Парушыў — навучаць

Источник материала:  

Твае правы

Пры выяўленнi фактаў парушэння правiлаў па ахове працы, якiя прывялi або могуць прывесцi да няшчаснага выпадку на вытворчасцi, Федэрацыя прафсаюзаў будзе накiроўваць кiраўнiкоў, спецыялiстаў i работнiкаў арганiзацый на пазачарговыя праверкi ведаў i iнструктажы па тэхнiцы бяспекi. Аб гэтым паведамiў галоўны тэхнiчны iнспектар працы ФПБ Аляксандр Зайцаў.

Штогод тэхнiчная iнспекцыя прафсаюзаў правярае каля 7 тысяч прадпрыемстваў, прычым у сярэднiм падчас адной праверкi высвятляецца каля 10 парушэнняў правiлаў па ахове працы. Іх тыповыя прычыны — выкарыстанне няспраўнай тэхнiкi i прыстасаванняў, што не адпавядаюць патрабаванням бяспекi, незабеспячэнне работнiкаў спецадзеннем, спецабуткам i iншымi сродкамi iндывiдуальнай абароны, а таксама неправядзенне праверак ведаў i iнструктажаў па ахове працы. Апошняе, да слова, найбольш актуальнае для арганiзацый недзяржаўнай формы ўласнасцi.

У сувязi з гэтым, Федэрацыя прафсаюзаў пачне актыўна карыстацца сваiм правам накiроўваць кiраўнiкоў, спецыялiстаў i работнiкаў на пазачарговую праверку ведаў па тэхнiцы бяспекi — практыка паказвае, што менавiта адсутнасць ведаў па арганiзацыi вытворчасцi становiцца прычынай няшчасных выпадкаў. Накiраванне будзе адбывацца на падставе спецыяльных i абавязковых для выканання прадстаўленняў тэхнiчных iнспектараў працы. Калi ж гэтыя прадстаўленнi ўсё ж будуць iгнаравацца, то па кожным такiм факце прафсаюзы маюць намер звяртацца ў пракуратуру на падставе Закона "Аб ахове працы".

Адным з вострых пытанняў застаецца непасрэдна квалiфiкацыя няшчасных здарэнняў. Не так даўно iнцыдэнты, што адбылiся з работнiкамi ў стадыi алкагольнага ап'янення, адназначна ацэньвалiся як невытворчыя — адпаведна, з пазбаўленнем правоў пацярпелых на выплаты па лiнii "Белдзяржстраха" i выплат па калектыўных дагаворах. Сёння сiтуацыя змянiлася. "Калi работнiк не здзяйсняў крадзяжу i iншых парушэнняў закону, траўмы ў стадыi алкагольнага ап'янення па нашым патрабаваннi вызначаюцца як вытворчыя, — зазначае Аляксандр Зайцаў. — Так, можна пагадзiцца: работнiк тут вiнаваты. Але адначасова вiнаваты i наймальнiк, якi не пракантраляваў сiтуацыю i своечасова не адхiлiў чалавека нападпiтку ад выканання працоўных абавязкаў. Таму пазiцыя прафсаюзаў на гэты конт прынцыповая — работнiк i наймальнiк павiнны несцi адказнасць разам".

Прафсаюзы будуць настойваць на прынцыпе "салiдарнай адказнасцi" i ў iншых спрэчных сiтуацыях, не звязаных з ужываннем алкаголю.

— Адзiн з апошнiх такiх выпадкаў адбыўся на Брэстчыне, дзе падчас перапынку на абед кiроўца пагрузчыка ад'ехаў на колькi сотняў метраў перакусiць на свой дачны ўчастак, а потым трапiў пад колы машыны пры запуску рухавiка, — працягвае галоўны тэхнiчны iнспектар ФПБ. — Фармальна здарэнне адбылося зноў-такi падчас перапынку i не на працоўным месцы. Разам з тым мы схiльныя расцэньваць iнцыдэнт як вытворчы i будзем адстойваць свой пункт гледжання аж да пракуратуры i суда. Бо, па-першае, узнiкае пытанне: чаму работнiку не былi арганiзаваныя нармальныя ўмовы для харчавання? А па-другое, зразумела: нiчога страшнага тут не адбылося б, калi б была спраўнай блакiроўка рухавiка — гэта не дазволiла б пагрузчыку "раптам" завесцiся пры ўключанай перадачы.

Мiж тым, прафсаюзы працягнуць практыку праверак тэхнiкi бяспекi на падставе як пiсьмовых, так i вусных зваротаў работнiкаў. "Абмежаванне па праверках не датычыцца сiтуацый, звязаных з забеспячэннем бяспекi людзей, таму нiякiх парушэнняў заканадаўства тут няма, — заўважыў Аляксандр Зайцаў. — Пры гэтым тэхнiчныя iнспектары ў тым лiку будуць наведваць арганiзацыi, дзе няма свайго прафсаюза".

Сяргей ГРЫБ.

←ЭТО НАДО КАЖДОМУ ИЗ НАС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика