Патрыярх заклiкаў беларусаў да адзiнства i самабытнасцi

Источник материала:  

Учора, 25 верасня, у Нацыянальны аэрапорт "Мiнск" прыбыў Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Кiрыл з апостальскiм вiзiтам да Беларускай зямлi. Яго Святасць урачыста сустрэлi члены Сiнода Беларускай праваслаўнай Царквы на чале з Мiтрапалiтам Мiнскiм i Слуцкiм Фiларэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусi. Ад iмя дзяржавы высокага госця вiталi намеснiк прэм'ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Патупчык, Упаўнаважаны па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Леанiд Гуляка. У сустрэчы ўзяў удзел Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Расiйскай Федэрацыi ў Рэспублiцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў.

Прыняўшы паднесеныя па традыцыi хлеб i соль, Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы абмяняўся вiтаннямi i адказаў на пытаннi журналiстаў.

— Я з вельмi лёгкiм сэрцам прыбыў у Беларусь, i гэты яркi сонечны дзень сугучны майму настрою, — сказаў Патрыярх наконт мэты свайго вiзiту. — Сёння Беларусь — гэта суверэнная дзяржава, якая дынамiчна развiваецца. Вельмi высокi ўзровень адносiнаў памiж Царквой i дзяржавай у Беларусi. Я прыбыў для таго, каб, па-першае, пакланiцца беларускiм святыням i каб разам памалiцца з беларускiм народам. Вялiкае значэнне я надаю дыялогу, якi ўсталяваўся ў нас з Прэзiдэнтам Беларусi, i спадзяюся, што гэта размова працягнецца. Спадзяюся таксама на сустрэчу з прадстаўнiкамi грамадскасцi, ведаю, што моладзь у Вiцебску чакае сустрэчы са мною. Праграма дастаткова напружаная, але цалкам адпавядае маiм чаканням, i спадзяюся, што ў вынiку наведвання Беларусi я шмат убачу, даведаюся i адчую таго, што неабходна мне як Патрыярху.  

Патрыярх заклiкаў беларусаў да адзiнства i самабытнасцi

Пасля аэрапорта Найсвяцейшы накiраваўся ў Мiнскi Свята-Духаў кафедральны сабор. Тут Прадстаяцеля ўжо чакалi духавенства i мiране, якiя запоўнiлi ўсю саборную плошчу i набярэжную.

Перад уваходам у храм Найсвяцейшы блаславiў народ, прыняў ад настаяцеля сабора крыж, асянiў iм вернiкаў i прайшоў унутр, дзе пакланiўся мошчам святой праведнай Сафii Слуцкай — абаронцы Праваслаўя ў часы ўнii. Потым Патрыярх Кiрыл памалiўся перад цудатворным Мiнскiм абразом Божай Мацi — апякункi горада Мiнска i ўсяе Беларусi, прайшоў у алтар. Усё гэта народ, якi знаходзiўся на плошчы, мог назiраць з вялiкага экрана, якi быў усталяваны ля храма.

Пасля пакланення святыням Патрыярх з саборнай паперцi звярнуўся да сваёй паствы:

— Для мяне вялiкая радасць ступiць на зямлю Белай Русi ў першы год свайго патрыяршага служэння, лiтаральна ў першыя месяцы гэтага служэння. Я ўдзячны i ўладыку Фiларэту, i Прэзiдэнту Беларусi за запрашэнне наведаць гэту зямлю. Белая Русь — адзiная, арганiчная частка гiстарычнай Святой Русi, спадчыны святога роўнаапостальнага князя Уладзiмiра, якой мы ўсе належым праз пераемнасць, якая захавалася i захоўваецца, у Праваслаўнай царкве. Нам часам здаецца, што тое, што было ў мiнулым, нас не вельмi датычыцца. У многiх людзей, на жаль, у тым лiку i пад уздзеяннем сучаснай адукацыi, фармiруецца памылковае ўяўленне аб мiнулым як пра тое, што было i чаго ўжо больш няма. Але мiнулае жыве. Уласна кажучы, сённяшняе — хуткацечнае, гэта толькi iмгненне. Я прамаўляю вам i маё слова ўжо ў мiнулым. Сённяшняе — гэта толькi мяжа памiж мiнулым i будучым. I калi мы занадта засяроджваем сваю ўвагу на сённяшнiм, забыўшы пра мiнулае i не думаючы пра будучае, мы робiм вялiкую памылку.

Патрыярх падкрэслiў, што гiсторыя чалавецтва — гэта жывая гiсторыя, i ўсё тое, што адбылося на беразе Дняпра, калi нашы продкi змылi свае грахi ў Кiеўскай купелi, мела вялiкае значэнне для ўсяго наступнага жыцця народа.

— Праз прычасце i наступнае выхаванне мы далучылiся да вечных i нязменных маральных i духоўных iсцiн i мэтаў Евангелля. Гэта сiстэма каштоўнасцяў выходзiць са Слова Божага, якая шмат разоў падмацоўвалася вопытам народа, яго мудрасцю, якая знайшла ўвасабленне ў творах мастацтва, культуры. Гэта сiстэма каштоўнасцяў жыве i сёння. I пакуль мы знаходзiмся ўнутры гэтай сiстэмы, мы, праваслаўныя хрысцiяне — ахоўнiкi запаветаў Хрышчэння Дняпроўскага, маем надзею захоўваць сваю самабытнасць, сваё духоўнае i культурнае аблiчча. Гэта мае непасрэднае значэнне ў сучасным свеце, дзе змешваюцца нацыянальнасцi i культуры, дзе ўсё ўзаемадзейнiчае, i дзе захаванне ўласнага, духоўнага рэлiгiйнага i культурнага пачатку ёсць вялiзная задача любой нацыi, якая жадае захавацца ў эпоху глабалiзацыi.

Прадстаяцель нагадаў, што тыя, хто належыць адзiнай Рускай царкве, украiнцы, рускiя, беларусы, малдаване, складаюць адно цывiлiзацыйнае грамадства. I гэта адзiнства мае вялiкае значэнне. "Можа не кожнаму сёння дадзена ўбачыць сэнс, глыбiню i ўсю важнасць гэтага адзiнства, — сказаў Найсвяцейшы. — Але тут, на Белай Русi, абсалютная большасць людзей разумее i розумам, i, што галоўнае, сэрцам, што азначае быць праваслаўным чалавекам, якi захоўвае вялiкiя запаветы продкаў".

Патрыярх падзякаваў духавенству i вернiкам Беларускай праваслаўнай царквы за iх працу, бо "без духоўнага складнiка не можа быць росквiту народу".

— Белая Русь заўсёды займала асаблiвае месца ў гiсторыi Усходняй праваслаўнай цывiлiзацыi, — заўважыў Найсвяцейшы Патрыярх. — Яна была яе заходнiм фарпостам, твар да твару яна знаходзiлася з iншымi культурамi i сусветамi. Не заўсёды гэта суiснаванне было мiрным, i таму так моцна пакутаваў беларускi народ. Але, магчыма, гэтыя пакуты, i гэта прынцыповасць у адстойваннi ўласнай iснасцi загартавала людзей, надала народу асаблiвыя рысы. З аднаго боку — мяккасць, чуллiвасць, працавiтасць, сардэчнасць, але з iншага — унутраную сiлу i здольнасць адстойваць свае ўласныя нацыянальныя i духоўныя iнтарэсы i каштоўнасцi.

Тут жа, на саборнай паперцi Патрыярх i Мiтрапалiт абмянялiся падарункамi. Абраз Божай Мацi быў падораны Беларускай праваслаўнай царкве i абраз Сабора беларускiх святых — Патрыярху.

Учора Патрыярх наведаў таксама Мiнскi храм-помнiк у гонар Усiх Святых, якi будуецца. Увечары адбыўся Урачысты Акт i канцэрт у Палацы Рэспублiкi. Там жа Найсвяцейшы сустрэўся з навуковай i творчай iнтэлiгенцыяй, прадстаўнiкамi царкоўнай i свецкай грамадскасцi.

Патрыярх наведаў Беларусь напярэдаднi свята Уздзвiжання Пачэснага i Жыватворнага Крыжа Гасподняга, якое не толькi Руская, але i Сусветная праваслаўная царква адзначае сёння. І сёння, у суботу, у сэрцы Праваслаўнай Беларусi — у Спаса-Ефрасiннеўскiм манастыры Полацка — Яго Святасць здзейснiць чын Уздзвiжання Крыжа. Крыж, якi будзе ўздзвiгаць Найсвяцейшы, — адноўлены старажытны сiмвал беларускага народа — уздзвiжальны Крыж святой Ефрасiннi Полацкай.

"... гэты Крыж як ключ, якiм адкрываюцца сэнсы беларускай гiсторыi, як свяцiльня, якой асвячаюцца сэрцы i розумы народа гэтай зямлi, i як меч, якiм ахоўваецца дзяржаўная годнасць Белай Русi", — сказаў пра гэту падзею ад iмя Сiнода Мiтрапалiт Фiларэт.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←Посольство КНР наградило победителей викторины «Что мы знаем о Китае?»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика