Таямнiца Парнiковага завулка

Источник материала:  

Наўздагон

Плошча самай вялiкай кватэры Мiнска выдуманая?

"Беларуская Рублёўка", iнакш i не назавеш элiтны квартал па завулку Парнiковым, 13 у Мiнску. Як мы ўжо пiсалi, згодна са звесткамi Беларускага кадастравага агенцтва, менавiта на гэтым завулку размешчаная самая вялiкая кватэра ў сталiцы — ажно на 12 пакояў агульнай плошчай 797,2 кв.м. Згодна з тымi ж звесткамi вядома таксама, што размешчана яна ў трохпавярховым доме.

Каб паглядзець на цуда-кватэру i яе ўладальнiкаў, я з'ездзiў па вышэй прыведзеным адрасе i пачаў пошукi патрэбнай кватэры. Але зрабiць гэта насамрэч было не так i проста, як падаецца на першы погляд.

Таямнiца Парнiковага завулкаДом разбiты на пад'езды, да кожнага з якiх вядуць адмысловыя вароты, замкнёныя. Побач — дамафон. Усяго выходзiць чатыры кватэры. У першай мне адказала прыслуга. Гаспадароў, маўляў, няма, размаўляць з вамi не маю права. Калi вернуцца, сказаць таксама не магу, забаронена. Павiнны быць вечарам, а якой гадзiне, не ведаю, а хатнi нумар тэлефона даць не магу. Прабачце.

У другой кватэры мужчынскi голас у дамафоне адказаў, што мае звесткi памылковыя, а плошча яго кватэры меншая: "колькi ёсць — столькi ёсць, мне хапае". На маю просьбу пагаварыць, адказаў адмоўна.

У трэцяй кватэры дамафон маўчаў, на iм яшчэ павуцiнне гойдалася: вiдаць, гаспадары ў хату прыязджаюць не часта. З-пад варот жа, грозна рыкаючы, нецярплiва высоўвалася сабачая пыса. Хоць надпiсу "Асцярожна, злы сабака" i не было, але i без яго было зразумела, лавiць няма чаго.

Я ўжо збiраўся сыходзiць, як заўважыў машыну, што ехала ў кiрунку гэтага дома. Мне пашанцавала, гэта быў жылец яшчэ адной кватэры з гэтага дома.

Вылезшы са свайго хуткаснага i дарагога чорнага каня, мужчына доўга ўзiраўся ў маё журналiсцкае пасведчанне, пасля чаго зрабiў заключэнне: "Ваша iнфармацыя не адпавядае рэчаiснасцi. Наўрад цi вы знойдзяце тут такую кватэру". Тады я запытаў, колькi пакояў у яго кватэры.

— У мяне 5 пакояў, але плошча iх больш чым 200 кв. м. не будзе. Так што нiчым дапамагчы не магу. Вiдаць, у вашых звестках лiчылi ўвесь дом. Разам, яно, можа, i набярэцца на кватэру з 12 пакояў. Выбачайце, няма калi з вамi размаўляць...

Атрымоўваецца, альбо жыльцы памыляюцца, альбо памылiўся складальнiк рэестра.

— Апошняе можа i магчыма, але цалкам малаверагодна. Пры рэгiстрацыi здзелкi аб куплi-продажы заўсёды правяраецца тэхпашпарт аб'екта, — патлумачыў "Звяздзе" начальнiк аддзела ацэнкi зямель Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзмiтрый Рытвiнскi. — Iншая рэч, вы не з усiмi жыльцамi паразмаўлялi. Усё завязана на сiстэме рэгiстрацыi маёмасцi. Гэта цэлы механiзм, у якiм разбiраюцца пераважна спецыялiсты. I iнфармацыя, якую мы прыводзiм на сайце, прызначана толькi для зацiкаўленых асобаў. Увогуле звесткi для нашага сайта мы бяром у Адзiным дзяржаўным рэгiстры нерухомай маёмасцi (АДРНМ). I калi там была ўказаная лiчба 792,2 кв. м. — значыць так i было.

Як мне патлумачылi ў Мiнскiм гарадскiм агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i замельным кадастры, iнфармацыя аб плошчы, уласнiку i ўмовах здзелкi рэгулюецца Законам аб дзяржаўнай рэгiстрацыi маёмасцi, таму гэта iнфармацыя можа быць дадзена толькi зацiкаўленым асобам, якiмi журналiсты ў гэтым выпадку не з'яўляюцца.

Так што пагаварыць i ўбачыцца з гаспадаром самай вялiкакватэрнай па афiцыйных звестках сталiчнай кватэры ў мяне не атрымалася. А так карцела спытаць, колькi гасцей можа змясцiцца ў такой кватэры... Але мо i сапраўды такой кватэры не iснуе, як кажуць жыхары з Парнiковага завулка?

Некалi адзiн рускi пiсьменнiк напiсаў свой генiяльны раман "Мёртвыя душы". Цiкава, калi б ён жыў у наш час, цi ўзяўся б за раман пад назвай "Мёртвыя кватэры"?

Iлья Лапато.

←ЭТО НАДО КАЖДОМУ ИЗ НАС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика