У колькi абыдзецца Беларусi чэмпiянат свету-2014 па хакеi?

Источник материала:  

Ва Урадзе падлiчылi даходы i выдаткi

Учора пад старшынствам кiраўнiка Урада Сяргея Сiдорскага прайшло пасяджэнне аргкамiтэта па падрыхтоўцы да правядзення чэмпiянату свету па хакеi, якi прыме беларуская сталiца з 9 па 25 мая 2014 года. Як паведамiў мiнiстр спорту i турызму Алег Качан, яго мiнiстэрствам сумесна з Мiнiстэрствам фiнансаў складзены папярэднi каштарыс расходаў i даходаў сусветнага першынства. Пры сярэдняй наведвальнасцi матчаў у 6 тысяч чалавек i колькасцi турыстаў, якiх, як плануецца, прыме Мiнск каля 50 тысяч (за аналаг прымалася наведвальнасць чэмпiянату свету па хакеi 2007 года ў Маскве), даход складзе 53,3 мiльёна еўра, у тым лiку 10,5 мiльёна еўра — ад продажу бiлетаў, 42 мiльёны еўра — ад прыёму замежных турыстаў, 684 тысячы еўра — ад прыёму прадстаўнiкоў СМI, якiх чакаецца каля 300. Пры гэтым мiнiстр заўважыў, што ўсе правы на тэлетрансляцыi матчаў i рэкламу, а таксама сродкi ад iх атрыманыя, згодна з рэгламентам спаборнiцтваў, належаць Мiжнароднай федэрацыi хакея.

У колькi абыдзецца Беларусi чэмпiянат свету-2014 па хакеi?Мяркуецца, правядзенне спаборнiцтваў абыдзецца нашай краiне ў 32,9 мiльярда рублёў, у тым лiку 19,1 мiльярда рублёў будзе выдаткавана з бюджэту, а 13,8 мiльярда — з пазабюджэтных крынiц. Бюджэтныя сродкi плануецца патрацiць на пражыванне i харчаванне камандаў, трэнераў, суддзяў, афiцыйных асобаў у гатэлях "Мiнск", "Еўропа", "Crowne Plaza", "Вiкторыя", на забеспячэнне працы прэс-цэнтраў, медыцыну, допiнг-кантроль, арэнду памяшканняў, лядовых арэн i канферэнц-залаў, аўтатранспарту, у тым лiку машын хуткай дапамогi i пажарных, культурна-забаўляльную праграму, у прыватнасцi цырымонii адкрыцця i закрыцця спаборнiцтваў. Пазабюджэтныя сродкi пойдуць на правядзенне кангрэсу Мiжнароднай федэрацыi хакея, якi па традыцыi павiнна арганiзаваць краiна-гаспадыня, а таксама на вытворчасць бiлетаў i сувенiрнай прадукцыi, арганiзацыю забаўляльнай праграмы для гасцей, аплату працы суддзяў, даплату на харчаванне спартсменаў, трэнераў, суддзяў, валанцёраў, афiцыйных асобаў.

Аднак гэта толькi прамыя выдаткi. Падрыхтоўка да чэмпiянату свету, якая пачалася даўно, уключае ў сябе яшчэ шэраг расходаў. Будаўнiцтва "Мiнск-Арэны" амаль скончана, яе гатоўнасць складае цяпер, паводле слоў мiнiстра, 90 працэнтаў. Другая лядовая пляцоўка, "Чыжоўка-Арэна", цалкам павiнна быць пабудавана праз тры гады. Кошт праектных работ гэтага збудавання — 2 мiльярды рублёў, агульны кошт будаўнiцтва — каля 500 мiльярдаў. Для будаўнiцтва будуць выкарыстаныя iнвестыцыйныя сродкi ГД "Ждановiчы" i гарадскога бюджэту. Для рассялення шматлiкiх гасцей чэмпiянату будуць выкарыстоўвацца ўсе сталiчныя гасцiнiцы, 12 з iх знаходзяцца зараз на стадыi атрымання катэгорыi 2-3 зоркi, паведамiў Алег Качан. Яшчэ чатыры гасцiнiцы будуць пабудаваныя ў Мiнску да 2014 года — зямельныя ўчасткi пад будаўнiцтва ўжо выдаткаваныя. Гэтыя гасцiнiцы з'явяцца на перакрыжаваннi вулiц Кiрава i Ленiна, на вулiцы Прытыцкага, побач са стадыёнам "Дынама" i побач з пляцоўкай "Чыжоўка-Арэна". Плануецца i выкарыстанне iнтэрнатаў сталiчных ВНУ i студэнцкай вёскi на 7 тысяч месцаў, якая будзе пабудаваная да 2011 года. Акрамя ўсяго, да паслуг гасцей чэмпiянату пансiянаты i дамы адпачынку сталiчнай вобласцi. Акрамя таго, на перакрыжаваннi сталiчнай вулiцы Макаёнка i праспекта Незалежнасцi будуць пабудаваныя жылыя комплексы для гасцей сусветнага першынства, якiя затым будуць рэалiзаваныя насельнiцтву. Цяпер у сталiцы 1785 аб'ектаў грамадскага харчавання на 125 тысяч месцаў. Да 2014 года iх колькасць павялiчыцца да 136 тысяч месцаў.

Да сусветнага першынства плануецца мадэрнiзаваць i транспартную iнфраструктуру. Запланаваная рэканструкцыя аэрапорта "Мiнск-2" з будаўнiцтвам другой узлётна-пасадачнай паласы, што абыдзецца ў 220—230 мiльёнаў долараў. Хоць, як заўважыў мiнiстр, iнфраструктура нацыянальнага аэрапорта дазваляе забяспечыць мiжнародныя перавозкi на ўзроўнi, якi адпавядае правядзенню чэмпiянату свету. У Мiнску плануецца пабудаваць чатыры транспартныя развязкi, адрамантаваць i рэканструяваць усе дарогi, якiя вядуць да аб'ектаў, што будуць выкарыстоўвацца падчас чэмпiянату свету i дзе будуць пражываць яго ўдзельнiкi. Агульная сума гэтых работ — 2,3 трыльёна рублёў, сродкi будуць выдаткаваныя з рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў. Акрамя таго, да 2014 года дэпартамент "Белаўтадар" плануе рэканструяваць па параметрах першай катэгорыi (з чатырма палосамi руху) дарогi ад Мiнска да Магiлёва i Бабруйска, часткова рэканструяваць участкi трас Мiнск—Гродна i Мiнск—Вiцебск.

Як паведамiў Алег Качан, сумесна з Мiнiстэрствам фiнансаў запланаваны выпуск спецыяльнай латэрэi, прысвечанай сусветнаму першынству. Яе розыгрыш будзе праходзiць са студзеня 2013 года па май 2014-га.

Падчас чэмпiянату свету ў Мiнск прыедзе 16 камандаў-удзельнiц, а гэта больш за 530 спартсменаў, а таксама трэнеры, суддзi, прадстаўнiкi Мiжнароднай федэрацыi хакея, плануецца акрэдытаваць больш за 300 замежных журналiстаў. У якасцi балельшчыкаў чакаецца прыезд каля 50 тысяч гасцей з Еўропы, Азii i Амерыкi.

Алена АЎЧЫННIКАВА.

←ЭТО НАДО КАЖДОМУ ИЗ НАС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика