Вакол Белавежскай пушчы створаць iнвестыцыйнае кальцо

Источник материала:  

3 кастрычнiка на царскай паляне будзе адзначацца 600-годдзе ўвядзення запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы. Чакаецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел некалькi тысяч чалавек з розных краiн свету.

Як паведамiў дырэктар Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Аляксандр Каваленя, каб дакладна вызначыць дату ўвядзення запаведнасцi, папярэдне праводзiлася вялiкая работа не толькi ў беларускiх архiвах, але i ў Санкт-Пецярбургу, Львове, Маскве, Варшаве. Паводле меркавання спецыялiстаў, доўгi час у гiсторыi гэтых адметных мясцiн заставаўся шэраг "белых плям". Таму навукоўцы ўвесь час знаходзяць невядомыя дагэтуль факты. На тэрыторыi пушчы пастаянна праводзяцца ўнiкальныя археалагiчныя раскопкi. Дарэчы, падчас такiх даследаванняў удалося вызначыць, што чалавек пачаў засяленне гэтай тэрыторыi больш чым 10 тысяч гадоў таму.

Здавалася б, пушча — адзiн з найбольш даследаваных краёў Беларусi, а дасюль тут знаходзяць невядомыя вiды флоры — грыбы, мiкраарганiзмы i г.д. Самы стары лес Еўропы па ўнiкальнасцi параўноўваюць з сельвай Амазонкi i трапiчнымi лясамi Мадагаскара. Нездарма, як адзначыў намеснiк мiнiстра iнфармацыi Аляксандр Слабадчук, Белавежская пушча заняла чацвёртае месца ў iнтэрнэт-галасаваннi па вызначэннi сучасных "цудаў свету" (усяго было 70 намiнантаў з розных дзяржаў).

На думку генеральнага дырэктара Нацыянальнага парка "Белавежская пушча" Мiкалая Бамбiзы, пытанне захавання прыродных комплексаў сярод найбольш актуальных як у Еўропе, так i ў ва ўсiм свеце. I беларускi вопыт адзначаецца мiжнароднымi экспертамi вельмi высока. У прыватнасцi, напрацоўкi айчынных спецыялiстаў узятыя на ўзбраенне польскiмi калегамi — па развiццi iх часткi пушчы. Раней у Польшчы нацыянальным паркам з'яўлялася толькi частка рэлiктавага лесу, а цяпер па рэкамендацыi Савета Еўропы гэтая тэрыторыя будзе значна павялiчана.

Як паведамiла начальнiк спецiнспекцыi дзяржкантроля за выкарыстаннем i аховай жывёльнага свету, вядзеннем паляўнiчай гаспадаркi i станам запаведнай справы Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мiнчанка, з польскiмi калегамi падпiсана пагадненне аб усебаковым супрацоўнiцтве. Таксама падрыхтаваны дакумент аб трансмежным узаемадзеяннi. Пытаннi супрацоўнiцтва, магчыма, будуць абмеркаваны падчас святкавання 600-годдзя ўвядзення запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы, куды запрасiлi мiнiстраў прыродных рэсурсаў шэрагу краiн.

Дарэчы, на падрыхтоўку да ўрачыстага мерапрыемства толькi з фонду аховы прыроды выдаткавана больш чым 5 мiльярдаў рублёў. А ўсяго ў гэтым былi задзейнiчаны 30 мiнiстэрстваў. Як адзначыў намеснiк кiраўнiка спраў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Раманоўскi, уведзены ў эксплуатацыю шэраг новых аб'ектаў. У прыватнасцi, наведвальнiкаў будзе прымаць новы музей прыроды. Па меркаваннi спецыялiстаў, гэта адна з лепшых устаноў такой накiраванасцi ў Еўропе. Плошча музея ўдвая большая за тую, што была раней.

Уведзена ў эксплуатацыю новая гасцiнiца. Цяпер адначасова на тэрыторыi пушчы могуць пражываць 250 чалавек. Поўнасцю рэканструяваны i рэстаранны комплекс. Праведзена сур'ёзная рэканструкцыя дэманстрацыйных вальераў. Для супрацоўнiкаў нацпарка пабудавана 35 камфартабельных дамоў. Як заўважыў Аляксандр Раманоўскi, пераўтварыўся i пасёлак Камянюкi — тут адрамантаваны шэраг будынкаў, праведзена грунтоўнае добраўпарадкаванне, рэканструяваны i пабудаваны дарогi, заменены каналiзацыйныя, водаправодныя i цеплавыя сеткi.

За мiнулы год Белавежскую пушчу наведалi больш чым 280 тысяч чалавек. Гэта ўдвая перавышае колькасць турыстаў, якiя прыязджалi сюды яшчэ некалькi гадоў таму. У нацпарку створаны сучасныя ўмовы для прыёму гасцей. Як адзначыла намеснiк мiнiстра адукацыi Таццяна Кавалёва, такiя пазiтыўныя змяненнi дазваляюць пашырыць магчымасцi ў плане экалагiчнай адукацыi. Некалькi дзён таму тут праводзiўся фiнал рэспублiканскага конкурсу "Прырода Белавежскай пушчы вачамi дзяцей". З 2,7 тысячы работ, што былi прадэманстраваныя, адабралi 102 лепшых.

У наступную суботу на царскай паляне адбудзецца вялiкая культурная праграма. Як паведамiў намеснiк мiнiстра культуры Вiктар Кураш, пройдуць тры канцэрты, удзел у якiх возьмуць артысты з Расii, Польшчы i Лiтвы. На мерапрыемства завiтаюць Аляксандра Пахмутава i Мiкалай Дабранраваў — аўтары легендарнай песнi "Белавежская пушча". Адметна, што выступленнi артыстаў пройдуць не толькi ў Камянецкiм, але i ў блiжэйшых раёнах.

У перспектыве плануецца пабудаваць на тэрыторыi нацпарка этнаграфiчную вёску. Для гэтага паселiшча ўжо цяпер ёсць шэраг экспанатаў — напрыклад, курная хата ХVI стагоддзя. Мяркуецца, што наведвальнiкаў гэтай вёскi будуць частаваць старадаўнiмi стравамi. Напэўна, такi аб'ект будзе карыстацца папулярнасцю i прыцягне дадатковую колькасць турыстаў. Белавежская пушча выклiкае зацiкаўленасць i iнвестараў. Iм дадуць магчымасць разгарнуцца, але толькi не на тэрыторыi нацпарка. Як паведамiў Мiкалай Бамбiза, вакол Белавежскай пушчы плануецца стварыць iнвестыцыйнае "кальцо", дзе будзе развiвацца сфера для арганiзацыi адпачынку — гасцiнiцы, рэстараны, кавярнi, кемпiнгi i г.д. Ужо прапрацоўваюцца варыянты для магчымых укладанняў. Спецыялiсты перакананыя: такая прапанова абавязкова будзе запатрабаваная сярод iнвестараў.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ.

←ЭТО НАДО КАЖДОМУ ИЗ НАС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика