Азбука Морзэ як музыка...

Источник материала:  

Нацыянальную зборную па хуткаснай радыётэлеграфii, якая ў пяты раз перамагла ў камандным першынстве чэмпiянату свету, ушаноўвалi ў Мiнiстэрстве сувязi i iнфарматызацыi. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей і генеральны дырэктар РУП “Белтэлекам” Канстанцін Цікар.

З Балгарыi, дзе праходзiлi сусветныя спаборнiцтвы па хуткаснай радыётэлеграфii, беларускiя спартсмены прывезлi два званнi абсалютных чэмпiёнаў свету (сярод мужчын i сярод жанчын), 25 залатых, 13 сярэбраных, 4 бронзавыя медалi i 2 сусветныя рэкорды. Усяго — 42 медалi з 54 магчымых. Беларусы перамаглi ў шасцi з дзевяцi ўзроставых катэгорый. Другое каманднае месца — у зборнай Расii, на рахунку якой 36 медалёў, i трэцяе — у спартсменаў з Румынii (25 медалёў). Пачынаючы з 2003 года, зборная Рэспублiкi Беларусь па хуткаснай радыётэлеграфii з'яўляецца мацнейшай i ў Еўропе i ў свеце i нi разу не саступiла свайго першынства.

Намеснiк старшынi Цэнтральнага савета ДАСААФ Пётр Лебедзеў расказаў, што сумнавядомая прыродная катастрофа на Тайландзе, выклiканая цунамi, мела яшчэ адно нечаканае наступства. Калi адбылася трагедыя, усе лiнii сувязi былi разбураныя, i першы сiгнал SОS адправiлi ў эфiр радыёаматары. Таму ў Тайландзе было прынята рашэнне аб развiццi радыёаматарства на дзяржаўным узроўнi.

Для таго каб дасягнуць у радыёспорце поспехаў, акрамя iмгненнай рэакцыi i ўважлiвасцi трэба мець таксама ўнiкальную памяць, музыкальны слых i ўмець у самыя напружаныя моманты захоўваць "алiмпiйскi" спакой. Усе свае дзеяннi спартсмены ажыццяўляюць на электронным ключы — маленькай скрыначцы са складанай электронiкай. Гэты прыбор часта параўноўваюць з музычным iнструментам, паколькi ён надзвычай капрызлiвы i лёгка ламаецца.

У Беларусi радыёспорт развiваюць ДАСААФ i Мiнiстэрства адукацыi (у дамах тэхнiчнай творчасцi дзяцей i моладзi). Займацца хуткаснай радыётэлеграфiяй можна ў любым узросце, пачынаючы з 6-7 гадоў. У гэта цяжка паверыць, але абсалютнай чэмпiёнкай свету сярод дарослых спартсменак, прычым з вялiкiм адрывам, стала 15-гадовая беларуская школьнiца са Светлагорска Ганна Шэвяленка, якая здолела таксама заваяваць тры залатыя i адзiн сярэбраны медалi. Плюс ўстанавiла два сусветныя рэкорды.

Калi на двух апошнiх чэмпiянатах свету абсалютная перамога сярод жанчын была ў расiянак, то беларускiя мужчыны званне абсалютнага пераможцы ўтрымлiваюць з 2003 года. Шэсць гадоў таму абсалютным пераможцам стаў беларус Алег Астроўскi, затым двойчы перамагаў Андрэй Бiндасаў, якi цяпер з'яўляецца галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусi. А сёлета званне абсалютнага пераможцы зноў вярнуў сабе Алег Астроўскi.Чэмпiёнамi свету сталi таксама Мiкiта Кавалеўскi, якi выступаў у групе юнакоў ва ўзросце да 21 года, Мiкалай Гелясевiч (сярод мужчын-ветэранаў да 50 гадоў), Уладзiслаў Жалудкоў (сярод хлопчыкаў да 16 гадоў) i Наталля Фiлiповiч (сярод дзяўчатак да 16 гадоў).

Надзея НІКАЛАЕВА.

←Посольство КНР наградило победителей викторины «Что мы знаем о Китае?»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика