28 верасня — Мiкiта-гусятнiк

Источник материала:  

На Мiкiту-гусятнiка — 28 верасня — на вясковых падворках бiлi выгадаваных за лета гусакоў — для свайго стала i на продаж.

   Згодна з павер'ямi, у гэты дзень дамавiк насылаў на гусакоў сурокi. Калi ж птушка гублялася, гэта лiчылi гарэзамi вадзянiка. Таму i дамавiка, i "гаспадара вады" пажадана было задобрыць да наступнай вясны. Існаваў нават пэўны рытуал. З усiх гусакоў, прыгатаваных на мяса, выбiралi найгоршага, забiвалi яго i без галавы кiдалi ў раку цi возера. Гэта было своеасаблiвае ахвяраванне вадзянiку. Галаву гусака неабходна было ахвяраваць дамавiку — яе неслi ў хату i клалi пад прыпечкам.

   Звычайна Мiкiтаў дзень заканчваўся "гусiным сталом", галоўным упрыгажэннем i пачастункам якога быў засмажаны гусак.

   У народзе прыкмячалi, што з гэтага дня дзiкiя гусi адлятаюць на поўдзень: "Гусi адлятаюць — зiму на хвасце нясуць". Па гомане адлятаючых гусей меркавалi аб надыходзе хуткiх маразоў. Казалi: калi гусакi ляцяць нiзка, зiма прыйдзе хутка, калi высока — маразоў яшчэ доўга не будзе.

   А яшчэ прыкмячалi так: калi гусi адлятаюць на Сямёнаў дзень (14 верасня), чакай ранняй зiмы.

   Па паводзiнах гусей прадказвалi будучае надвор'е не толькi восенню, але i вясной, калі гусi прылятаюць з выраю: калi ён стаiць на адной назе, падцiснуўшы другую, цi лопае крыламi — да маразоў; хавае пад крыло нос — да холаду.

   Даволi распаўсюджаным была наступная калядная варажба аб шлюбе. У хату пускалi гусака: да якой дзяўчыны гусак першым падыдзе, тая першай i шлюб возьме. Калi хлопец або дзяўчына бачылi ў сне гусака, гэта прадказвала хуткае вяселле.

   У беларускiм народным календары ёсць яшчэ адзiн дзень, якi называюць "гусiным святам" — гэта 31 студзеня, дзень ушанавання святога Апанаса, якога лiчаць ахоўнiкам гусакоў. З гэтага дня пачынаюць кармiць гусей зернем.

   А яшчэ ў народзе лiчылi: калi гуска прынясе два яйкi ў адзiн дзень, гэта прадказвае няшчасце ў сям'i.

   Каб засцерагчыся ад бедаў i нястачаў, нiколi не саджалi гуску на яйкi ў свята Дабравешчання. Старыя людзi казалi: "Калi на Дабравешчанне курыца або гуска знясе яйка, з яго атрымаецца пачвара або калека".

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.

←Посольство КНР наградило победителей викторины «Что мы знаем о Китае?»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика