкаў геаграфiчных назваў. Яны носяць рэкамендацыйны характар. Распрацоўшчыкамi была праведзена велiзарная работа па выяўленнi гiстарычных найменняў. У працэсе гэтай работы былi выяўлены назвы на рускай мове, якiя разыходзяцца з назвамi, што прымяняюцца на сённяшнi момант, i мясцовым органам улады прапануецца прыняць рашэннi па перайменаваннi асобных населеных пунктаў, узяўшы за аснову назву, якая ёсць у даведнiку. Такiя назвы ў даведнiку адзначаныя лiчбамi, а растлумачэнне даецца ва ўводзiнах. Згодна з Законам РБ "Аб адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнi i вырашэннi пытанняў адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання РБ" ад 5 мая 1998 года, устанаўлiваюць найменнi Прэзiдэнт РБ i мясцовыя органы ўлады ў адпаведнасцi са сваёй кампетэнцыяй. Мясцовыя органы ўлады разгледзелi прапанаваныя назвы, i большая частка з iх была прынятая, але не ўсе. Прыклад: п. Новы Шлях, паводле даведнiка на рускай мове — п. Новый Шлях, а паводле рашэння на рускай мове — Новый Путь.

На гэты момант усе назвы населеных пунктаў у рашэннях аб найменнi цi перайменаваннi пазначаюцца на беларускай i рускай мовах.

Пасля прыняцця рашэння яно разам з iншымi дакументамi накiроўваецца для рэгiстрацыi ў адзiным рэестры адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных i тэрытарыяльных адзiнак РБ у НКА.

Рэестр АТА i ТА вядзецца з 1999 года, у iм улiчваюцца ўсе адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльныя i тэрытарыяльныя змены, у тым лiку i найменнi i перайменаваннi. Рэестр вядзецца на дзвюх дзяржаўных мовах: рускай i беларускай. У рэестры ёсць "Гай" па-руску (у беларускiм варыянце "Гай") на Мiншчыне, а ёсць "Роща" ("Рошча" па-беларуску) на Магiлёўшчыне.

Звесткi аб назвах населеных пунктаў уносяцца з рашэнняў мясцовых органаў улады. Аднак назвы на беларускай мове населеных пунктаў не заўсёды пазначалiся ў рашэннях мясцовых органаў улады.

Фармiраваўся Рэестр АТА i ТА на аснове Агульнадзяржаўнага класiфiкатара РБ "Сiстэма абазначэнняў аб'ектаў адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення i населеных пунктаў РБ", зацверджанага Белстандартам ад 28.02.1994 № 2, i звестак мясцовых органаў улады.

Рэестр АТА i ТА з'яўляецца крынiцай iнфармацыi для 30 дзяржаўных iнфармацыйных рэсурсаў.

У НКА паступаюць рашэннi мясцовых органаў улады аб перайменаваннi на рускай мове населеных пунктаў, элементаў вулiчна-дарожнай сеткi. Прыклад: населены пункт Швабы, якi да гэтага мяняў назву на рускай мове некалькi разоў: "Чирвоная Швабовка", "Чырвоная Швабовка", "Чирвоная Швабовка", а потым "Швабы".

З чаго ўся каша заварылася?

Са службовага дакумента Дзяржкартгеацэнтра (цэнтр географа-геадэзiчных матэрыялаў i дадзеных Рэспублiкi Беларусь), дзе прапануецца змянiць найменнi 114 чыгуначных аб'ектаў на рускай мове. Асобна складзены пералiк аб'ектаў, дзе "значна змяняецца найменне на рускай мове". Прыпынак "Лебяжий" у Мiнску (ля рынка "Ждановiчы", вiдаць, многiм знаёмы), напрыклад, прапануюць перайменаваць па-руску ў "Лебединый" (па-беларуску "Лебядзiны"), прыпынак "Роща" (там дзе iнтэрнаты БДУ) — у "Гай" (у адпаведнасцi з беларускiм "Гай"), "Строитель" — у "Будовник", гродзенскую станцыю "Учитель" — у "Наставник", брэсцкую "Сахарный завод" — у "Цукровый завод" (па-беларуску "Цукровы завод") i так 14 аб'ектаў, (астатнiя 100, трэба меркаваць, будуць змененыя нязначна). Ад сябе дададзiм тлумачэнне, што гэта адпавядае лiнгвiстычнаму прынцыпу транслiтарацыi (а не перакладу!) геаграфiчных назваў з нацыянальнай мовы на iншыя.

— Прааналiзаваўшы прапанаваныя перайменаваннi i назiраючы сiтуацыю з неаднаразовым перайменаваннем населеных пунктаў, а таксама элементаў вулiчна-дарожнай сеткi на працягу некалькiх гадоў, i НКА падрыхтавала сваю дакладную запiску на iмя старшынi Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi (i адначасова старшынi Тапанiмiчнай камiсii) Георгiя Кузняцова, — тлумачыць адмiнiстратар адзiнага рэестра адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных i тэрытарыяльных адзiнак Рэспублiкi Беларусь НКА, член Тапанiмiчнай камiсii пры Савеце мiнiстраў Ганна Павiлан. Падобныя перайменаваннi, толькi населеных пунктаў, спрабавалi прапанаваць мясцовым органам улады ў 2003 годзе. Напрыклад, паводле рашэння Бярэзiнскага раённага Савета дэпутатаў (а менавiта саветы дэпутатаў прымаюць рашэннi аб найменнях i перайменаваннях, Тапанiмiчная камiсiя можа толькi рэкамендаваць), былi перайменаваныя некаторыя населеныя пункты, у прыватнасцi, вёска "Красный Пахарь" атрымала назву на рускай мове "Чирвоный Аратый". Гэта выклiкала блытанiну ў сiстэме адрасацыi, неразуменне такiх назваў на рускай мове i, такiм чынам, абурэнне грамадзян. У сувязi з чым Бярэзiнскi раённы Савет дэпутатаў праз два гады вырашыў вярнуць першапачатковае найменне на рускай мове — "Красный Пахарь". Толькi ў гэтым раёне былыя назвы вярнулi 26 аб'ектам. Усяго за 2003 год было перайменавана 77 аб'ектаў, большай частцы з iх праз два гады вярнулi старыя назвы. З чаго варта зрабiць выснову, што мясцовыя жыхары не падтрымлiваюць палiтыку змянення рускiх найменняў. Таксама не трэба забывацца, што ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь у краiне дзве дзяржаўныя мовы: руская i беларуская. Чаму ж адной з iх аддаецца перавага?

НКА звяртае ўвагу i на фiнансавы складальнiк праблемы:

— Перайменаванне чыгуначных аб'ектаў пацягне матэрыяльныя i працоўныя выдаткi, — кажа генеральны дырэктар НКА Андрэй Фiлiпенка. — Грамадзянам давядзецца пераафармляць адрасы ў пашпартах, прадпрымальнiкам — замяняць дакументы на фiрму. I гэтыя працэдуры яны будуць аплачваць самi. Гэта пацягне за сабой шматлiкiя скаргi. Што ўжо казаць пра мiжнародныя транспартныя перавозкi. Бiлет да нейкай беларускай станцыi можна купiць ва Уладзiвастоку — там таксама трэба будзе ўсё мяняць, каб пасажыр трапiў у патрэбны пункт прызначэння.

Што прапануе НКА?

— Па-першае, захоўваць прысвоеныя найменнi населеных пунктаў на рускай мове, — iнфармуе Андрэй Фiлiпенка. — Па-другое, рэкамендаваць мясцовым органам улады называць i перайменоўваць геаграфiчныя аб'екты з улiкам мясцовай нацыянальнай спецыфiкi i меркавання мясцовых жыхароў, а не меркавання толькi мiнскiх спецыялiстаў, прысвойваць сугучныя найменнi на рускай i беларускай мовах тым геаграфiчным аб'ектам, якiя ствараюцца. Напрыклад, "Медовая Поляна" па-руску i "Мядовая Паляна" па-беларуску. Па-трэцяе, перагледзець i ўнесцi змены ў Iнструкцыю па перадачы на рускую мову найменняў геаграфiчных аб'ектаў Рэспублiкi Беларусь, зацверджаную ў 2004 годзе.

Што прапануюць лiнгвiсты?

Лiнгвiсты (у прыватнасцi, галоўны навуковы супрацоўнiк Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы, доктар фiлалагiчных навук, прафесар, член Тапанiмiчнай камiсii пры Савеце мiнiстраў, старшыня Тапанiмiчнай камiсii пры Нацыянальнай акадэмii навук Валянцiна Лемцюгова) прапануюць усе назвы транслiтараваць з нацыянальнай мовы (беларускай) на iншыя, а не перакладаць — зноў жа каб не было блытанiны, што нехта едзе на станцыю "Гай", а нехта чакае прыпынку "Роща"...

Як быць з новымi назвамi?

Змадэлюем сiтуацыю: я, беларускамоўная паненка, ствараю хутар i жадаю назваць яго "Агурок". Якiм будзе рускi адпаведнiк, пытаюся, — "Агурок" цi "Огурец"? "Агурок", паколькi назва першапачаткова прысвойвалася на беларускай мове", — кажа Ганна Павiлан.

— Аднак да кожнага выпадку трэба падыходзiць iндывiдуальна, — адзначае Андрэй Фiлiпенка. — Бо ў Брэсцкай вобласцi, напрыклад, людзi хочуць, каб быў ухiл, скажам, у бок беларускай мовы, а не выключана, што на мяжы са Смаленскай вобласцю захочуць, каб было па-iншаму. Мы лiчым, што гэта правiльна.

Якая асабiстая пазiцыя Георгiя Кузняцова?

— Мяркую, што тыя назвы, якiя iснуюць даўно, не трэба чапаць, — лiчыць старшыня Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi i старшыня Тапанiмiчнай камiсii пры Савеце мiнiстраў. — Паводле маёй рэзалюцыi па дакладной запiсцы НКА будуць падрыхтаваныя матэрыялы да чарговага пасяджэння Тапанiмiчнай камiсii, якое адбудзецца ў кастрычнiку. Рашэнне, безумоўна, будзе прымацца калегiяльна, у склад камiсii ўваходзiць каля 20 спецыялiстаў у розных галiнах, у тым лiку i ў лiнгвiстыцы.

Галоўнае, каб пасля доўгiх спрэчак спецыялiсты розных сфер прыйшлi да кансенсусу. А гэта будзе вой як няпроста, улiчваючы, што пазiцыi многiх удзельнiкаў дыскусii разыходзяцца...

Што павiнна быць у законе?

Тапанiмiчны разнабой, магчыма, звязаны з тым, што парадак не поўнасцю адрэгуляваны заканадаўствам, вырашэнне спрэчных сiтуацый застаецца на меркаванне мясцовых саветаў дэпутатаў. Было б iнакш, калi б усе нюансы былi прапiсаны ў законе, калi б былi выпрацаваныя адзiныя падыходы. Нагадаем, што работа над праектам нарматыўнага прававога акта аб назвах геаграфiчных аб'ектаў якраз вядзецца.

— Я лiчу, што гэты закон патрабуе шырокага грамадскага абмеркавання, паколькi закранаюцца iнтарэсы многiх людзей i ёсць розныя пункты гледжання, — мяркуе Андрэй Фiлiпенка. — Пры распрацоўцы закона нам трэба ўлiчваць не толькi мiжнародны досвед, але i тыя асаблiвасцi нашай краiны, якiя iснуюць. Па-першае, у нас дзве роўныя дзяржаўныя мовы, па-другое, частцы геаграфiчных аб'ектаў першапачаткова прысвоеныя назвы на рускай мове, а частцы — на беларускай. Таму мы мяркуем, што ў дачыненнi да прысвоеных ужо назваў нельга прымяняць нi суцэльную "беларусiфiкацыю", нi суцэльную "русiфiкацыю". I ў законе трэба прадугледзець працяг таго ж iндывiдуальнага падыходу да кожнага населенага пункта.

Гендырэктар НКА лiчыць магчымым правесцi аналогiю геаграфiчных назваў з асабовымi iмёнамi:

— У законе аб мовах сказана, што беларускiя i рускiя асабовыя iмёны i прозвiшчы ўжываюцца ў адпаведнасцi з нацыянальнай іменнаслоўнай традыцыяй, нормамi i правiламi беларускай i рускай мовы, а асабовыя iмёны i прозвiшчы з iншых моў — недзяржаўных — транслiтаруюцца. Магчыма, такi падыход можна будзе скарыстаць i ў дачыненнi да найменняў геаграфiчных аб'ектаў. Мяркую таксама, што падыход i правiлы транслiтарацыi на лацiнку асабовых iмёнаў i найменняў населеных пунктаў павiнны быць аднолькавымi.

* * *

Перакладаць цi транслiтараваць — вось у чым пытанне... Што будзе больш зручна для жыхароў тых населеных пунктаў? Над якiм "i" расстаўляць кропкi... Дыскусiя, зразумела, будзе мець працяг. Пажывём — пабачым.

Зоя ВАРАНЦОВА.

←812 человек ждут заселения в психоневрологические дома-интернаты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика