Вочы не бачаць, а рукi — робяць

Источник материала:  

Iнвалiды па зроку на Вiцебшчыне не стаяць у чарзе за льготамi, а адчуваюць сябе паўнацэннымi грамадзянамi краiны.

Пачну з таго, што больш за ўсё здзiвiла i парадавала пры знаёмстве са спецыфiчнай структурай.

Маю на ўвазе Вiцебскую абласную арганiзацыю грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства iнвалiдаў па зроку». Яе старшыня iнвалiд II групы па зроку Аляксандр Дубко ахвотна паказваў i расказваў, чым жыве калектыў абласной арганiзацыi, куды ўваходзiць 2700 чалавек. Каму дазваляюць узрост i здароўе, iмкнуцца працаваць. Пры гэтым прадпрыемствы вiцебскага ГА «БелТIЗ» вырабляюць прадукцыю, якой карыстаюцца мiльёны нашых суайчыннiкаў i нават не задумваюцца, што такiя штодзённа запатрабаваныя рэчы створаны рукамi дрэнна вiдушчых спецыялiстаў.

Для прыкладу, аршанскае прадпрыемства «ЭЛУIЗ» выпускае выключальнiкi аднаклавiшныя i двухклавiшныя, разеткi электрычныя розных тыпаў i найменняў, каробкi электрамантажныя, п’езазапальнiцы, цвiкi будаўнiчыя, шрубы i вiнты… Згадзiцеся, што ў кожнай кватэры, прыватным доме, любой арганiзацыi такiя рэчы запатрабаваныя.

А возьмем такiя тавары народнага спажывання, як шпiлькi для змацавання тканiн i адзення, паперы i жаночых прычосак, пруткi для ручнога вязання, сашчэпкi для мацавання папер, прышчэпкi для бялiзны, люстэркi, гузiкi… Проста не злiчыць усiх рэчаў, вырабленых руплiўцамi унiтарнага прадпрыемства «Мега-В» з Вiцебска. Сваю запатрабаваную прадукцыю выпускаюць iнвалiды па зроку прадпрыемстваў «Элект» у абласным цэнтры i з аднайменнай назвай у Полацку.

Вiдушчыя нават не задумваюцца, наколькi цяжэй справiцца з такой справай iнвалiдам па зроку. У асобных выпадках гэта можна параўнаць з подзвiгам.

Упэўнiцца ў гэтым мне дапамог Аляксандр Дубко. Спачатку ён даў мне пагартаць, а потым i падпiсаў зборнiк вершаў пад назвай «За все тебя благодарю…», выпушчаны ў мiнулым годзе мiнскiм выдавецтвам «Книгосбор». У кнiзе сабраны лепшыя вершы iнвалiдаў па зроку з усёй краiны. Прадмову да зборнiка напiсаў вядомы пiсьменнiк, лаўрэат Дзяржаўнай лiтаратурнай прэмii Беларусi, галоўны рэдактар часопiса «Вясёлка» Уладзiмiр Лiпскi. I няхай не крыўдуюць на мяне многiя маладыя i сталыя аўтары з адмысловым зрокам, але многiм бы з iх варта павучыцца бачыць свет, выказваць пачуццi паэтычным радком так, як гэта робяць iнвалiды па зроку Аляксей Капацкевiч, Алесь Шпыркоў, Надзея Нахаенка, Алена Богдан, Аляксандр Стасюк, Ала Хазава, Валянцiна Дворнiкава…

Абласны семiнар-вучоба па вывучэннi шведскага вопыту «Сучасныя тыфлатэхнiчныя сродкi рэабiлiтацыi. Арганiзацыя рабочых месцаў iнвалiдаў па зроку» запланаваны на сёння. У мерапрыемстве прымаюць удзел сябры са Швецыi, прадстаўнiкi мiжнароднага адукацыйнага праекта «Svefi Akademy». У межах праекта пройдуць семiнарскiя заняткi па абучэннi сляпых i са слабым зрокам нашых суайчыннiкаў новым камп’ютэрным тэхналогiям. Не менш цiкавыя заняткi з палкай (па-руску «трость»), сабакам-павадыром i тыфлаадаптарамi.

Запланавана наведванне Вiцебскага дзяржаўнага музычнага вучылiшча iмя Салярцiнскага. Ёсць задума стварэння аддзялення перанавучання iнвалiдаў па зроку Вiцебскай вобласцi па спецыяльнасцi «настройка i рамонт музычных iнструментаў». А гэта дадатковыя рабочыя месцы.

Таксама ў плане семiнара са шведскiмi сябрамi — экскурсiя па Вiцебску, наведванне музея Марка Шагала, краязнаўчага музея, сустрэча са старшынёй камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Вiцебскага аблвыканкама Мiхаiлам Ляшчынскiм, iншыя мерапрыемствы.

Асобнай публiкацыi патрабуе абласны агляд-конкурс «Клопат-2009» у межах парафестывалю аматарскай творчасцi iнвалiдаў. Удзел у iм прымаюць як iндывiдуальныя выканаўцы, так i дуэты, ансамблi, лепшыя групы i калектывы, прычым не толькi ў абласным цэнтры, а i на сцэнiчных пляцоўках у Лепелi i Оршы.

Як бачым, ГА «БелТIЗ» i яго структуры на месцах жывуць паўнакроўным i стваральным жыццём. Лiчыцца, што невiдушчы чалавек — замкнёны ў сябе. I сапраўды, для такiх iснуе мноства фiзiчных, псiхалагiчных, прасторавых i iншых бар’ераў. Таму прынятыя дзяржаўныя праграмы папярэджвання iнвалiднасцi i рэабiлiтацыi iнвалiдаў на 2009–2010 гады, стварэнне безбар’ернага характару жыццядзейнасцi фiзiчна аслабленых асоб дапамагаюць i невiдушчым «бачыць сонейка ў капельцы расы». Будзем спадзявацца, што ў мадэлi «жыцця навобмацак» не iснуе безвыходнага лабiрынта. Ва ўсякiм разе, трэба вiтаць, што 2700 вiцебскiх iнвалiдаў па зроку нярэдка бачаць гэты свет больш глыбока i мудра, чым вiдушчыя.

←Будзе забаронены рух па трасе Брэст — Мiнск

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика