Інвалiды: хто яны?

Источник материала:  

У Беларусi будзе праведзены манiторынг становiшча iнвалiдаў — пра гэта паведамiла намеснiк начальнiка ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi насельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рыта Сушко.

Манiторынг плануецца правесцi ў рамках праекта мiжнароднай тэхнiчнай дапамогi "Садзейнiчанне Рэспублiцы Беларусь у далучэннi да Канвенцыi ААН па правах iнвалiдаў", пры гэтым абследаванне пройдзе ў два этапы: спачатку падчас спецыяльнага "пiлотнага" праекта на тэрыторыi Баранавiцкага раёна, а затым — у агульнанацыянальным маштабе. У прыватнасцi, у Баранавiцкiм раёне будуць апытаныя 200, а ў межах усёй краiны — 5000 iнвалiдаў па ўсiх рэпрэзентатыўных групах. Асноўныя мэты манiторынгу — вызначыць прычыны iнвалiднасцi, пол i ўзрост людзей з абмежаванымi магчымасцямi, вывучыць, наколькi яны могуць удзельнiчаць у культурным i спартыўным жыццi, выслухаць меркаваннi наконт стану безбар'ернага асяродка.

На падставе манiторынгу плануецца ацанiць, наколькi наша краiна гатовая да далучэння да Канвенцыi, а таксама распрацаваць рэкамендацыi па аптымiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў дачыненнi да гэтай катэгорыi грамадзян з улiкам iх рэальнай патрэбы. У прыватнасцi, ёсць намер выкарыстаць вынiкi даследавання падчас распрацоўкi Дзяржаўнай праграмы па паляпшэннi становiшча iнвалiдаў на 2011—2015 гады, а, магчыма, таксама — i для змянення заканадаўства. Пры гэтым, нагадала Рыта Сушко, з 23 кастрычнiка ў Беларусi пачнуць дзейнiчаць змяненнi i дапаўненнi ў некаторых законах па пытаннях сацыяльнай абароны iнвалiдаў. Адна з адметных навацый у гэтым плане — увядзенне дадатковых стымулаў для грамадскiх аб'яднанняў iнвалiдаў, якiя маюць уласную вытворчасць, не толькi для стварэння, але i для захавання працоўных месцаў для людзей з абмежаванымi магчымасцямi.

Апроч таго, паведамiла Рыта Сушко, прынятае рашэнне аб iнвентарызацыi ўсiх аб'ектаў сацыяльнай iнфраструктуры на прадмет адпаведнасцi стандартам па стварэннi безбар'ернага асяродка. Напрыклад, стандартамi вызначаныя пэўныя градус пандусаў, вышыня борцiкаў, дыяметр поручня. Аднак, канстатуюць у мiнiстэрстве, часам гэтыя патрабаваннi не вытрымлiваюцца, а адсюль вынiк — нягледзячы на абсталяванне сацыяльных аб'ектаў i жылля спецпрыстасаваннямi, у рэальнасцi карыстацца iмi iнвалiды не могуць. "Часта даводзiцца чуць, што выкананне стандартаў немагчымае чыста тэхнiчна, аднак падобныя спасылкi — слушныя не заўсёды, — заўважыла Рыта Сушко. — Сапраўды, можна пагадзiцца: пашырыць тую ж лiфтавую шахту пад габарыты каляскi ў дамах старой пабудовы часам нерэальна. Аднак праблему можна вырашыць iншым чынам — скажам, дзякуючы часовым прыстасаванням, якiя дазваляюць чалавеку на калясцы спускацца i падымацца па лесвiчных маршах".

Дарэчы, статыстыка сведчыць, што ў пачатку жнiўня ў Беларусi налiчвалася 507 тыс. iнвалiдаў — гэта на 1,3 тыс. чалавек менш, чым у пачатку года. Разам з тым, тут прасочваюцца некаторыя новыя тэндэнцыi. Як зазначыла Рыта Сушко, апошнiм часам у краiне назiраецца змяншэнне колькасцi дзяцей-iнвалiдаў i iнвалiдаў у працаздольным узросце, i ў той жа час колькасць iнвалiдаў у пенсiйным узросце расце.

Сяргей ГРЫБ.

←ЭТО НАДО КАЖДОМУ ИЗ НАС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика